У час правядзення XXIV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2025» вуліца Прытыцкага пераўтварылася ў сапраўдны горад майстроў. Тут умельцы з усёй краіны прадстаўлялі свае вырабы.
Духоўная і матэрыяльная культуры непадзельныя. Яны з’яўляюцца неад’емнай часткай гістарычнай памяці беларусаў. Прадзенне тканіны, уборка ўраджаю, іншыя работы раней суправаджаліся народнымі песнямі. Кожнаму святу адпавядаў свой народны строй. А музычныя інструменты ў вёсках, як правіла, выраблялі мясцовыя рамеснікі.
Пра жыццё і быт народа, калі яшчэ не ўзнікла пісьмовая традыцыя, можна меркаваць па археалагічных артэфактах. Яны сведчаць, што асноўныя рысы беларускага этнасу ўзніклі шмат стагоддзяў таму. Узоры на ручніку або керамічных вырабах могуць многае расказаць пра духоўны свет нашых продкаў, іх уяўленне аб Сусвеце, жыцці і смерці.
Немалаважнае значэнне маюць прыродныя матэрыялы, якія ва ўмелых руках пераўтвараюцца ў шэдэўры народнага мастацтва. У нашых краях заўсёды выкарыстоўваліся драўніна, гліна, лён... Менавіта прыродныя пігменты вызначылі каларыстыку, па якой ва ўсім свеце пазнаюць айчынныя народныя вырабы.
У Маладзечне майстры прадэманстравалі не толькі віртуознае валоданне народнымі тэхналогіямі, але і рэгіянальныя адрозненні нашай краіны. Такім чынам, рамеснікі, як і спевакі, паэты, празаікі, кампазітары, уносяць вялікі ўклад у захаванне культурнай спадчыны нашага народа.
Алег БЯГАНСКІ
Фота: Аляксей ПЛАТКО