1964: заканчэнне эпохі Хрушчова, асваенне цалінных зямель, вечар шлюбаў у Маладзечне
Ні пра які год Дракона на старонках «Святла камунізму» (такую назву мела на той час наша газета) не ўпаміналася: усходні каляндар быў не ў модзе. А вось тое, што 1964 год -- шосты ў працоўнай сямігодцы і сустрэць яго трэба ўдарнай працай, упаміналася ледзь не на кожнай першай старонцы. Рэдактарам тады быў Вячаслаў Ляшковіч.
У нашай газеце расказвалася, што 350 сем’яў з Маладзечаншчыны пераехалі ў Казахстан, каб асвойваць цалінныя землі. Для іх прадугледжвалася шмат ільгот, у тым ліку дзяржаўная дапамога на пабудову жылля.
У Маладзечне набіралі папулярнасць гульні ў Клубе вясёлых і знаходлівых, быў створаны агульнагарадскі клуб старшакласнікаў.
Майстар гарадскога атэлье мод А. Сафарава давала парады, як прыгожа апранацца: для жанчын у 1964 годзе асабліва моднымі былі чорныя сукенкі, аздобленыя белымі карункамі.
У лютым прайшоў першы ў Маладзечне вечар шлюбаў. Пяць пар маладажонаў на «Волгах», самых шыкоўных па тых часах машынах, пад’ехалі да гарадскога Дома культуры, падняліся на яго ганак па дывановай дарожцы пад гукі духавога аркестра. Ва ўрачыстай абстаноўцы яны зарэгістравалі свой шлюб. Вяла мерапрыемства Станіслава Вялікая. А ў Лебедзеўскім сельсавеце быў створаны Пакой шчасця, у якім распісвалі маладых. Першай парай сталі Васіліна Мякшыла і Васіль Кукель.
У гарадскім Доме культуры пачалі праводзіць і ўрачыстую рэгістрацыю нованароджаных. Па традыцыях таго часу ад гарадскога камітэта камсамола немаўлятам дарылі акцябрацкія зорачкі, піянерскія гальштукі і камсамольскія значкі.
Цікава, што на той час у нашай газеце друкаваліся аб’явы аб распачынанні справы аб скасаванні шлюбу ў нарсудзе Маладзечанскага раёна з указаннем імёнаў былых мужа і жонкі і іх адраса.
У кастрычніку было змешчана паведамленне, што Пленум ЦК КПСС задаволіў просьбу Хрушчова аб вызваленні яго ад абавязкаў Першага сакратара ЦК КПСС: эпоха Хрушчова скончылася, пачалася эпоха Брэжнева.
Адзін з самых хвалюючых матэрыялаў года «Рая знайшла бацьку» аб тым, як вайна разлучыла маладзечанца Аляксея Прышчэпава з дачкой Раяй, і яны нарэшце знайшлі адзін аднаго.
Рая Прышчэпава з бацькам Аляксеем Усцінавічам, якога яна знайшла ў Маладзечне праз шмат год пасля вайны.
1976 год: 5-тысячны нумар нашай газеты, адкрыццё Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, пуцёўкі ў «Артэк» для цэлага класа
13 лютага 1976 года выйшаў 5-тысячны нумар нашай газеты, рэдактарам якой на гэты час быў Яўгеній Меркуль. Яна выходзіла чатыры разы на тыдзень: у аўторак, сераду, пятніцу і суботу.
У Маскве адбыўся XXV з’езд КПСС, дэлегатамі якога ад Маладзечаншчыны былі кавалер ордэна Працоўнай Славы, ударнік Камуністычнай працы мантажніца Таццяна Іванова і брыгадзір паляводчай брыгады калгаса «Светлы шлях» Васіль Матусевіч.
Сярод значных падзей -- адкрыццё ў студзені Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Каб злучыць рэкі Вілію і Свіслач, быў пракладзены 60-кіламетровы канал, пабудавана пяць магутных помпавых станцый, створана Вілейскае вадасховішча, якое па велічыні ўступае толькі возеру Нарач.
Рэдкая па савецкіх часах з’ява: амаль цэлы клас -- 25 чалавек з 8 «А» класа СШ №9 за перамогу ў рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтвах «Старты надзей» узнагароджаны пуцёўкамі ва Усесаюзны піянерскі лагер «Артэк» на беразе Чорнага мора. Дырэктарам школы тады працаваў Пётр Ханенка, класным кіраўніком -- Ніна Кудраўцава, выкладчыкам фізвыхавання -- Пётр Шкабараў.
Па традыцыі ў гарадскім Доме культуры адбылася ўрачыстая рэгістрацыя тысячнага нованароджанага жыхара Маладзечна -- сына Галіны і Валерыя Кухта, якога назвалі Арцёмам. Мерапрыемства правяла загадчыца аддзела культуры Ніна Шарыпава.
Дэлегат XXV з’езда КПСС Васіль Матусевіч, Герой Савецкага Саюза Мікалай Ларын, Герой Сацыялістычнай Працы, дырэктар саўгаса «Яхімоўшчына» Іван Дзяржынскі разам з піянерамі падпісваюць рапарт XXV з’езду КПСС
1988 год: 600-годдзе Маладзечна, праўнук Пушкіна -- у кнігарні «Спадчына»
У трэці год перабудовы, курс на якую задаў Генеральны сакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў, наша газета ўсё яшчэ называлася «Святло камунізму». Яе рэдактарам быў Аляксандр Хазянін, выходзіла яна па-ранейшаму чатыры разы на тыдзень.
Да 600-годдзя нашага горада ў газеце друкуецца калонка з працягам краязнаўца, кандыдата гістарычных навук Генадзя Каханоўскага «Аб мінулым для будучага».
600-годдзе Маладзечна шырока адзначалася 17 і 18 верасня. На першай старонцы святочнага нумара былі размешчаны віншаванні Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі, Прэзідыума Вярхоўнага Савета і Савета Міністраў Беларускай ССР. На ўрачыстасць, якая адбылася на плошчы імя Леніна (цяпер Цэнтральная), з’ехаліся прадстаўнікі гарадоў-пабрацімаў з саюзных рэспублік і замежжа. Свята пачалося з тэатралізаванага прадстаўлення, прысвечанага слаўнай гісторыі нашага горада, на розных пляцоўках ладзіліся канцэрты, народныя гулянні. Да юбілейнай даты сярод жыхароў праводзілася рэчавая латарэя.
1988 год адметны тым, што ў маі пачаўся вывад савецкіх войскаў з Афганістана. На Маладзечаншчыне быў створаны клуб воінаў-інтэрнацыяналістаў «Шураві». Яго кіраўнік Аляксандр Вырва, іншыя актывісты сталі ўдзельнікамі круглага стала ў рэдакцыі, прысвечанага ваенна-патрыятычнаму выхаванню моладзі.
Аўтару гэтых радкоў пашчасціла напісаць артыкул аб сустрэчы ў кнігарні «Спадчына» з праўнукам Аляксандра Пушкіна Рыгорам Пушкіным і складальнікам радаслоўнай паэта Андрэем Чаркашыным. Што запомнілася: у родзе Пушкіна не было ніводнага здрадніка Радзімы, ніхто не нажываў багацце несумленным шляхам. Праўнук Пушкіна ўсё жыццё працаваў друкаром у друкарні газеты «Правда», а на пенсіі поўнасцю аддаў сябе справе служэння вялікаму прашчуру. У час прыезду ў Маладзечна яму было 74 гады.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.