Новости Молодечно и Молодечненского района

100-летие системы социальной защиты Беларуси отметили в Молодечно

  • 2019-01-15 09:23:52
  • Отдел информации.

Свята людзей клапатлівых

У рас раённага мерапрыемства ўшаноўвалі тых, хто выконвае гуманную місію. Менавіта работнікі сацыяльнай абароны дапамагаюць пераадолець цяжкасці і паверыць у сябе адзінокім, пажылым, хворым людзям, малазабяспечаным сем’ям і наогул тым, хто апынуўся ў няпростай жыццёвай сітуацыі.

Для віноўнікаў урачыстасці прагучаў відэазварот міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ірыны Касцевіч. Яна падкрэсліла, што работа з людзьмі адна з самых складаных. З гэтым пагадзіўся і старшыня райвыканкама Юрый Горлаў, які са сцэны адрасаваў прысутным прывітальныя словы. Віншаванні падрыхтаваў і намеснік начальніка ўпраўлення камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Дзяніс Бычко. Цёплыя словы прагучалі ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Маладзечанскай гарадской выбарчай акрузе №72 Людмілы Канановіч. Ад парламента яна ўручыла Падзячнае пісьмо намесніку начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяне Мучынскай. Шэраг работнікаў сферы быў адзначаны абласным і раённым выканаўчымі камітэтамі. Ганаровай граматай аблвыканкама ўзнагароджана начальнік вышэйназванага ўпраўлення Алена Барада. Яна таксама вітала сваіх калег, дзякавала ім за прафесіяналізм і вернасць абранай справе.

Шчыра сустракалі ветэранаў службы. Сярод тых, каго запрасілі на свята, былі Міхаіл Глуздакоў (адзін з нямногіх, хто мае званне выдатніка сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь), Кацярына Емяльянчык, Віктар Невяровіч.

Наогул, на Маладзечаншчыне ў сацыяльнай сферы працуюць больш за 400 чалавек, у Беларусі – звыш 40 тысяч. Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне адно з самых маштабных структурных падраздзяленняў райвыканкама. Сярод прыярытэтных кірункаў дзейнасці – вырашэнне пытанняў налічэння і выплаты пенсій і дапамогі, забеспячэнне сацыяльнымі гарантыямі насельніцтва, садзейнічанне ў працаўладкаванні, прафесійнай падрыхтоўцы, павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы беспрацоўных. Вядзецца і мэтанакіраваная работа па прафілактыцы вытворчага траўматызму, паляпшэнні ўмоў і аховы працы ў арганізацыях раёна, а таксама па ўдасканаленні сацыяльнага партнёрства.

Заўсёды працягваюць руку дапамогі ў раённым тэрытарыяльным цэнтры сацабслугоў-
вання насельніцтва. Дарэчы, у банку даных сацыяльна неабароненых катэгорый знаходзіцца больш за 21 тысячу жыхароў Маладзечаншчыны. Пільнай увагай работнікаў гэтай установы атулены ветэраны, пажылыя, адзінокія, сіроты, людзі з абмежаванымі магчымасцямі…

На тэрыторыі нашага раёна размешчаны псіханеўралагічны дыспансер для пастаяннага пражывання інвалідаў першай і другой груп, якія прызнаны недзеяздольнымі. Сёння там знаходзіцца 146 чалавек.
Працуе ў Маладзечне і раённы аддзел Мінскага абласнога ўпраўлення фонду сацабароны насельніцтва, які займаецца зборам страхавых узносаў для фінансавання ўсіх сацыяльных выплат.

Сэрца аддаём людзям

Гэты выраз сімвалізуе асноўнае прызначэнне тых, хто ведае, што такое бескарыслівасць, міласэрнасць, самааддача. З усіх куткоў Міншчыны на абласное свята з’ехаліся кіраўнікі і спецыялісты службаў і арганізацый сістэмы, ветэраны, шматлікія госці.

У фае былі разгорнуты інфармацыйныя стэнды, прысвечаныя гісторыі станаўлення органаў сацыяльнай абароны кожнага раёна вобласці, працавалі выстаўкі творчых работ.

Падтрымка сем’яў з дзецьмі, садзейнічанне занятасці, клопат пра інвалідаў, ветэранаў, састарэлых, сірот, людзей з асаблівасцямі развіцця, аказанне дапамогі ў працаўладкаванні, атрыманні прафесіі, адкрыцці ўласнай справы, ахова працы, кантроль за своечасовай і поўнай выплатай заробку, сацыяльнае і пенсіённае забеспячэнне -- гэта асноўныя задачы, якія вырашае сфера сацыяльнай абароны краіны.
Намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Іван Маркевіч падкрэсліў, што сістэма сацабароны -- асноўная частка сацыяльнай палітыкі дзяржавы, накіраванай на павышэнне якасці і ўзроўню жыцця насельніцтва.

-- Сацыяльная работа як прафесія склалася на аснове дабрачыннай дзейнасці. Сацыяльная служба нашай вобласці захавала ўсе лепшыя традыцыі і працягвае актыўна ўдасканальвацца. Дзякуючы высокаму прафесіяналізму работнікаў дзейнічае адладжаны механізм аказання сацыяльна-бытавой, псіхолага-педагагічнай, рэабілітацыйнай дапамогі пенсіянерам, інвалідам, моладзі, малазабяспечаным сем’ям, --  звярнуўся да прысутных І. Маркевіч.

З віншаваннямі да прысутных звярнуліся старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Аляксандр Румак, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Сірэнка, старшыня Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Тамара Красоўская.

Узнагароды і падарункі былі ўручаны лепшым работнікам сферы, сярод якіх прадстаўніца Маладзечанскага раёна. Удзячнасцю аблвыканкама адзначана праца намесніка дырэктара раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ганны Граковіч.

Мерапрыемства ўпрыгожылі лепшыя музычныя і танцавальныя нумары калектываў раёна.


Ірына РАБУШКА, Лілія ЛІПНІЦКАЯ.
Фота: Яўгеній СТЭЛЬМАХ, Аляксей ПЛАТКО.