Старшыня райвыканкама адзначыў работу, што праводзіцца на Маладзечаншчыне па замацаванні зямельных участкаў за суб’ектамі гаспадарання. Па гэтым напрамку раён займае ў вобласці лідзіруючыя пазіцыі. Гэта работа будзе прадоўжана: безгаспадарчым не павінен застацца ніводны ўчастак.
Юрый Горлаў распарадзіўся знайсці магчымасці знізіць кошт капітальнага будаўніцтва. Справа ў тым, што ў паляпшэнні жыллёвых умоў маюць патрэбу каля 13 тысяч жыхароў горада і раёна. На Маладзечаншчыне актыўна ўзводзіцца жыллё, працуюць прадпрыемствы будаўнічай галіны. Рэзервы для змяншэння сабекошту іх прадукцыі і работ павінны знайсціся.
Старшыня райвыканкама закрануў пытанне добраўпарадкавання гарадскіх вуліц, а менавіта пракладкі пешаходных дарожак. З гэтай нагоды неаднаразова паступалі ўжо звароты маладзечанцаў.
— Разам з дэпутатамі па адпаведных акругах мы вызначым усе праблемныя вуліцы і намецім чарговасць іх добраўпарадкавання. Работы будуць праводзіцца па меры фінансавання. Інфармацыя абавязкова будзе даведзена да жыхароў, — падкрэсліў Юрый Горлаў.
Па яго меркаванні для правядзення некаторых найбольш надзённых мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні можна накіроўваць сродкі, заробленыя на суботніках.
Юрый Мікалаевіч таксама нагадаў, што ў Беларусі дзяржава аказвае насельніцтву значную падтрымку пры аплаце камунальных паслуг. Дзейнічае сістэма субсідзіравання. Субсідыі даюцца ў выпадку, калі штомесячная сума за жыллёва-камунальныя паслугі ў межах устаноўленых норм іх спажывання перавышае 20 працэнтаў сярэднямесячнага сукупнага даходу сям’і, якая жыве ў горадзе, і 15 працэнтаў — у сельскім населеным пункце.