16.01.2021 10:52

Навука аб дровах

У Маладзечанскім філіяле дзяржаўнага прадпрыемства «Мінаблпаліва» пра дровы ведаюць усё. Арганізацыя забяспечвае імі, а таксама торфабрыкетам жыхароў дамоў, якія не падключаны да сістэмы цэнтральнага ацяплення і газаправода. Некаторыя катэгорыі насельніцтва атрымліваюць паліва па датаваных і льготных цэнах.

Навука аб дровах Маладзечанская газета.

У печках не «фаніць»

— На рэалізацыю цвёрдага паліва ўплываюць многія фактары, — гаворыць дырэктар філіяла Аляксандр Кандратовіч. – Так, аб’ёмы паставак залежаць ад пары года і нават ад эпідэміялагічнай абстаноўкі. Пры гэтым патрэбы жыхароў горада і раёна ў дровах і торфабрыкеце прадпрыемства гарантавана задавольвае.

Субяседнік адзначыў, што за мінулы год філіял рэалізаваў каля 3500 кубаметраў дроў і прыкладна 3800 тон торфа-
брыкету. У асноўным мясцовыя энергарэсурсы запатрабаваныя ў сельскіх жыхароў. Драўніна на прадпрыемства пастаўляецца з Маладзечанскага і Вілейскага лясгасаў, торфабрыкет — з торфабрыкетных заводаў «Усяж» (Смалявіцкі раён) і «Нёман» (Стаўбцоўскі раён). Вытворчасць на філіяле безадходная. Трэскі спальваюцца ў мясцовай кацельні.

— Некаторыя пакупнікі пытаюцца, ці не з «брудных» на радыяцыю раёнаў пастаўляецца драўніна. Людзі могуць не хвалявацца. Дровы, якія рэалізуе прадпрыемства, дакладна не «фаняць», — падкрэсліў Аляксандр Пятровіч.

Царскае паліва

На прадпрыемства пастаўляецца драўніна розных парод. Пры гэтым спажыўцам паступае «мікс» дроў з некалькіх дрэў.

— Розныя дровы маюць розную цеплааддачу і гараць па-рознаму, — зазначыў Аляксандр Кандратовіч. – Так, яловыя трашчаць і «страляюць». Бярозавыя гараць роўна, аднак калі яны сырыя, могуць даваць шмат сажы, якая асядае ў коміне. Найлепшымі лічацца дровы з чорнай вольхі. Іх здаўна называлі «царскімі». Імі ацяплялі палацы і замкі. Справа ў тым, што чорная вольха не дае сажы.

Субяседнік звярнуў увагу і на вільготнасць дроў. Чым яна большая, тым цеплааддача меншая. Таму набываць драўнянае паліва лепш за паўгода да пачатку ацяпляльнага сезона. Пры гэтым захоўваць дровы трэба ў дрывотніку пад навесам. Так яны высахнуць і цалкам аддадуць потым усе калорыі. Прынцыпу «з плячэй — у печ» лепш не прытрымлівацца.

Метр метру розніца

Дырэктар філіяла нагадаў, што пры нарыхтоўцы і рэалізацыі драўнянага паліва прымяняюцца розныя адзінкі вымярэння. І спажыўцы павінны ведаць пра гэта. Так, адрозніваюцца складаметр і шчыльны кубічны метр.

— Складаметр – гэта куб дроў, якія шчыльна выкладзены з шырынёй, вышынёй і глыбінёй у адзін метр. А вось шчыльны кубаметр — суцэльная драўніна без прамежкаў. Важыць складаметр каля 800 кілаграмаў, — адзначыў Аляксандр Кандратовіч.

Трэба мець на ўвазе, што складаметр — карысная для пакупніка велічыня. Яна дазваляе не плаціць за «паветра». А яшчэ нельга купляць дровы на вагу, бо яна залежыць ад іх вільготнасці і віду.

Субяседнік дадаў, што прадпрыемства рэалізуе спажыўцам паліва рэгламентаванай якасці.

Цана пытання

Аляксандр Пятровіч паведаміў, што цвёрдае паліва ў асноўным выкарыстоўваюць пажылыя людзі. Яны не ў сілах самі распілаваць і пасекчы дровы. Таму падрыхтаванае паліва, як правіла, запатрабаванае.

Па датаваных цэнах 4,9 кубаметра пілаваных, колатых і складзеных у машыну дроў (норма на адно домаўладанне па паліўнай кніжцы) каштуюць 173 рублі, 3,5 тоны брыкету (норма па торфабрыкеце) – 115 рублёў. Для льготных катэгорый насельніцтва цана ніжэйшая. За дастаўку паліва да месца прызначэння бярэцца дадатковая плата, яе памер залежыць ад адлегласці.

Цана дроў па свабодных цэнах у філіяле складае ад 52 да 75 рублёў за кубаметр. Тона торфабрыкету – 120-140 рублёў. Цэны прыведзеныя без уліку дастаўкі спажыўцам.

Знайшлі кулю часоў Вялікай Айчыннай

Экскурсію па вытворчасці для карэспандэнтаў «МГ» правялі Аляксандр Кандратовіч і брыгадзір дрываколаў Пётр Мацэвіч. Яны паказалі, як працуе лінія па распілоўванні і колцы дроў, адбываецца складзіраванне і пагрузка цвёрдага паліва.

— Працую на прадпрыемстве амаль 17 гадоў, — паведаміў Пётр Станіслававіч. – Падабаюцца мне і работа, і калектыў. Наша прадукцыя людзям патрэбная. Без цяпла ў дамах зімой жыць проста немагчыма. Таму працуем з поўнай аддачай.

Дрываколу падабаецца працаваць з драўнінай. Ён любіць пах смалы. Хаця многія тэхпрацэсы нарыхтоўкі дроў механізаваныя, аднак і рукамі даводзіцца шмат папрацаваць. Усяго на ўчастку распрацоўкі дроў занята чацвёра чалавек. Усе вопытныя спецыялісты.

— За час працы здараліся розныя выпадкі. Аднойчы пры распілоўванні драўніны ў бярозе аказалася куля часоў Вялікай Айчыннай вайны. Мы яе дасталі і захавалі. Такі вось своеасаблівы сувенір, — расказаў Пётр Мацэвіч.

***
Лепшымі дровамі лічацца ліставыя пароды, якія маюць шчыльную структуру валокнаў. Яны доўга гараць, маюць выдатную цеплааддачу. Да іх адносіцца драўніна дуба, ліпы, алешыны, бярозы, ясеня, іншых дрэў. Хвойныя (сасна, елка, лістоўніца) даюць многа жару, аднак згараюць даволі хутка.

Моцна ўплывае на цеплатворную здольнасць дроў іх вільготнасць. Так, дровы з 40-працэнтнай вільготнасцю даюць 61 працэнт той колькасці цеплыні, што даюць тыя ж дровы з 10 працэнтамі вільгаці, а дровы з 50 працэнтамі вільгаці — усяго 51 працэнт.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://www.mgazeta.by/regionalnyj-aktsent/item/8561-navuka-ab-drovakh.html#sigProId361c900b8f
Прочитано 260 раз Последнее изменение 16.01.2021 10:52
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.