28.12.2022 11:30

Якім быў год Труса для маладзечанцаў у мінулым і новым стагоддзях?

Успомнім пра гэта разам, перагарнуўшы падшыўкі нашай газеты.

1963 год. Навучэнцы Беразінскага ГПТВ-42 Галіна Цярэшка, Станіслаў Грышкевіч, Таццяна Старавойтава, Мікалай Урбановіч, Павел Аляксеенка, Аляксандр Посах, Міхаіл Янкоўскі з партрэтам Юрыя Гагарына. 1963 год. Навучэнцы Беразінскага ГПТВ-42 Галіна Цярэшка, Станіслаў Грышкевіч, Таццяна Старавойтава, Мікалай Урбановіч, Павел Аляксеенка, Аляксандр Посах, Міхаіл Янкоўскі з партрэтам Юрыя Гагарына.

1963 год. Пісьмо Церашковай ад цёзкі па прозвішчыз Маладзечна, ліст Гагарына ў ГПТВ-42

На першай старонцы газеты «Святло камунізму» (так у савецкі час называлася «раёнка») за 18 чэрвеня змешчана пісьмо настаўніцы рускай мовы завочнай сярэдняй школы Маладзечна Варвары Церашковай яе знакамітай цёзцы па прозвішчы, першай у свеце жанчыне-касманаўту Валянціне Церашковай. Яе палёт у космас адбыўся 16 чэрвеня 1963 года, і маладзечанская настаўніца піша, што гэта «найвялікшая ўзнагарода ўсім савецкім жанчынам».

Як працяг касмічнай тэмы — вестка з Беразінскага ГПТВ-42, куды прыйшло пісьмо ад Юрыя Гагарына. Навучэнцы групы №32 напісалі першаму касманаўту аб сваёй вучобе, працы, марах, і ён адказаў, пажадаў поспехаў. Разам з пісьмом даслаў сваё фота з аўтографам.

Расказвалася ў нашай газеце пра мужнасць рабочых гархарч-камбіната — электрыка Віктара Галіцына і качагара Пятра Сініцы, якія прадухілілі аварыю печы. Працавалі пры тэмпературы 180 градусаў. Каб не абгарэць, надзелі на сябе па дзве ватоўкі, зімовыя шапкі. Абліваючыся потам, выбягалі з печы кожныя пяць мінут, за чатыры гадзіны справіліся з паломкай. Адміністрацыя аб’явіла ім удзячнасць, занесла іх імёны на Дошку гонару, дала тры выхадныя дні і выплаціла прэмію па 20 рублёў.

Рабочыя гархарчкамбіната Віктар Галіцын і Пётр Сініца прадухілілі аварыю печы.

Яшчэ адна навіна года — маладзечанская футбольная каманда «Спартак» пад кіраўніцтвам Юрыя Адзінцова заваявала званне чэмпіёна рэспублікі

сярод калектываў фізкультуры. Сярод маякоў футбола рэспублікі з’явіліся імёны маладзечанцаў Івана Траскоўскага, Альберта Зайцава, Вячаслава Бёрдачкіна, Юрыя Саланенкі, Арнольда Бохана, Анатолія Шэлеха.

Сярод знакамітых людзей, якія прыязджалі ў 1963-м у Маладзечна — дыктар Юрый Левітан, пісьменнік Іван Мележ.

У разгар хрушчоўскай эпохі нашы землякі з запалам вырошчвалі кукурузу, аб чым сведчылі матэрыялы газеты з назвамі накшталт «Лёс «каралевы» палёў у нашых руках».

Высокай ураджайнасцю збожжавых у той час маглі пахваліцца калгасы, дзе намалочвалі 14 цэнтнераў з гектара. Перадавыя даяркі — Зінаіда Арцёменка з «Яхімоўшчыны» і Варвара Вяль з калгаса імя Леніна — надойвалі па 3 тысячы кілаграмаў малака ад адной каровы.

Уваходзілі ў моду так званыя «камсамольскія» вяселлі, аб якіх расказвалася на старонках «раёнкі».

