Новости Молодечно и Молодечненского района

Ад квэсту да бітбокса

  • 2017-05-06 06:05:20
  • Ірына Рабушка

На працягу двух месяцаў сярод устаноў культуры Мала-дзечаншчыны праводзіўся конкурс на лепшыя распрацоўкі па рабоце з падрастаючым пакаленнем. Курыраваў яго вядучы метадыст па культурна-дасугавай дзейнасці цэнтралізаванай клубнай сістэмы Сяргей Аруцюнян. Нядаўна найбольш удалыя задумы былі прадстаўлены ў рамках маладзёжнага праекта «У нагу з часам». Іх прапанавалі Хажоўскі, Красненскі і Беразінскі СДК, а таксама Радашковіцкі цэнтр культуры і адпачынку. Гасцямі і ўдзельнікамі мерапрыемства сталі спецыялісты адпаведнага кірунку, а таксама школьнікі і навучэнцы.

Хажоўскі СДК правёў майстар-класы па кулінарыі, канзашы (пляценне са стужачак), дэкупажы, вырабе карцін з пяску. Красненскі СДК запрасіў на інтэрактыўную пазнавальна-забаўляльную праграму «Навука ў гасцях у творчасці», а Беразінскі СДК — на інтэлектуальную гульню «Ведай нашых», прысвечаную беларускім традыцыям і культуры. Цікава было гасцям мерапрыемства і на практычным занятку разам з маладзёжным калектывам «ХХІ стагоддзе» Радашковіцкага цэнтра культуры і адпачынку. Юнакі і дзяўчаты прадставілі плыні, якія цікавяць многіх іх равеснікаў. Гэта паркур, бітбокс, шафл (нечым нагадвае стэп).

Напрацоўкамі ў рабоце з падрастаючым пакаленнем здзівілі і самі работнікі цэнтралізаванай клубнай сістэмы. Метадыст Маргарыта Шлойда разам з аматарамі квэст-гульняў ад-правілася ў вандроўку па адметных месцах роднага горада, каля якіх яны павінны былі сфатаграфавацца і «выкласці» здымак у сацыяльнай групе сяброў клубнай сістэмы. За іх падарожжам, дарэчы, можна было назіраць анлайн. На апош-нім «прыпыначным пункце» — а гэта будынак цэнтралізаванай клубнай сіс-тэмы – удзель-нікаў гульні чакаў сюрпрыз. Вандроўнікам, якія паспяхова прайшлі маршрут, уручылі торт.

Тым часам кіраўнік узорнага лялечнага тэатра Ніколь Грыгаран расказала пра асаблівасці сэлфі, надзвычай папулярнага сярод моладзі, і нагадала аб правілах бяспекі.

Прыгожай і яркай атрымалася «Фотасушка» — так з творчым падыходам клубныя ўстановы раёна падышлі да справаздачы па рабоце з моладдзю. І прапанавалі здымкі з розных мерапрыемстваў. І гэта не ўсё, што можна было ўбачыць у рамках праекта «У нагу з часам». Дзейства разгарнулася на сямі тэматычных пляцоўках, вядучай была культарганізатар Алёна Алянцэвіч.    

-- Спадзяёмся, што напрацоўкі спецыялістаў нашай сферы стануць добрай падказкай у далейшай рабоце тым, хто працуе з моладдзю. Тым больш што зусім мала часу засталося да самых доўгіх у навучальным годзе летніх канікул. Некаторыя праекты, дарэчы, бацькі могуць апрабаваць і ў сем’ях, — заўважыла намеснік дырэктара па творчай рабоце цэнтралізаванай клубнай сістэмы Маргарыта Шытыка.   
Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Вольга Клепакова засяро-дзіла ўвагу прысутных на тым, што нельга забывацца аб праблеме дзіцячай злачыннасці, актуальнай для сучаснага грамадства. Таму дарослым варта надаваць належную ўвагу выхаванню падрастаючага пакалення.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.