27.01.2017 11:20

Як у Маладзечанскім лясгасе праводзяць зімовы ўлік жывёл

Карэспандэнты «Маладзечанскай газеты» далучыліся да рэйдавай групы па зімовым уліку жывёл.

Олени. Олени. "Маладзечанская газета"

Вядучага інжынера па паляўнічай гаспадарцы Маладзечанскага лясгаса Андрэя Сушко і ўлікоўцаў мы заспелі на тэрыторыі Маладзечанскага лясніцтва. Ішоў інструктаж перад выхадам на маршруты. Мужчыны схіліліся над картай. Андрэй Анатольевіч удакладняў заданне.

— Сёння ўлічваем капытных (дзіка, казулю, аленя, лася), а таксама ваўка і рысь, — гаворыць вядучы паляўніцтвазнавец. — Не пераблытайце сляды дзіка і аленя. Яны вельмі падобныя. Запісы вядзіце акуратна. Калі пройдзеце маршруты, адразу паведаміце.

Удзельнікі перапісу атрымліваюць спецыяльныя ўліковыя карткі і адпраўляюцца на заданне. Разам з намеснікам дырэктара лясгаса Віталіем Дземешам, Андрэем Сушко і ўлікоўцам Пятром Гаўрылікам мы едзем у раён вёскі Верадова, дзе праходзіць адзін з маршрутаў.

— Зімовы ўлік жывёл самы дакладны, — расказвае па дарозе Андрэй Анатольевіч. – Праводзіцца ён адначасова па ўсім раёне. Капытныя і драпежнікі ўлічваюцца штогод. Зайцы, дробная пушная дзічына і паляўнічыя птушкі — раз на чатыры гады. Перапіс праводзяць егеры і паляўнічыя. Апошнія павінны мець не менш за 5 гадоў стажу.

Спецыяліст дадаў, што дзень для перапісу выбраны аптымальны. Напярэдадні выпаў снег, таму ўсе сляды свежыя. Маршруты вызначаны загадзя. Яны выкарыстоўваюцца з году ў год.

Між тым наш аўтамабіль заязджае на тэрыторыю гасцявога комплексу «Дом паляўнічага». Тут рэйдавую групу чакае снегаход «Буран», які павінен даставіць кожнага ўлікоўца да пачатку маршруту. Усяго іх намечана 13. Самы доўгі — 15 кіламетраў — у раёне вёскі Краснае. Усім удзельнікам перапісу трэба прайсці па лесе і па полі. Некаторыя трасы ахопліваюць балотныя ўчасткі.

Просім «падкінуць» да месца старту і нас. Потым каля кіламетра ідзём услед за Пятром Гаўрылікам. Адразу бачым сляды. Уліковец вызначае, што гэта казуля, і заносіць даныя ў картку.

— Як правіла, капытныя перамяшчаюцца групай, — тлумачыць удзельнік перапісу. — Улічваць іх лёгка, бо жывёлы ідуць «натоўпам». А вось ваўкі рухаюцца след у след. Каб даведацца, колькі драпежнікаў у зграі, трэба ісці па слядах, пакуль зграя не рассыплецца. На маршруце адзначаем від жывёл і напрамак іх перамяшчэння.

Уліковец дадаў, што зімой дзікія насельнікі лесу практычна не мігрыруюць (акрамя ваўкоў). Ласям, напрыклад, халоднай парой больш камфортна ў сасновых барах. Казуль можна сустрэць на ўзлесках. Калі паблізу ёсць падкормачная пляцоўка, капытныя абавязкова наведваюць яе.

Ісці па снежнай цаліне даволі цяжка. Між тым рабочы дзень для ўлікоўцаў толькі пачынаўся. Кожнаму з іх яшчэ трэба пераадолець каля дзесяці кіламетраў. Збочыць на бліжэйшую дарогу ці хаця б сцежку нельга — маршрут павінен праходзіць строга ў адпаведнасці са схемай.

«Сталоўка» для жывёл

Пакуль улікоўцы на маршрутах, просім Андрэя Сушко паказаць бліжэйшую падкормачную пляцоўку. Ён пагаджаецца. Мы выйшлі на адну з палян ля вёскі Самалі. Тут для жывёл пабудаваныя навесы, латкі, пастаўлены лізунцы. У кармушках дастаткова зерня. У спецыяльных яслях — сена. Паўсюдна сляды казуль і аленяў. Бачна, што капытныя не галадаюць.

— У лясгасе абсталявана 11 такіх пляцовак. Лесаводы нарыхтавалі для сваіх падапечных каля 20 тон збожжа, 8 тон цукровых буракоў, 5 тон сена. Дадатковы паёк дапаможа дзікім насельнікам перажыць зімовую бяскорміцу. Дзякуючы падкормцы, ахове і іншым мерапрыемствам колькасць жывёл на тэрыторыі раёна ўжо доўгі час аптымальная, — расказаў суправаджальнік.

Андрэй Анатольевіч дадаў, што зіма пакуль спрыяльная для капытных. Снежнае покрыва невысокае. Марозных дзён мала. Казулям, аленям і ласям нічога не пагражае. А вось што тычыцца дзікоў, іх папуляцыю трэба звесці да мінімуму. Гэта неабходна для папярэджання распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней.

— Месцы, дзе могуць сустракацца дзікі, мы ведаем. Застаецца толькі вызначыць колькасць асобін, — падкрэсліў паляўніцтвазнавец.

Навуковы падыход

Вяртаемся ў «Дом паляўнічага», дзе разгорнуты імправізаваны штаб. Сюды сцякаецца ўся інфармацыя. Пасля апрацоўкі даных будзе вызначана колькасць асобін кожнага віду.
— Ад добрасумленнай працы ўлікоўцаў шмат у чым залежыць рэнтабельнасць паляўнічай гаспадаркі, — адзначыў А. Сушко. – Каб захаваць прыродны баланс, трэба дакладна ведаць, якія віды неабходна ахоўваць, а якія могуць стаць трафеямі. Сваю дзейнасць мы будзем планаваць зыходзячы з вынікаў ляснога перапісу.

Фота:. Аляксей Платко.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://www.mgazeta.by/regionalnyj-aktsent/item/850-yak-u-maladzechanskim-lyasgase-pravodzyats-zimovy-lik-zhyvjol.html#sigProIdd64a1551fc
Прочитано 1938 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.