Вяселле камсамольскага сакратара трэста №14 Віктара Летуна і загадчыцы секцыі гарадскога ўнівермага Таісы Каралёвай. Іх віншуе маці жаніха Лідзія Ільінічна.

Між тым у 1963-м у некаторых вёсках раёна яшчэ не было электрычнасці. У газеце друкавалася пісьмо М. Багуміла, жыхара вёскі Клапачы Палачанскага сельсавета, які абураўся, што тут няма электрычнасці, радыё, не дэманструюцца кінафільмы.


1975 год. Пашпарты новага ўзору, «чортава» кола ў гарадскім парку, наваселле ў СШ №2

Гэты год прайшоў пад знакам 30-годдзя Вялікай Перамогі. У ліпені на 30-м кіламетры шашы Мінск — Вільнюс на развілцы дарог ля Радашковіч быў адкрыты 15-метровы абеліск экіпажу Мікалая Гастэлы. На ўрачыстасці прысутнічаў аўтар помніка знакаміты архітэктар Леанід Левін, адзін са стваральнікаў мемарыяльнага комплексу «Хатынь».

Прыкмета таго часу — сацыялістычнае спаборніцтва, якое праводзілася як у маштабах усяго СССР, так і асобна ўзятых прадпрыемстваў, брыгад.

На фота Міхаіла Асаевіча — пераможцы конкурсу прафесійнага майстэрства гарадской бальніцы Людміла Уліціч, Галіна Лосік, Валянціна Міхасёнак, Валянціна Арцюхова, Галіна Гембіцкая.

У 1975-м Маладзечанскі раён стаў пераможцам Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва, яго ўзнагародзілі Пераходным Чырвоным сцягам. У калгасе «Светлы шлях» была атрымана рэкордная ўраджайнасць збожжавых — 45,5 цэнтнера з гектара, сярэдняя ўраджайнасць у раёне — 33,2. Маладзечна заваявала першае месца сярод гарадоў Мінскай вобласці.

Даяркі Галіна Бацян з калгаса «1 Мая» Валожынскага раёна і Ніна Іванчык з саўгаса «Яхімоўшчына» дамовіліся ўступіць у працоўнае спаборніцтва.

Змяшчалася інфармацыя начальніка пашпартнага аддзялення аддзела міліцыі М. Більдзюк аб увядзенні пашпартоў новага ўзору. Яны бестэрміновыя, фота ў іх уклейваліся у 16, 25 і 45 гадоў.

1 верасня 1975 года вучні і настаўнікі СШ №2 пачалі вучыцца ў новым будынку. Дырэктарам школы ў той час быў Р.Л. Кароткі. Будаваў школу трэст №197, начальнік якога У.Р. Коцікаў — былы выпускнік гэтай школы.

Новы будынак быў узведзены і для чыгуначнай паліклінікі.

У газеце выходзіла атэістычная старонка «Жыццё і рэлігія», у якой друкаваліся прозвішчы бацькоў, якія пахрысцілі сваіх дзяцей у царкве ці касцёле. Адзін з урачоў расказваў, наколькі гэта шкодная працэдура, якая нават можа прывесці да смерці немаўлят.

1 мая ў гарадскім парку адкрыўся новы атракцыён — кола агляду, на якім адначасова маглі пакатацца 80 чалавек. Дзякуючы яму многія маладзечанцы старэйшых пакаленняў падняліся над горадам на вышыню птушынага палёту.

Хто памятае «чортава» кола ў гарадскім парку?

А яшчэ ў гэтым годзе літаратурная старонка нашай газеты атрымала назву «Купалінка», якая прыжылася на доўгія дзесяцігоддзі.


 

Паважаныя чытачы!

Калі нехта з вас пазнаў сябе ці сваіх блізкіх на фотаздымках — патэлефануйце ў рэдакцыю, раскажыце, як склалася далейшае жыццё!

Тэлефон 77-19-61.

Працяг — у бліжэйшых нумарах газеты.

Падшыўкі гартала Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Прочитано 308 раз Последнее изменение 28.12.2022 11:30
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.