Новости Молодечно и Молодечненского района

Арнілолаг Халадзінскі: «У птушак таксама бывае стрэс»

  • 2017-03-29 11:48:11
  • Ірына Рабушка

З ім па некаторых пытаннях экалогіі кансультуюцца як аднадумцы, захопленыя арніталогіяй, так і спецыялісты з мясцовай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, цэнтра кальцавання птушак пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, іншых зацікаўленых службаў.

Дзмітрый Дзмітрыевіч заўважае, што некаторыя пералётныя птушкі даўно прызвычаіліся да нашага клімату. Напрыклад, беларускі край аблюбавалі зяблікі і чорныя дразды, якіх можна ўбачыць у прыродзе на працягу года. Раней яны прыляталі да нас на лета, а зімавалі ў рэгіёнах Міжземнамор’я, Каўказа, у іншых шыротах. Неактуальнае ўжо меркаванне наконт таго, што першымі вясной на Беларусь вяртаюцца з цёплых краёў гракі. Гэтыя птушкі таксама прызвычаіліся да нашага надвор’я.

— Першымі прылятаюць жаваранкі і шпакі, — гаворыць аматар-арнітолаг. – Дарэчы, хачу сказаць у абарону шпакоў: многія абывацелі памылкова думаюць, што яны псуюць завязі на пладовых дрэвах. А менавіта гэтыя птушкі знішчаюць насякомых-шкоднікаў і такім чынам зберагаюць будучы ўраджай. Рацыён нашых крылатых памочнікаў на 99 працэнтаў складаецца з вусеняў ды жучкоў.

Як вядома, людзі робяць для птушак шпакоўні і часам не разумеюць, чаму ў адных доміках яны абжываюцца, а іншыя мінаюць.

— Для іх вырабу трэба выкарыстоўваць толькі натуральную сыравіну – лепш звычайную негабляваную дошку ці пустацелую бярозавую цурку. Ні ў якім разе шпакоўні нельга фарбаваць і аздабляць якім-небудзь упрыгажэннем. Адтуліна, праз якую птушкі трапляюць у домік, павінна быць у дыяметры пяць сантыметраў. Размяшчаць шпакоўні на дрэвах трэба прыкладна на вышыні сямі метраў ад зямлі, — расказвае Д. Халадзінскі.

Кожную вясну ў нашу краіну прылятае больш за 40 відаў птушак. Гэтымі днямі можна заўважыць чароды жаваранкаў, сітавак, аўсянак, гусей ды качак. Крыху пазней закурлыкаюць жураўлі і загучаць залівістыя трэлі салаўёў.
Нярэдка крылатыя сябры спыняюцца і ў маладзечанскага арнітолага – на яго прысядзібным участку, што знаходзіцца ў прыватным сектары горада. Тут абсталяваныя прасторныя вальеры-птушнікі, на дрэвах размешчаны шпакоўні і іншыя прыстасаванні, якія завабліваюць іх. Напэўна, адчуваюць, што ім тут заўсёды рады. Але Дзмітрый супраць таго, каб людзі без ведання справы падкормлівалі дзікіх птушак. Гэтым можна нашкодзіць прыродзе.

— Мала хто задумваўся над тым, што ў нашых крылатых сяброў, як і ў людзей, бывае стрэс. І такія сітуацыі мы ствараем самі. Штогод тысячы птушак ва ўсім свеце гінуць ад успышак феерверкаў, — зазначае ён.  

… У гаспадарцы арнітолага 150 галубоў розных відаў, дзясяткі дэкаратыўных і рэдкіх птушак. Ёсць і экзатычныя сябры — канарэечны юрок (жыхар Канарскіх астравоў), белапаясы крыжадзюб (насельнік хвойных лясоў Паўднёва-Заходняй Афрыкі, Паўднёвай і Цэнтральнай Азіі і Амерыкі, Філіпін), звычайны шчур (з таежных шырот).

— Гадоў 10-20 таму гэтыя птушкі ў Беларусі ў жывой прыродзе наогул не сустракаліся. А цяпер мы чуем іх песні і пералівы. Усяму віной – пацяпленне клімату, — зазначае субяседнік. – Канарэечны юрок, дарэчы, аблюбаваў Маладзечаншчыну.

Як птушкі трапляюць да Дзмітрыя? Большасць ён падбірае хворымі ў час вандровак па родным краі або іх прыносяць знаёмыя. Самы дарослы гадаванец – крумкач, які жыве ў яго ўжо 27 гадоў і нават навучыўся гаварыць сваё імя, асобныя словы і сказы. Яшчэ птушанём Карлуша выпаў з гнязда ў лясным масіве ля Мясаты.    

Дзмітрый Дзмітрыевіч адрознівае галасы абсалютна ўсіх птушак.
— Чуеце, гэта верабей чырыкае?! А яго песню перабівае сініца. І далучаецца канаплянка – мая любімая «спявачка», — каменціруе спевы арнітолаг.

Дзень за днём вясна больш смела ўступае ў свае правы. І ўсё гучней чуваць хор крылатых сяброў. Апошнім, дарэчы, недзе ў сярэдзіне мая прылятае ў Беларусь звычайны чаронашнік. Гэта птушка ледзь паспявае падгадаваць дзетак і першай (у канцы лета) вяртаецца на зімоўку ў Паўднёвую і Паўднёва-Усходнюю Азію. Ці будуць радаваць нас крылатыя сябры сваімі спевамі праз год, у многім залежыць ад таго, наколькі беражлівымі мы бу-
дзем да прыроды.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.