06.12.2019 11:19

Общественное обсуждение проекта нового ЗАГСа в Молодечно

Камфорт для маладажонаў, цікавыя славутасці, паляпшэнне якасці аказання адміністрацыйных працэдур, стварэнне гарманічнага архітэктурнага асяроддзя… Гэта і іншае стане магчымым пасля ўзвядзення ў раёне Цэнтральнай плошчы новага ЗАГСа. Цяпер праходзіць грамадскае абмеркаванне праекта.

Трэба адзначыць, што праект выклікаў у жыхароў Маладзечаншчыны вялікую цікавасць. І гэта не дзіўна. Такія аб’екты з’яўляюцца знакавымі для любога горада. Яны маюць вялікае сімвалічнае значэнне. Месца, дзе нараджаюцца новыя сем’і, павінна быць асаблівым, несці станоўчую эмацыянальную нагрузку, асацыявацца з добрымі ўражаннямі, настройваць на свята і пазітыў.

Для гэтага архітэктары прадугледзелі многія элементы. У прыватнасці, будынак запраектаваны ў светлых тонах. Ён адрозніваецца лёгкасцю, якую падкрэсляць і ўзмоцняць вялікія вокны. Дах двухпавярховага збудавання ўвянчае кампазіцыя «Залаты шар вечнага жыцця».

Побач размесціцца ратонда. Дапоўняць пейзаж арт-аб’екты «Дрэва закаханых», «Сэрца», «Лаўка закаханых». Віноўнікі і госці ўрачыстасці (як і ўсе жыхары і госці горада) будуць мець магчымасць прайсціся па прыгожым мастку, наведаць фотазону. За імі будзе «назіраць» фігура Амура. Для наведвальнікаў прадугледжана паркоўка на 50 машына-месцаў.

У будынку ЗАГСа запраектаваны пакоі для рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану, зала прыёму наведвальнікаў, архіў, пакоі жаніха і нявесты і іншыя. На другім паверсе — вялікая і малая залы грамадзянскіх абрадаў, банкетная, зала для канферэнцый, пакой для музыкантаў, падсобныя памяшканні. Размесціцца тут і служба «адно акно».

— З узвядзеннем ЗАГСа завершыцца фарміраванне архітэктурнага аблічча Цэнтральнай плошчы, — адзначыла начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Святлана Хрусталёва. – Будынак арганічна ўпішацца ў наваколле. Адзін з аўтараў праекта прымаў удзел у планаванні забудовы нашай Цэнтральнай плошчы. Аўтарская група ўлічыла пажаданні работнікаў ЗАГСа. Для наведвальнікаў з абмежаванымі магчымасцямі прадугледжана безбар’ерная прастора. Пакоі для ўрачыстасцей і служба «адно акно» размесцяцца ў розных частках будынка. Пры гэтым колькасць работнікаў службы павялічыцца.

Святлана Георгіеўна падкрэсліла, што ў крокавай даступнасці ад запраектаванага будынка размешчаны французскі сквер, парк Перамогі з маляўнічымі воднымі аб’ектамі. Дзякуючы гэтаму ствараецца адпаведны настрой, павышаецца камфортнасць усёй забудовы.

— Дзеючы ЗАГС знаходзіцца ў прыбудаваных да жылога дома памяшканнях. Там мала месца для паркоўкі, нязручны праезд. Таму і паўстала неабходнасць ва ўзвядзенні новага будынка. Заказчыкам будаўніцтва з’яўляецца УКБ Маладзечанскага раёна, праектная арганізацыя – ААТ «Інстытут «Мінскграмадзянпраект». Пасля грамадскага абмеркавання праект будзе накіраваны на архітэктурна-горадабудаўнічы савет пры Мінскім аблвыканкаме. Узводзіць аб’ект плануецца за кошт сродкаў інвестыцыйнай праграмы Мінскай вобласці, — зазначыла Святлана Хрусталёва.


І распісацца, і адзначыць вяселле

З праектам новага ЗАГСа можна пазнаёміцца ў фае будынка цэнтралізаванай клубнай сістэмы (вул. Лібава-Роменская, 71). Размешчаны ён і на афіцыйным сайце райвыканкама (раздзел «Грамадскія абмеркаванні»). Мы вырашылі даведацца, што думаюць маладзечанцы пра новы аб’ект, таму накіраваліся ў клубную сістэму.
Ля стэнда стаялі некалькі чалавек, у асноўным юнакі і дзяўчаты (якраз мэтавая аўдыторыя). Яны ўважліва вывучалі інфармацыю. Рэспандэнты ахвотна падзяліліся сваімі меркаваннямі.

— Праект мне падабаецца. Будынак нагадвае карабель. Было б здорава распісацца менавіта ў новым ЗАГСе і адплыць з каханым чалавекам у сумеснае плаванне па жыцці, — сказала Анжаліка Чатырка.

Сяргею Бушылу падабаецца, што ў будучым ЗАГСе можна будзе і распісацца, і адзначыць вяселле. Архітэктары нездарма прадугледзелі банкетную залу.

— Да плануемага будаўніцтва стаўлюся станоўча. Дзеючы ЗАГС не такі прыгожы і камфортны, як будучы. Думаю, маладыя абавязкова ацэняць новы аб’ект, — уступіла ў размову Вольга Гулевіч.

Юрый Астаповіч дадаў, што будзе вадзіць на экскурсію ў новы ЗАГС сваіх знаёмых. Жывуць яны ў розных гарадах. Як спадзяецца юнак, такім чынам некаторым сябрам пашанцуе хутчэй сустрэць сваё шчасце.

Грамадскае абмеркаванне праекта завершыцца 27 снежня. Да гэтай даты пісьмовыя заўвагі ці прапановы трэба накіроўваць у Маладзечанскі райвыканкам. 

Алег БЯГАНСКІ.

Фота: АЎТАР.

 

Прочитано 268 раз Последнее изменение 06.12.2019 11:19
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить