Новости Молодечно и Молодечненского района

Адведалі ветэранаў вайны

  • 2017-05-12 12:21:31
  • Лилия Липницкая

Час няўмольны. Удзельнікам тых далёкіх падзей ужо каля 90 гадоў, а то і больш. Паважны ўзрост. Шмат каму ўжо цяжка выходзіць на вуліцу, некаторыя хварэюць і не могуць устаць з ложка. Нашы ўвага і падзяка саграваюць душы людзей, якія калісьці не шкадавалі свайго жыцця дзеля перамогі, дзеля міру на зямлі, дзеля будучыні.

У спісе кіраўніцтва і актыву Мінскай абласной арганізацыі ліберальна-дэмакратычнай партыі было пяць адрасоў ветэранаў. Канстанціну Георгіевічу Гінеўскаму 92 гады. Вайну прайшоў ад Смаленска да Берліна, дэмабілізаваўся ў 1949-м. Васілій Іванавіч Зімарын, які ў студзені адзначыў 95-годдзе, ваяваў у артылерыйскім палку на Сталінградскім фронце, быў удзельнікам гераічнай абароны горада. Перамогу сустрэў у Аўстрыі. Абодва ветэраны акунуліся ва ўспаміны, прыгадалі баявых таварышаў, тое, як пасля вайны аднаўлялі гарады і вёскі.

— Для ўсёй краіны і нашай партыі Дзень Перамогі — святое свята! Для мяне як кіраўніка абласной арганізацыі і бацькі важны таксама момант патрыятычнага выхавання моладзі, — падкрэсліў старшыня Мінскай абласной арганізацыі ЛДПБ Андрэй Душэўскі. – Нашы дзеці павінны ведаць гісторыю і шанаваць подзвіг продкаў.

Маладыя супрацоўнікі аддзела прымусовага выканання Маладзечанскага раёна на чале з намеснікам начальніка Нінай Лобан прыйшлі ў госці да Надзеі Фёдараўны Слюнько. Ветэрану 92 гады, і гэта той самы выпадак, калі ўзросту можна па-добраму пазайздросціць. Жыла ў Сталінградзе, з 1942 года працавала ў ваенным шпіталі, дапамагала параненым. Бадзёрасць і даўгалецце Надзеі Фёдараўны ў нейкай ступені можна растлумачыць генетыкай: яе мама пражыла 97 гадоў. А яшчэ, напэўна, аптымізмам і баявым характарам. Уявіце: у 88 гадоў яна адправілася ў калгас на пераборку бульбы ад аддзела сацыяльнага забеспячэння. Пра сябе цяпер гаворыць: «Можна жыць, было б толькі здароўе!». А яшчэ Надзея Фёдараўна не жадае лічыць сябе старой, дома робіць усё сама, захоўвае ўмеранасць у харчаванні і імкнецца больш рухацца.

У гады Вялікай Айчыннай служыў камандзірам мінёрнага палка Мікалай Нічыпаравіч Дылеўскі. Затым 25 гадоў адпрацаваў у пажарнай ахове Маладзечна. Наведвалі ветэрана супрацоўнікі гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях і юныя ратавальнікі з сярэдняй школы №1 імя Янкі Купалы.

Слаўным героям вайны ўручылі падарункі, нязменнымі былі ўдзячнасць за перамогу, пажаданні  бадзёрасці і аптымізму.

Тэкст і фота: Лілія ЛІПНІЦКАЯ.