17.01.2018 9:34

Навука быць лідарам

У тым, што дзяржаўны політэхнічны каледж месціцца на Цэнтральнай плошчы горада ў самым манументальным будынку Маладзечна, ёсць, пагадзіцеся, пэўная сімволіка. Адно толькі па гэтай прычыне ён не можа быць другараднай навучальнай установай.

Молодечненский политехнический колледж. Молодечненский политехнический колледж. "Маладзечанская газета"


– У канцы 2016 года каледж увайшоў у структуру УА «Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі». А яшчэ раней, у 2012 годзе, атрымаў статус вядучай установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі на абласным узроўні, – пацвярджае мае здагадкі дырэктар філіяла Міхаіл Клокель. – Пастанову Міністэрства адукацыі аб наданні такога высокага статуса я нават у асобнай рамачцы захоўваю, пад шклом: пачэсна быць у саліднай кампаніі – Брэсцкі, Мінскі, Магілёўскі, Гомельскі політэхнічныя, Віцебскі індустрыяльна-будаўнічы каледжы… Нам даводзіцца вырашаць важную дзяржаўную задачу: удзельнічаць у распрацоўцы і апрабацыі новай мадэлі сярэдняй спецыяльнай адукацыі, падрыхтоўцы прафесіяналаў новага ўзроўню. У гэтым плане многае ўжо зроблена, шмат што робіцца цяпер. Да прыкладу, у каледжы праходзяць навучанне юнакі (і некалькі дзяўчат таксама!) па спецыяльнасцях «мехатроніка» і «комплекснае абслугоўванне жылых збудаванняў», так званыя хаус-майстры. Цікавыя прафесіі, іх уладальнікі будуць запатрабаваныя на рынку працы.

Гісторыя каледжа налічвае больш за паўстагоддзя. У верасні 1960 года будучыя тэхнікі-электрыкі парагенератарных установак і спецыялісты харчовых вытворчасцей прыступілі да заняткаў. Умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база навучальнай установы, выкладчыкі набывалі і адшліфоўвалі педагагічныя навыкі. Сёння можна ўпэўнена сказаць: народная гаспадарка і былога Савецкага Саюза, і Беларусі за гэты час папоўнілася адукаванымі і ўмелымі спецыялістамі. Да слова, выпускнікамі Маладзечанскага політэхнічнага тэхнікума былі вядомыя і ў нашым горадзе, і ў краіне людзі. Вось толькі некалькі прозвішчаў – дырэктар Маладзечанскіх электрычных сетак Сяргей Сарычаў, начальнік міжраённага аддзялення энергазбыту Уладзімір Рынкевіч, дырэктар хлебазавода Мікалай Аскірка, намеснік старшыні райвыканкама Алег Хлебавец, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар тэхнічных навук, прафесар, прарэктар Беларускага нацыянальнага тэхналагічнага ўніверсітэта Фёдар Раманюк, доктар тэхнічных навук, прафесар, прарэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання Аляксандр Акуліч.

Цяпер у філіяле «Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж» установы адукацыі «Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі» навучаецца больш за 1000 юнакоў і дзяўчат па дзесяці спецыяльнасцях. Калектыў педагогаў і выхавальнікаў складае амаль сто чалавек. Дзесяць гадоў узначальвае ўстанову згаданы ўжо Міхаіл Клокель. Цікава, на педагагічную працу ён прыйшоў дзякуючы… «Маладзечанскай газеце»: прачытаў аб’яву, што тэхнікуму патрэбен выкладчык спецыяльных дысцыплін па радыёпрыборабудаванні. А ў яго за плячамі і Мінскі радыётэхнічны інстытут, і работа на заводзе «Спадарожнік», а таксама ў гаркаме камсамола. Веды, вопыт, ініцыятыва… Так у 1990 годзе Міхаіл Мікалаевіч з галавой акунуўся ў педагогіку, праз пэўны час стаў намеснікам дырэктара па вытворчым навучанні, а калі ў 2008 годзе яго папярэднік Мікалай Жгун быў выбраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, узначаліў навучальную ўстанову.

Дарэчы, сам Міхаіл Клокель грамадскай работы ніколі не цураўся. І характар няўрымслівы, і камсамольскі вопыт проста так не адкінеш. Другое скліканне запар з’яўляецца дэпутатам раённага Савета дэпутатаў, займае пасаду нявызваленага намесніка старшыні райсавета. Дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў. Актыўна рэагуе на праблемы выбаршчыкаў, адгукаецца на просьбы людзей. Нямала паспеў зрабіць і як народны выбраннік, і як кіраўнік навучальнай установы.

– Мы капітальна адрамантавалі вучэбна-лабараторны корпус №2, што на вуліцы Машэрава. Там акрамя лабараторый і вучэбных майстэрняў размяшчаецца рэсурсны цэнтр па падрыхтоўцы спецыялістаў для харчовай галіны: вучацца і павышаюць кваліфікацыю прадстаўнікі ўсіх абласцей краіны. Цэнтр абсталяваны сучаснымі міні-пякарняй і міні-піваварняй, лабараторыяй мікрабіялогіі і тэхна-хімічнага кантролю. Такіх нават на прамысловых прадпрыемствах няма, – канстатуе Міхаіл Клокель. І працягвае. – Амаль з «нуля» пабудавалі добры басейн з дзвюма воднымі дарожкамі на 25 метраў. Цяпер і навучэнцы, і выкладчыкі могуць скарыстацца яго магчымасцямі. Аказваем аздараўленчыя паслугі і насельніцтву. Словам, мы ў каледжы – за здаровы лад жыцця.

Як вядома, мінулы год праходзіў у Беларусі пад знакам навукі. Для дырэктара політэхнічнага каледжа ён стаў красамоўным сімвалам імкнення да ведаў: Міхаіл Мікалаевіч з’яўляецца саіскальнікам навуковай ступені кандыдата педагагічных навук, шчыруе над дысертацыяй. У яе аснову будуць пакладзены, у тым ліку, і ўласныя напрацоўкі на ніве педагогікі і выхавання.

Фота: архіў М.Клокеля.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://www.mgazeta.by/regionalnyj-aktsent/item/2166-navuka-byts-lidaram.html#sigProId6e841b7fe8
Прочитано 2075 раз
Аляксандр Лазоўскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.