Банкаўская справа альбо педагогіка?
Сёлета ў Лебедзеўскай СШ за парты сядуць 309 навучэнцаў.
-- Апошнія пяць гадоў у нас становіцца ўсё больш школьнікаў, -- заўважае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Юшкевіч. -- Развіваецца наш аграгарадок, працуе трывалая гаспадарка -- філіял Аграфірма «Лебедзева» РУП «Мінскэнерга». У сельгасарганізацыю прыходзяць маладыя спецыялісты, якіх зацікаўліваюць жыллём, і яны застаюцца, ствараюць сем’і.
У новым навучальным годзе ў школе будуць два першыя класы -- гэта амаль 40 хлопчыкаў і дзяўчынак. А 11-класнікаў дзявяцера. Дарэчы, усе шасцёра сёлетнія выпускнікі паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Яны абралі сабе розныя сферы для далейшага развіцця -- лінгвістыку, бізнес-камунікацыі, культуралогію, філалогію, геадэзію, ІТ-тэхналогіі.
У Лебедзеўскай СШ вопытны і зладжаны калектыў. Прычым большасць педагогаў мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Настаўнікі як з Лебедзева, так і з бліжэйшых сельскіх населеных пунктаў, з Маладзечна.
Упершыню набярэ свой першы клас Ніна Рак. На працягу 14 гадоў яна працавала ў банкаўскай сферы ў Маладзечне (прайшла шлях ад старшага касіра да вядучага спецыяліста аддзела карпаратыўнага бізнесу), а пасля дэкрэтнага водпуску вырашыла вярнуцца да сваёй першай прафесіі. У свой час яна закончыла Нясвіжскі каледж імя Якуба Коласа і педуніверсітэт імя Максіма Танка. Спачатку ў Лебедзеўскай школе была педагогам-арганізатарам.
-- Сёлета я, безумоўна, асабліва хвалююся, -- дзеліцца Ніна Міхайлаўна. -- Чаму я аддала перавагу педагогіцы? Працаваць з дзецьмі -- гэта справа для душы. У маім класе будзе дзесяць дзяўчатак і дзевяць хлопчыкаў. Мне таксама падабаецца, што ў школе беларускамоўнае навучанне. Па-беларуску я гавару і ў паўсядзённым жыцці. Дабірацца ў Лебедзева з горада нескладана. Уся дарога займае каля паўгадзіны. Мяне цягне ў родны край, мая малая радзіма -- вёска Дамашы. Многія цяперашнія калегі некалі былі маімі настаўнікамі ў Насілаўскай базавай школе, якую я закончыла.
3,5 тысячы рублёў -- на шторы
У кабінетах і калідорах Лебедзеўскай СШ пакуль пахне свежай фарбай, на сталах роўнымі стосамі складзены падручнікі…
Да новага навучальнага года тут пачалі рыхтавацца яшчэ ў чэрвені, адразу пасля завяршэння аздараўленчай кампаніі. У падрыхтоўцы былі задзейнічаны і педагогі, і іншыя работнікі, і навучэнцы, якія выконвалі пасільную работу, напрыклад, па азеляненні тэрыторыі, уборцы. Гэтымі днямі тут робяць апошнія штрыхі: кухонны рабочы Марыя Харук-Качэрская і дворнік Яўгеній Беразоўскі прыводзяць у належны стан ганак аднаго з уваходаў у школу.
Шмат гадоў установа падтрымлівае сяброўства з Малінаўшчызненскім спіртагарэлачным заводам -- «Аквадыў», што таксама дапамагае рыхтавацца да навучальнага года.
-- Наша шэфскае прадпрыемства выдаткавала 3,5 тысячы рублёў, -- зазначае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце. -- Зрасходавалі іх на набыццё штор для актавай залы, у якой таксама размяшчаецца сталовая.
Пяць крокаў выратавання
З першага верасня ў школе прадоўжаць профільнае навучанне. Тут практыкавалі як гуманітарны, так і аграрны кірункі. Па запыце саміх старшакласнікаў спыніліся на апошнім -- з вывучэннем біялогіі і хіміі на павышаным узроўні.
