24.09.2018 10:35

Не уверен - не стреляй

Свой першы трафей (зайца) вядучы паляўніцтвазнавец Маладзечанскай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Іосіф Залуцкі здабыў больш за 40 гадоў таму. З таго часу на яго ліку былі і ваўкі, і ласі, і дробная жыўнасць. Сваімі разважаннямі пра паляванне спецыяліст падзяліўся з чытачамі «Маладзечанскай газеты».

Стан душы і традыцыя

— Звычайна традыцыя палявання перадаецца ў сям’і з пакалення ў пакаленне, — гаворыць Іосіф Рамуальдавіч. — Гэты занятак дае магчымасць праводзіць час у кампаніі сяброў і аднадумцаў. Паляўнічыя і рыбаловы — людзі дружныя, гатовыя заўсёды дапамагчы адзін аднаму.

Увогуле, паляванне зацягвае. Яно вучыць дысцыпліне, самакантролю, разважлівасці. Калі, напрыклад, стаіш на нумарах, адказваеш не толькі за сябе, але і за ўсю каманду. Нельга, каб адрэналін перашкаджаў прыняць правільнае рашэнне. Падвяргаць калег рызыцы катэгарычна забараняецца. Дарэчы, у апошнія некалькі дзясяткаў гадоў няшчасных выпадкаў на паляванні ў раёне не было.
Яшчэ паляванне вучыць любові да навакольнага асяроддзя. Сапраўдны паляўнічы ўдзельнічае ў прыродаахоўных мерапрыемствах. Ён падкормлівае жывёл, нарыхтоўвае для капытных на зіму сена, дапамагае высаджваць лес. Акрамя таго, праводзіць шмат часу на свежым паветры карысна для здароўя.

Справа сямейная

Сярод больш чым 400 зарэгістраваных у раёне паляўнічых ёсць і прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. Напрыклад, Святлана Верацейка і Віялета Шаўчэнка. Яны нароўні з мужчынамі стаяць на нумарах і ўдзельнічаюць у паляванні з засады. Ёсць на Маладзечаншчыне некалькі сем’яў, дзе муж і жонка маюць паляўнічыя білеты.

На жаль, цікавасць да палявання ў моладзі падае. Маладых людзей зацягвае камп’ютарнае жыццё, і паляўнічая рамантыка з яе кодэксам гонару застаецца незапатрабаванай.

Выдатная «пяцёрка»

Пры паляванні ў Афрыцы асаблівым гонарам лічыцца здабыць прадстаўнікоў выдатнай «пяцёркі» — слана, насарога, буйвала, льва і леапарда. У беларускіх паляўнічых гэта воўк, сякач, лось, высакародны алень і зубр. Апошні занесены ў Чырвоную кнігу, аднак з навуковай мэтай і для выбракоўвання старых і хворых асобін у выглядзе выключэння дазваляецца здабываць і яго.

Каб упаляваць мядзведзя або рысь, беларусы едуць у Расію. Там здабыча гэтых відаў дазволена. Шмат замежных паляўнічых наведваюць і нашу краіну. Паляўнічы турызм у рэспубліцы развіваецца хуткімі тэмпамі. Для гэтага створаны ўсе  ўмовы.

Перш за ўсё веды

Паляванне – гэта не толькі стральба, выдатная рэакцыя і фатаграфаванне з трафеямі. Перш за ўсё гэта добрыя веды біялогіі і звычак жывёл.

Так, паляўнічы на вялікай адлегласці павінен адрозніваць самцоў ад самак, віды, якія можна здабыць, ад тых, што ахоўваюцца. Трэба вызначаць трафейныя якасці жывёл (напрыклад, у ласёў і аленяў гэта форма і памер рагоў). Увогуле, асноўнае правіла айчынных аматараў палявання: «Не ўпэўнены — не страляй!».

Уласцівая паляўнічым і смеласць. Асабліва тым, хто выкарыстоўвае лук або арбалет. У вырашальны момант трэба быць даволі блізка да будучага трафея. Такое паляванне дазволена толькі на капытных.
Кодэкс паляўнічага прадугле-джвае звесці пакуты жывёл да мінімуму. Таму выкарыстоўваюцца спецыяльныя боепрыпасы, прыцэлы, а таксама капканы, якія адразу забіваюць жывёлу. Такія прылады прадугледжаны міжнароднымі нормамі.    

