Новости Молодечно и Молодечненского района

Арцём Русакевіч: «Працаваць дрэнна не маем права»

  • 2019-02-19 11:28:41
  • Алег Бяганскі

Да таго як узначаліць «Рамбыттэхніку», Арцём Мікалаевіч меў багаты арганізацыйны і жыццёвы вопыт. За яго плячамі былі вучоба ў Акадэміі МУС, служба ў РАУС і ва ўпраўленні па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Мінскай вобласці.

Добрай школай гаспадарання была работа ў ААТ «Беразінскае» спачатку ў якасці намесніка дырэктара, а потым і кіраўніка.

— Дырэктарам «Рамбыттэхнікі» быў прызначаны ў 2016 годзе, – гаворыць Арцём Русакевіч. – Тады завод перажываў не лепшыя часы: з прадпрыемствам спыніў супрацоўніцтва замежны партнёр. Аб’ёмы вытворчасці ўпалі на 70 працэнтаў.

Пасля далучэння ў 2015 годзе Маладзечанскага РКБА да «Рамбыттэхнікі» былі захаваныя ўсе напрамкі дзейнасці і рабочыя месцы, але ў выніку рэарганізацыі вытворчасць пазбавілася абаротных сродкаў. Трэба было рабіць тэрміновыя крокі па выпраўленні сітуацыі.

— Перш за ўсё мы ацанілі рэзервы прадпрыемства, вызначылі новыя напрамкі развіцця, — адзначыў субяседнік.
За кароткі час быў наладжаны выпуск металаканструкцый. Цяпер завод рамантуе і рэканструюе стрэлачныя пераводы, вырабляе абсталяванне для малочнатаварных ферм, выконвае іншыя заказы. Запрацавалі станцыя тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў, шынамантаж, быў адкрыты магазін аўтазапчастак.

Гонарам прадпрыемства з’яўляецца новая пральня з сучасным высокатэхналагічным абсталяваннем, якое закупілі на сродкі ад продажу часткі маёмасці, што належала таварыству. Цяпер пральня працуе ў паўтары змены. Яна прыносіць прыбытак. У планах выйсці на трохзменны рэжым работы.

Паспяхова развіваюцца і традыцыйныя напрамкі дзейнасці завода -- ювелірныя паслугі, цырульні, швейны цэх, сельскія комплексныя прыёмныя пункты. Рост аб’ёмаў вытворчасці на прадпрыемстве ў мінулым годзе склаў 126 працэнтаў.

Больш падрабязна -- у "Маладзечанскай газеце" за сераду, 20 лютага.

Фота: Алег БЯГАНСКІ.