Імя, знешнасць ды выдатныя здольнасці – на жаль, гэта ўсё, што засталося ў Алеся ад бацькоў… З маленства ён гадаваўся не ў сям’і.
— Алесь у нашай школе з першага класа, яго прывезлі з Жо-дзінскага дзіцячага дома, — расказвае настаўніца Аксана Поклад. – Бацькі ні разу не прыязджалі, не цікавіліся яго лёсам. Родных братоў і сясцёр у яго няма. Час ад часу яго наведвае дзядзька з Барысава, зрэдку забірае ў сваю сям’ю. Наша школа, наш клас, у якім займаецца 19 хлопчыкаў і дзяўчынак, замянілі Алесю сям’ю. У апошнія гады ў школе разам з нашымі выхаванцамі вучацца дзеці з гарпасёлка, навакольных вёсак. І яны знаходзяць паразуменне, сябруюць, чым мы вельмі задаволены.
Аксана Алегаўна расказвае, што Алесь Сманцар адзін з самых здольных вучняў у класе, яе найпершы памочнік. Асаблі-ва добра даецца яму матэматыка, ён нават самастойна праходзіць тэмы наперад, па просьбе настаўніцы дапамагае аднакласнікам. Памяць у хлопчыка выдатная: новы матэрыял засвойвае з першага разу. Ён па характары лідар, вельмі жывы, жвавы, рухавы. Займаецца грэка-рымскай барацьбой, падабаецца яму баскетбол, веласпорт. З задавальненнем ходзіць на заняткі ў гуртку паперапластыкі, у яго хапае ўседлівасці ствараць з паперы розныя фігуры.
— А яшчэ Алесь ветлівы, выхаваны, вельмі кантактны. Гэтыя якасці ў яго ад прыроды, — дзеліцца педагог. – Ён ніколі не забудзе сказаць «дзякуй», заўсёды адчыніць мне дзверы ў клас. Іншы раз і да настаўніцкай прыйдзе, каб правесці мяне на ўрок.
Гэтай зімой Алесь пабываў на аздараўленні ў Італіі, вярнуўся з незабыўнымі ўражаннямі і з падарункамі. Але найлепшым падарункам для хлопчыка была б добрая сям’я, якая прыняла б яго, як роднага, атуліла клопатам і любоўю.
— Хочаш жыць у сям’і? — пытаецца Аксана Алегаўна ў свайго вучня.
— Хачу! — ківае галавой Алесь.
І столькі надзеі ў яго вачах…
Паважаныя чытачы!
Калі вас крануў лёс гэтага хлопчыка і вы хочаце дапамагчы яму, узяць у сваю сям’ю, звяртайцеся ў Радашковіцкую школу-інтэрнат.
Тэлефон 79-52-60.
Фота: Ірына ПЯТРОЎСКАЯ.