Віктар Станіслававіч паведаміў, што ў барацьбу са снегам і галалёдам у горадзе гатовы ўступіць 23 адзінкі тэхнікі, у тым ліку грэйдар, чатыры пескараскідвальнікі, тры пагрузчыкі, пятнаццаць трактароў з навясным абсталяваннем. Раённая жыллёва-камунальная гаспадарка валодае дзвюма адзінкамі спецтранспарту. Акрамя таго, чысцінскія і радашковіцкія камунальнікі маюць у сваім распараджэнні па дзве машыны для ўборкі снегу і падтрымання дарог у належным стане, беразінскія і аляхновіцкія – па адной. Ёсць яшчэ дзяжурны аўтамабіль для аператыўнай дастаўкі работнікаў да месцаў, дзе спатрэбіцца дапамога. Увесь транспарт аснашчаны сістэмай GPS-навігацыі.
— Пры неспрыяльных умовах надвор’я расчышчаць дваровыя тэрыторыі, аўтобусныя прыпынкі, дарожкі да магазінаў, школ і дзіцячых садоў будуць каля 200 дворнікаў. Больш за 600 скрынь з пясчана-саляной сумессю ўстаноўлена ля аўтобусных прыпынкаў, пешаходных пераходаў, дарожных скрыжаванняў і ў дварах, — расказаў намеснік начальніка УП «Камунальнік».
Віктар Макарэвіч нагадаў маршрут, па якім пры снегападах і галалёдзе будзе курсіраваць спецыяльная дарожная тэхніка. Пачынаецца ён на вуліцы Янкі Купалы, праходзіць па Віленскай, Вялікім Гасцінцы да аўтобуснага прыпынку «Здземелева». Там «караван» з не менш чым сямі трактароў са шчоткамі і адваламі разварочваецца і едзе да стэлы на ўездзе ў наш горад з боку Мінска. Затым надыходзіць чарга вуліц Магістральнай, Замкавай, Чарняхоўскага, Гарадоцкай, Маркава, Міру, Машэрава, Драздовіча, Велікасельскай. Потым тэхніка накіроўваецца ў раёны прыватнай забудовы.
Перш чым чысціць снег, праезная частка дарог павінна быць апрацавана пясчана-саляной сумессю. Спрацоўвае яна на працягу некалькіх гадзін. Падрыхтоўка да расчысткі вуліц пачынаецца пасля таго, як адпаведны прагноз метэаўмоў паступіць з Вілейскай метэастанцыі. Гэта інфармацыя заносіцца ў спецыяльны журнал.
Віктар Макарэвіч на пляцоўцы, дзе захоўваецца пясчана-саляная сумесь па вуліцы Сухой у Залінейным раёне.
— Звычайна ў зімовы перыяд на Маладзечаншчыне расходуецца каля 3500 тон сумесі. Сёлета нарыхтавана 4505 тон антыгалалёднага сродку, неабходна назапасіць яшчэ 500. Такой колькасці хопіць нават пры самых неспрыяльных умовах надвор’я. Дарэчы, найбольш сумесі расходуецца, калі тэмпература на працягу сутак вагаецца каля нуля, — падкрэсліў Віктар Макарэвіч.
Для пясчана-саляной сумесі падыходзіць толькі мыты рачны пясок і мінерал галіт (каменная соль). Яе «Камунальнік» купляе ў «Беларуськалія».
— Сумесь нельга выкарыстоўваць на ўчастках вуліц і плошчаў з бетонным пакрыццём, а таксама на вуліцах і завулках з грунтовым пакрыццём. Падсыпка будзе адбывацца ў адпаведнасці з нарматывамі. Снег, забруджаны пясчана-саляной сумессю, плануецца вывозіць за горад на спецыяльную пляцоўку ля палігона цвёрдых камунальных адходаў, — адзначыў Віктар Макарэвіч.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.