
Узлюбленыя ў Госпадзе пачэсныя айцы, дарагія браты і сёстры!
Радуючыся з вамі і аддаючы хвалу і падзяку нашаму Жыццядаўцу, ад усяго сэрца ўрачыста ўсклікаю: «Хрыстос Уваскрэс!»
Літасцівы Гасподзь як крыніца радасці і сэнсу чалавечага жыцця ў чарговы раз падарыў нам магчымасць уваскрэснуць духам і сустрэць яшчэ адну Пасху.
Няма такіх слоў ні ў нашай, ні ў якой іншай мове, якія маглі б апісаць радасць пасхальнага цуду і пасхальных стасункаў чалавечай душы з Богам. Факт Уваскрэсення Хрыстова з’яўляецца не толькі падмуркам Яго Царквы і галоўнай тэмай апостальскай пропаведзі, але і служыць падставай нашай веры.
Але для таго, каб нам сёння радавацца, нашаму Спасіцелю давялося прайсці праз неспасціжныя чалавечаму розуму выпрабаванні. Усведамляючы, што Уваскрэсенне Хрыстова немагчыма без Крыжовых Пакут, мы ў дні Вялікага посту малітоўна спрабавалі ісці за Ім па гэтым цярністым шляху. І як сорак гадоў старажытны Ізраіль чысціў сябе ад граху ў пустыні, мы на працягу сарака дзён праз усведамленне сваёй грахоўнасці і пакаянне рыхтавалі свае сэрцы да Вялікай таямніцы Адкуплення.
Узлюбленыя ў Хрысце Уваскрэслым, пачэсныя айцы! Дарагія браты і сёстры! «Веруйце ў святло, каб стаць сынамі святла» (Ін. 12:36)! Услаўляючы ў гэтыя светлыя дні Пераможцу смерці Госпада нашага Ісуса Хрыста, натхнімся на ачышчальны і выратавальны подзвіг стаяння ў чысціні веры і праўды, а Пасхальная радасць няхай сагравае нашы сэрцы!
Сапраўды Уваскрэс Хрыстос!
ПАВЕЛ, епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі
Паважаныя жыхары Маладзечаншчыны!
Шчыра віншуем вас з Уваскрэсеннем Хрыстовым! Гэта адно з самых шаноўных свят стала сімвалам урачыстасці жыцця, дабрыні і веры. Яно вучыць любові, вернасці, міласэрнасці, павазе да старэйшых, дапамагае ўсім быць больш клапатлівымі, цаніць жыццё ва ўсіх яго праявах. Радасць ад цудоўнага свята абуджае ў людзях імкненне быць сумленнымі, дапамагаць тым, хто мае патрэбу ў клопаце і суцяшэнні.
Няхай гэты дзень стане для вас і вашых сем’яў святам цеплыні, хатняга ачага, любові і ўзаемаразумення. Няхай цудоўнае святло Уваскрэсення Хрыстова сагравае вашы сем’і, душы і сэрцы, а ўзнёслыя імкненні да дабра і справядлівасці застануцца непарушным фундаментам міру і згоды ў беларускім грамадстве.
Жадаем усім вернікам здароўя і душэўнага цяпла, дабрабыту і паразумення, поспехаў ва ўсіх справах!
Раённы выканаўчы камітэт
Раённы Савет дэпутатаў
Дарагiя жыхары горада i раёна!
Сардэчна віншуем вас са светлым Хрыстовым Уваскрэсеннем – галоўнай урачыстасцю праваслаўнага свету, святам надзеі і абнаўлення жыцця.
У гэтыя цудоўныя велікодныя дні мы з асаблівай паўнатой адчуваем сілу дабра і міласэрнасці. Традыцыі продкаў вучаць нас беражліва захоўваць веру, клапаціцца аб бліжніх і шанаваць мірнае неба над галавой. Вялікдзень дорыць нам магчымасць забыць жыццёвыя хваляванні, напоўніць сэрцы любоўю і дараваннем.
Шчыра жадаем кожнай сям’і здароўя, дабрабыту і шчасця. Няхай велікодная радасць асвеціць вашы дамы, надасць сіл для добрых спраў на карысць нашай роднай Беларусі, а вера заўсёды служыць надзейнай апорай у жыцці.
Н.Л. ГЛІНСКАЯ,
член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
І.С. МАРКЕВІЧ, Д.І. УШАЦКІ, С.І. САКАЛОЎСКАЯ,
дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь