Усё пачалося з выпускнога
Вольга і Уладзімір Баркоўскія выпускнікі 1992 года. Ведаюць адзін аднаго з пачатковых класаў. Але пасябравалі толькі ў восьмым, калі сталі аднакласнікамі і сядзелі за суседнімі партамі.
— Сур’ёзныя адносіны ў нас пачаліся з выпускнога балю. Менавіта тады быў наш першы нясмелы пацалунак, — прызнаецца Вольга.
Закаханыя вытрымалі і паўтара года разлукі, калі Уладзімір служыў у арміі. Яны захавалі ўсю сваю перапіску – пісьмы і паштоўкі, якія часам гартаюць і ўспамінаюць, як стваралася іх сям’я. Вольга і Уладзімір разам 19 гадоў.
Самай значнай падзеяй у сваім жыцці лічаць нараджэнне дачкі Сафіі. Яна, дарэчы, таксама закончыла гімназію №10 і цяпер вучыцца на першым курсе аддзялення «Міжнародныя зносіны» Белдзяржуніверсітэта. Мама і тата працуюць у сферы гандлю і буравых работ. Асновай сваёй сям’і яны лічаць узаемаразуменне і каханне.
Першы танец
Алена і Аляксандр Ярашэвічы выпускнікі розных гадоў – 1993-га і 1991-га. Заўважылі адзін аднаго, калі Лена перайшла ў 11-ы клас. Саша прыйшоў на школьную дыскатэку і запрасіў яе на танец. Праўда, ніхто з іх так і не ўспомніў, якая гучала кампазіцыя.
Праз месяц Аляксандр запрасіў Алену на першае спатканне, і яны адправіліся ў мясцовы кінатэатр «Радзіма». Як думаеце, ці памятаюць, якое глядзелі кіно? Канешне не!
Выпускныя балі ў іх таксама не вельмі адклаліся ў памяці. Найбольш яркае ўражанне – першы світанак дарослага жыцця, які тагачасныя вучні сустракалі на чыгуначным мосце. Адметнай падзеяй Алена лічыць раённы баль для выпускнікоў, якія закончылі школы і гімназіі з атэстатамі асобага ўзору. Як сярэбраная медалістка, яна была запрошана на ўрачыстасць у гімназію-каледж мастацтваў.
Алена і Аляксандр разам ужо 22 гады. У іх дачка і сын. Вераніка ў свой час закончыла гімназію №10, сёлета яна выпускніца аддзялення «Міжнародныя зносіны» БДУ. Дзяўчына выдатна валодае нямецкай і італьянскай мовамі. Яраслаў – гімназіст-чацвёртакласнік. Ён выдатнік, захапляецца ігрой на гітары і спявае. «Не нахадзілася» ў гэту ўстанову і іх мама: Алена Чаславаўна выкладае тут нямецкую мову. Галава дружнай сям’і – інжынер-праекціроўшчык у сістэме меліярацыі. Саюз Ярашэвічаў, лічаць яны, мацуецца на выхаванні дзяцей і агульным хобі – падарожжах.
Дзень ведаў
Ірына і Віталій Скапцы выпускнікі 1993 года і аднакласнікі. Гэты выпуск з цягам часу наогул аказаўся багатым на «школьныя» сямейныя саюзы. Дарэчы, менавіта ў гэтай паралелі былі два гімназічныя класы, выпускнікі якіх першымі атрымалі атэстаты тады яшчэ «Беларускай гімназіі №10».
… Ірына і Віталій вучыліся разам з першага класа. Пазнаёміліся на ўрачыстай лінейцы ў самы першы Дзень ведаў і, канешне, тады і не думалі, што стануць сям’ёй. Іх школьная дружба перарасла ў каханне ў студэнцтве.
— І сёння з асаблівым трапятаннем успамінаем наш дружны клас. Мы па-ранейшаму не губляем адзін аднаго з поля зроку, радуемся поспехам і раздзяляем няўдачы, а таксама збіраемся на вечары сустрэч, нават нягледзячы на тое, што многія раз’ехаліся па розных гарадах і краінах, — зазначае Ірына. – Добра памятаем сваіх класных кіраўнікоў Міхаіла Фядосавіча Прадуху і Яніну Францаўну Багачову.
Ірына і Віталій разам ужо амаль 20 гадоў. У іх двое сыноў: Павел заканчвае гімназію №6 і марыць стаць праграмістам, Дзмітрый вучыцца тут у чацвёртым класе. Галоўнымі ў гэтай сям’і лічацца давер і сумленнасць, а таксама агульныя прафесійныя інтарэсы — Ірына і Віталій працуюць у сферы фінансаў.
Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН, і архіў сем’яў БАРКОЎСКІХ і ЯРАШЭВІЧ.