— Зараз пагляджу ў раскладзе заняткаў: першы ўрок у нашай Серафімы Анатольеўны – у пятым класе, — заглядае ў свой смартфон Наталля Лістападава, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Палачанскай сярэдняй школы.

Каля дзесяці гадоў Наталля Іванаўна працуе ў гэтай установе адукацыі, паспяхова сумяшчаючы адміністрацыйную работу з выкладаннем рускай мовы і літаратуры. Прызнаецца, што з радасным хваляваннем штогод чакае 1 верасня. Аднак пачатак сёлетняга навучальнага года для яе асаблівы: у гэтую школу размеркавалася пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта яе старэйшая дачка Серафіма Жукоўская, малады спецыяліст, настаўніца нямецкай мовы.
Кажуць, калі бацькі любяць сваю прафесію, дзеці таксама нярэдка яе выбіраюць. У Наталлі Лістападавай і яе дачкі атрымалася менавіта так…
Галоўная прафесія на зямлі
— Лічу, што наша прафесія стаіць ля вытокаў усіх прафесій на зямлі. Без настаўніка не было б ні міністра, ні касманаўта, — разважае Наталля Іванаўна. — На жнівеньскім педсавеце я падзялілася з калегамі сваім цвёрдым перакананнем, што, заходзячы ў клас, мы бяром на сябе адказнасць не толькі за ўзровень ведаў вучняў па сваім прадмеце, але і за іх лёс. Бо ад нашай жыццёвай пазіцыі, ад творчага падыходу да вучэбнага і выхаваўчага працэсу ў многім залежыць, якімі людзьмі вырастуць хлопчыкі і дзяўчынкі, якую прафесію выберуць, з якім багажом пойдуць у жыццё.
З душэўным трапятаннем Наталля Іванаўна ўспамінае сваю першую настаўніцу з СШ №11 Тамару Іванаўну Малевіч, на якую ёй у дзяцінстве так хацелася быць падобнай. Дома Наташа праводзіла ўрокі для сваіх цацак, пісала крэйдай на дзверцы шафы, нібы на школьнай дошцы. І нават складала вучэбныя планы, якія бачыла ў Тамары Іванаўны.
Удзячна яна і філолагам Зінаідзе Тарасаўне Пузыровай і Ірыне Леанідаўне Пінчук, якія навучылі вобразнаму мысленню, дапамаглі выбраць філалагічны профіль, натхнілі на прафесію педагога. Першыя працоўныя крокі Наталля Лістападава рабіла ў дзіцячым садзе №30. Пасля заканчэння педуніверсітэта ў СШ №14 выкладала беларускую мову і літаратуру. Палачанская школа — плённы, значны этап жыцця.
— У нас цудоўны калектыў, які ўзначальвае вельмі інтэлігентны, кампетэнтны дырэктар Павел Міхайлавіч Закружны. Усяго ў нас працуе 33 педагогі, сярод якіх 11 з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй, ёсць настаўнік-метадыст, у 17 маіх калег стаж работы больш за 15 гадоў. Сёлета сядзе за парты 184 вучні, сярод іх 14 першакласнікаў. Мне імпануе, што старэйшыя нашы педагогі перадаюць вопыт маладым, што ў калектыве пануе пазітыўны настрой, укараняюцца новыя тэхналогіі. З гэтага навучальнага года мы будзем рэалізоўваць абласны педагагічны праект, прысвечаны ўзаемадзеянню школы з мясцовымі сельгаспрадпрыемствамі і фермерскімі гаспадаркамі.
Адразу адчула цеплыню
— Мяне вельмі прыязна сустрэлі ў школе. Прымалі на работу дырэктар, намеснікі дырэктара, і я адразу адчула душэўную цеплыню i гатоўнасць дапамагчы. Буду працаваць на поўную стаўку, весці ўрокі нямецкай мовы з трэцяга па дзявяты клас, — дзеліцца Серафіма Жукоўская.
Акрамя нямецкай яна ведае італьянскую мову, у яе дыпломе тры спецыяльнасці: філолаг, перакладчык, выкладчык. Дзяўчына расказвае, што нямецкай мовай яе захапілі, заклалі трывалую базу педагогі гімназіі №10 Барыс Уладзіміравіч Вайцяхоўскі, Святлана Аляксееўна Ганчарык, Надзея Канстанцінаўна Кандратовіч, Вольга Уладзіміраўна Бруй. І ўсё ж на выбар прафесіі найперш паўплывала мама. Яе адданасць педагогіцы, захопленасць работай, пазнавальныя мерапрыемствы, на якія яна часта брала і сваіх дзяцей, дапамаглі яшчэ ў старэйшых класах гімназіі зразумець, да чаго ляжыць душа.
— Так, выбіраць прафесію трэба душой! І тады кожны дзень на рабоце будзе святам, — пераканана Наталля Іванаўна.
Акрамя Серафімы ў яе трое малодшых дзяцей: Крысціна – другакурсніца Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, будучы эканаміст-маркетолаг, Мікалай – пяцікласнік, Ксенія – другакласніца. Не так даўно Ксюша спытала ў матулі: «А дзе вучаць на педагога?»
Ёсць надзея, што сямейная дынастыя будзе мець працяг…
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фото: Аляксей ПЛАТКО.
Читать