Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб узнагароджанні маладзечанца, воіна-інтэрнацыяналіста, палкоўніка ў запасе Ігара Арабея медалём «За працоўныя заслугі» быў падпісаны яшчэ восенню. Нарэшце ўзнагарода знайшла героя.
У Мінску ў Палацы Рэспублікі адбылася ўрачыстая цырымонія ўшанавання. Наш зямляк адзначаны за патрыятычнае выхаванне моладзі. Пятнаццаць гадоў ён кіруе музеем памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у СШ №14, які ў 2016-м атрымаў званне народнага. У вобласці няшмат народных школьных музеяў: з 300 — усяго 12.Ігар Арабей працягвае добрую справу свайго папярэдніка, таксама воіна-інтэрнацыяналіста Георгія Койры. Сем гадоў Ігар Ігнацьевіч узначальвае і раённую арганізацыю грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане».
У Афганістан Ігар трапіў, калі яму было 22 гады. Да гэтага год адслужыў у Львове ў артылерыйскім палку, закончыў Мінскае сувораўскае вучылішча і Адэскае вышэйшае артылерыйскае каманднае вучылішча.
— Як і многія мае тагачасныя равеснікі, на чужую зямлю я накіраваўся абсалютна ўпэўнены, што неабходны там. Мы сапраўды гатовы былі аддаць жыццё ў імя міру на зямлі, — гаворыць Ігар Ігнацьевіч.
У Афганістане ён узначальваў вартавую заставу баявой аховы, якая знаходзілася за 11 кіламетраў ад Кундуза. 11 студзеня 1987-га за чатыры кіламетры ад названай заставы, выконваючы баявое заданне, разам з дваімі саслужыўцамі трапіў пад абстрэл. За праяўленую мужнасць ён удастоены ордэна Чырвонай Зоркі.
… Доўга яму мроіліся неймаверная афганская духата, стрэлы. Памятае ён, як адправілі на першае заданне, калі трэба было ўстанавіць агароджу ля міннага поля, смак гатаванай вады (іншую піць не дазвалялася), тушонкі і кансерваў, што трэба было з’есці літаральна на працягу пяці хвілін (у 40-50-градуснай спякоце прадукты псаваліся), ды сушанай бульбы. Свежай садавіны і агародніны не было. Памятае таксама, як у хвіліны зацішша «круцілі» фільм «Афіцэры» (і сёння яго самы любімы), як пісалі пісьмы дамоў і чакалі адказаў.
— Толькі па перапісцы байцы маглі трымаць сувязь з радзімай, блізкімі. Каб не хваляваць іх, мы ніколі не скардзіліся на цяжкасці. Проста расказвалі пра быт, баявых таварышаў. Пісьмы з дому чакалі больш, чым правізію. Іншым разам чыталі іх услых па радыёсувязі, — успамінае Ігар Арабей.
Ужо шмат гадоў ён працуе ў педагогіцы, займаецца музейнай работай. Сярод амаль тысячы экспанатаў ёсць асабліва яму дарагія. Гэта пісьмы, узнагародныя і іншыя дакументы, амуніцыя, асабістыя рэчы байцоў, за што ён вельмі ўдзячны ім і іх сем’ям, якія дапамаглі стварыць музейны фонд.
— Вельмі каштоўныя дакументальныя фотаздымкі. Гэта надзвычай рэдкі матэрыял, бо ў зоне ваеннага канфлікту байцам не дазвалялася фатаграфаваць. Але некаторыя ўхітраліся, — заўважае субяседнік.
Ігар Арабей пакінуў у школьным музеі і свой артылерыйска-стралковы блакнот і цэлы чамадан друкаванай прадукцыі пра афганскія падзеі. Гэта перыёдыка выходзіла на постсавецкай прасторы. Ён збіраў яе на працягу многіх гадоў. Ёсць у школьным музеі і копіі фота-, відэахронікі тых далёкіх часоў, што ўдалося сабраць дзякуючы супрацоўніцтву з Беларускім дзяржаўным архівам кінафотадакументаў у Дзяржынску.
Ігар Ігнацьевіч стварыў каманду юных «пошукаўцаў», якія дапамагаюць знаходзіць новыя звесткі, падтрымліваюць сувязь з сем’ямі афганцаў, а таксама праводзяць экскурсіі. За час існавання музея ў ім пабывалі больш за 53 тысячы наведвальнікаў. А за аснову яго работы і асабістай дзейнасці Ігар Арабей узяў вядомы выраз: «Ідзі сам, дапамажы іншым — і дадзена табе будзе»…
У Маладзечне пройдзе мітынг з нагоды гадавіны вываду савецкіх войскаў з Афганістана
Маці пісаў, што служыў у Чэхаславакіі
Стралок стралковай каманды на станцыі Маладзечна Уладзімір Пяткевіч выконваў інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане з мая 1986-га па снежань 1987 года. Час, праведзены ў далёкай паўднёвай краіне, назаўжды застаўся ў памяці.
-- Першае ўражанне ад Афганістана -- усё чужое, -- успамінае былы воін-афганец. – Горы, пустыня, паўсюдна камяні, іншая гаворка, іншыя звычкі. Прывыкаць давялося ў баявой абстаноўцы. Мая ваенная спецыяльнасць – механік трапасфернай сувязі. Наша падраздзяленне размяшчалася недалёка ад Кабула, на горным кражы вышынёй у тры кіламетры. Дабрацца да месца службы можна было толькі па серпанціннай дарозе. Разам і іншымі ваеннаслужачымі мы забяспечвалі ўрадавую сувязь, падтрымлівалі сувязь з вайсковымі калонамі. Амаль кожную ноч падраздзяленне абстрэльвалі «душманы». Аднойчы зусім побач разарваліся звыш сарака снарадаў. У такія моманты было вельмі страшна. Аднак перапыніць баявое дзяжурства мы не мелі права.
За паўтара «афганскіх» года Уладзімір Пяткевіч многае перажыў. Самым страшным было губляць баявых таварышаў. Маці пісаў, што служыць у Чэхаславакіі. Не хацеў, каб хвалявалася..
-- Пасля Афганістана адбылася пераацэнка каштоўнасцей. Стаў больш цаніць жыццё. Павысілася патрабавальнасць да сябе. А дысцыплінаванасць, адказнасць спатрэбіліся ў мірны час, -- адзначыў воін-інтэрнацыяналіст.
Матэрыялы па тэме чытайце ў "Маладзечанскай газеце" за суботу, 16 лютага 2019 г.
Аўтары -- Ірына Рабушка, Алег Бяганскі.