-- Вучні зрабілі такі выбар, бо жывуць у сельскай мясцовасці і бачаць, што прафесіі гэтага профілю запатрабаваныя і на малой радзіме, і ў цэлым у краіне, -- акцэнтуе Святлана Юр’еўна. -- У прафарыентацыйнай дзейнасці мы актыўна супрацоўнічаем з Гродзенскім аграрным універсітэтам. На базе школы нашы 10-класнікі ў рамках прадмета «Працоўнае навучанне» могуць асвоіць і прафесію аператара электронна-вылічальных машын.
-- Асаблівая ўвага ў новым навучальным годзе будзе нададзена развіццю навыкаў бяспекі ў навучэнцаў, -- далучаецца да размовы намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Абодзіч. -- Мы закупілі вялікія тэматычныя наклейкі серыі «Пяць крокаў выратавання» з QR-кодамі і размясцілі іх на вокнах у рэкрэацыі на першым паверсе. Пры дапамозе мабільнага тэлефона коды можна актываваць і больш падрабязна пачытаць пра правілы бяспечных паводзін, інфармацыя аздоблена сюжэтнымі карцінкамі-падказкамі. У такой інтэрактыўнай форме сучасным дзецям будзе больш цікава іх вывучаць. Закуплены дыдактычны матэрыял і ў кабінет фізікі.
А ў меню -- нагетсы і піца
У перспектыве ў харчовым блоку сталовай з’явіцца новае абсталяванне, што стане магчымым у рамках праекта па здаровым харчаванні, у якім з новага навучальнага года будзе ўдзельнічаць Лебедзеўская СШ.
-- У беларускіх гімназіях і школах яго пачалі рэалізоўваць два гады таму, і ён добра зарэкамендаваў сябе, -- тлумачыць Таццяна Іванаўна. -- Сёлета да іншых устаноў Маладзечаншчыны далучыліся і мы. Як мае быць, летась у нашай школе праводзілася анкетаванне навучэнцаў з мэтай вывучэння іх смакавых пераваг. Цяпер яны будуць улічвацца пры складанні меню. Праект накіраваны на тое, каб ахапіць гарачым харчаваннем большую колькасць дзяцей, палепшыць рацыён і знізіць харчовыя адходы. Да прыкладу, вучні аддавалі перавагу нагетсам, курыным адбіўным, сасіскам, піцы, смажням. Усё гэта будзе прапанавана з улікам спецыфікі харчавання ў школьным узросце.
… Тым часам у школе пачалі ўжо рэпеціраваць першавераснёўскае свята. Многія дзеці, як і педагогі, іншыя работнікі, прыязджаюць сюды на веласіпедах, для якіх таксама абсталяваны зручныя «парковачныя» месцы.
Са школьнікамі займаецца педагог-арганізатар Іна Калацэй. Для яе навучальны год стане першым у Лебедзеўскай СШ, і яна поўная аптымізму на новы віток асабістага і прафесійнага развіцця. На работу Іна Алегаўна ездзіць з Асанава. У наступным годзе плануе аддаць у гэту школу дзвюх малодшых дачок, якія пакуль ходзяць у дзіцячы сад.
У Лебедзеўскай школе ўвогуле шмат дзяцей з розных вёсак -- Маліноўшчыны, Маросек, Дамашоў, Насілава... Кожны вучэбны дзень раніцай адпраўляецца аўтобус па трох маршрутах, каб у суправаджэнні настаўніка даставіць школьнікаў на заняткі, а пасля абеду – адвезці іх дамоў. У гэтым дапамагае ААТ «Мінаблаўтатранс» філіял «Аўтобусны парк №4». Педагогі Лебедзеўскай СШ, як і самі вучні, хацелі б, каб «школьны» аўтобус быў і па суботах. У «шосты школьны дзень» дзеці могуць наведваць гурткі, заняткі па інтарэсах, розныя мерапрыемствы. Дабірацца сюды ў суботу грамадскім транспартам ім складана, асабліва ў халодную пару.
Тэкст і фота: Ірына РАБУШКА.