27.09.2023 11:44

«Гаспадарка, дзе цэняць людзей і іх працу»

Так пра ААТ «Гарадзілава» гавораць самі работнікі. З году ў год гэта сельгаспрадпрыемства ў ліку лепшых. Яго дырэктар Дзмітрый Грамовіч расказаў нам пра тое, як удаецца трымаць высокую планку.

«Гаспадарка, дзе цэняць людзей і іх працу» Маладзечанская газета

Як і ў многіх іншых гаспадарках раёна, асноўныя кірункі дзейнасці ААТ «Гарадзілава» — жывёлагадоўля (асаблівы ўпор — на малочную вытворчасць) і раслінаводства (у прыватнасці, вырошчванне збожжавых і зернабабовых, рапсу, кукурузы).

— На працягу апошніх шасці гадоў наша выручка ад жывёлагадоўлі і раслінаводства складае 50 на 50, — гаворыць Дзмітрый Мікалаевіч. — Працуем эфектыўна і з прыбыткам, які пастаянна расце. Сярэдняя заработная плата па гаспадарцы перавысіла дзве тысячы рублёў — гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у раёне.

— Як спрацавалі ў гэту ўборачную кампанію, якая выдалася засушлівай?

— Ураджайнасць крыху меншая, але ўрэшце вынікамі задаволены і па валавым зборы, і па выручцы. Безумоўна, сельская гаспадарка залежыць ад надвор’я, але для нас гэта ўжо нюансы, і мы навучыліся іх абыходзіць. Сакрэты поспеху нашай гаспадаркі найперш у людзях, якія самааддана і добрасумленна працуюць.

Дзмітрый Грамовіч не падзяляе работнікаў на лепшых і горшых. На яго погляд, у дружнай камандзе сельгаспрадпрыемства, як у тым ланцужку, важнае кожнае звяно — ад даглядчыка жывёлы і даяркі, трактарыста і вадзіцеля да кіраўнікоў.

— З году ў год у нас вызначаюцца і «тысячнікі», але ж за імі стаяць і тыя, хто араў, сеяў. Абсалютна ўсе мы нацэлены на высокі вынік работы, таму ў нас і ёсць эфектыўнасць, — тлумачыць дырэктар. — А лепшай падтрымкай лічу добрую заработную плату, якой чалавеку хапае на яго патрэбы. Кожны год, дарэчы, нашы работнікі бываюць на адпачынку ў Егіпце.

Таксама Дзмітрый Мікалаевіч зазначае, што ганарыцца тым, што за сем гадоў работы ў ААТ «Гарадзілава» ад яго не сышоў ні адзін спецыяліст.

— Перспектывы ў нас таксама ёсць, — працягвае ён. — Узяты курс на ўзвядзенне малочнатаварнага комплексу. Такім чынам, будуць і дадатковыя рабочыя месцы створаны, і сама гаспадарка працягне развіццё. Можна падаць і ўзнімацца, але стадыя застою найгоршая.

У ААТ «Гарадзілава» ўжо закладзена аснова ўраджаю і наступнага года. Пасеяны азімы рапс. Поўным ходам ідзе нарыхтоўка кармоў, пачалі назапашваць кукурузу на сілас.

Кожны работнік гаспадаркі максімальна эфектыўна выкарыстоўвае рабочы час, таму каб пагутарыць з імі, давялося і на палеткі выязджаць, і на мех-двары пабываць.

Галоўны інжынер Аляксандр Дземашкевіч у сельгаспрад-прыемстве сем гадоў.

— Сельская гаспадарка — гэта маё, — усміхаецца ён, калі тлумачыць свой выбар прафесіі. — Да таго ж тут цэняць работнікаў, іх працу, ды і зарплата добрая.

Цалкам згодны з калегам і галоўны аграном Ігнат Ігнатаў, які працуе ў «Гарадзілаве» пяць гадоў. Ён жыве ў горадзе.

— Гэта мая стыхія, — гаворыць ён. — Я атрымліваю задавальненне ад вынікаў работы.

Адзін з самых вопытных — вадзіцель Алег Ігнатовіч, які жыве ў Гарадзілаве. У гаспадарцы ён ужо больш за 30 гадоў. Гэта яго адзінае месца работы.

— Дзе нарадзіўся, там і спа-трэбіўся, — з асаблівым сэнсам гаворыць Алег прапісную ісціну. — У сельгаспрадпрыемства прыйшоў пасля службы ў арміі. Тут усё сваё, усё побач… Прадоўжыў мяне ў прафесіі і сын Андрэй, працуем разам, ён выдатна дапамагае ў час уборачнай.

Ужо сем сезонаў у адным экіпажы трактарысты Яўгеній Гнілазуб і Аляксандр Сцефановіч. І з году ў год у ліку
лепшых, сёлета намалацілі амаль 3 тысячы тон збожжа. Яны таксама родам з гэтых мясцін. Ледзь не ў адзін голас гавораць, што і іх бацькі працуюць у сельскай гаспадарцы. Яўгеній і Аляксандр прыйшлі сюды пасля заканчэння Беразінскага ПТВ.

— Сельская гаспадарка — аснова беларускай эканомікі, тут можна зарабіць добрыя грошы. Канечне, калі не ленавацца, а цалкам аддавацца рабоце, — з веданнем справы рэзюмуе Аляксандр.

Ірына РАБУШКА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 323 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.