Трафеяў становіцца больш

Як падкрэсліў Іосіф Залуцкі, пры навукова абгрунтаваным вядзенні паляўнічай гаспадаркі колькасць жывёл на пэўнай тэрыторыі павялічваецца. Гэта тычыцца i Маладзечаншчыны.

Так, сёлета ў раён будуць завезены 30 аленяў. Вальер у 10 гектараў уладкоўваецца ў Красненскім лясніцтве. Праз некаторы час жывёл выпусцяць на волю.

Прыродаахоўныя мерапрыемствы дазволілі павялічыць колькасць ласёў у раёне да 87, казуль – да 376. Дзякуючы гэтаму сёлета дазволена здабыць 8 сахатых і 72 лясных коз.

Сярод іншых мясцовых паляўнічых відаў — бабёр (іх у раёне каля 200 асобін), выдра і іншыя віды. Дарэчы, на тэрыторыі населеных пунктаў здабываць баброў забараняецца. А выкарыстоўваецца ў іх акрамя шкуры і струменя яшчэ і мяса. Тушонка і каўбаскі з бабра лічацца далікатэсам.

Выйграюць ад правільнага вядзення паляўнічай гаспадаркі і «чырванакніжныя» віды, бо
ахоўваюцца і іх месцы рассялення. Напрыклад, у апошнія гады Маладзечанскі раён сталі наведваць рысі і мядзведзі. Так, рысь бачылі ля мяжы з Вілейскім і Валожынскім раёнамі, а мядзведзя – ля Радашковіч. Звер пераходзіў трасу Мінск – Маладзечна – Нарач. На вадаёмах ля Палачан водзяцца кулік-сарока, малы і вялікі бугай.

Жаночы погляд

Па словах паляўнічай з васьмі-гадовым стажам Святланы Верацейка, паляванне — гэта адпачынак для душы, драйв, станоўчыя эмоцыі. Калі знаходзішся на прыродзе разам з сябрамі, пачуцці незабыўныя.
Жанчына найбольш любіць загоннае паляванне на капытных з сабакамі. Найбольш значны трафей у яе паляўнічай кар’еры – лось. У планах на бліжэйшы сезон – здабыць трафейнага ляснога казла.
Дзічына ідзе на смачныя далікатэсы. Асабліва ў Святланы атрымліваецца бужаніна ў духоўцы.

У  тэму
Паляванне – даволі дарагі занятак. Акрамя набыцця зброі, боепрыпасаў і адпаведных прыстасаванняў, трэба яшчэ плаціць узносы і набываць пуцёўкі. Так, здабыча дарослага лася абыдзецца члену Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў да 1200 рублёў, выдры – 20, бабра – 15 (і яшчэ 30 рублёў за месяц за дазвол на паляванне на бабра).

ЦІКАВА  ВЕДАЦЬ

Плошча паляўнічых угоддзяў у Беларусі складае каля 17 мільёнаў гектараў. У рэспубліцы дазволена паляваць больш чым на 50 відаў жывёл і птушак.

***
Пажаданне паляўнічаму «ні пуху ні пер’я» — гэта замова на ўдачу. Прычым пух азначае звера, а пяро — птушку.

***
У Фінляндыі некаторыя паляўнічыя даюць каманды сваім сабакам па мабільных тэлефонах. Спецыяльны дынамік мацуецца на ашыйніку хвастатага памочніка.

***
Жыхары далёкаўсходняга рэгіёна лічаць паляваннем збор жэньшэню. Справа ў тым, што корань рэдкай гаючай расліны падобны на фігурку жывой істоты.

***
З XIV стагоддзя ў еўрапейскай паляўнічай літаратуры сустракаюцца згадкі пра рагатых зайцоў.

***
У Іспаніі на каровах часам можна ўбачыць надпіс «VAKA». Ён так і перакладаецца — «карова». Проста раней нявопытныя паляўні-чыя часта забівалі хатніх буронак, блытаючы іх з ляснымі аленямі.

***
У ЗША прадаюць туалетную паперу камуфляжнай расфарбоўкі. І гэта не жарт. У час палявання на бела-хвостага аленя адзін паляўнічы выкарыстаў туалетную паперу белага колеру, а іншыя з далёкай адлегласці прынялі яго за здабычу.

Фота: Алег БЯГАНСКІ і інтэрнэт-рэсурсы.

Прочитано 1370 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.