21.11.2022 12:10

У «Лебедзеве» стаўку робяць на прафесіяналізм

Сваё прафесійнае свята работнікі філіяла Аграфірма «Лебедзева» РУП «Мінскэнерга» сустракаюць з добрым настроем. Плённа папрацавалі і жывёлаводы, і хлебаробы. Добрых паказчыкаў дасягнулі ўсе службы і падраздзяленні. У час візіту ў гаспадарку мы яшчэ раз пераканаліся, што галоўнай яе каштоўнасцю з’яўляюцца людзі.

У «Лебедзеве» стаўку робяць на прафесіяналізм "Маладзечанская газета"

Спалучэнне тэхналогіі і майстэрства

Экскурсія на малочнатаварную ферму «Мароські-2» пакідае моцнае ўражанне. Такой канцэнтрацыі робатаў няма нават на многіх прамысловых прад-
прыемствах. Разумныя машыны самі праводзяць дойку, улічваюць прадукцыйнасць кожнай каровы, карэкціруюць індывідуальнае меню жывёл, выконваюць іншую работу. Тут на практыцы прымяняюцца перадавыя тэхналогіі ХХІ стагоддзя.

— Механізацыя і робатызацыя тэхналагічных працэсаў дазваляюць вырашаць некалькі задач, — гаворыць начальнік МТФ Наталля Рабецкая. — Дзякуючы ім выключаюцца памылкі па прычыне чалавечага фактару, павышаецца якасць малака, зніжаецца яго сабекошт. Больш камфортнымі становяцца ўмовы працы персаналу.

Субяседніца расказала, што малако з фермы пастаўляецца на перапрацоўку толькі гатункам «экстра». Усяго на ферме ўтрымліваецца амаль 1800 галоў буйной рагатай жывёлы. Статак пастаянна абнаўляецца. Цяляты падрастаюць у камфортным прафілакторыі. Зладжана працуюць ветэрынарная і заатэхнічная службы, жывёлаводы, аператары машыннага даення. Эфектыўна вядзецца селекцыйная работа.

З гэтым згодная аператар па штучным асемяненні сельскагаспадарчых жывёл Ганна Садоўская. Спецыяліст абслугоўвае каля 800 кароў. Яе немалая заслуга ў тым, што аграфірма з’яўляецца адным з лідараў па вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі.

Пазнаёміліся мы і з адным з лепшых жывёлаводаў гаспадаркі Сяргеем Старакожам. У аграфірме ён працуе амаль 10 гадоў. Кватэру ў Лебедзеве яму выдзеліла прадпрыемства. На МТФ уладкавалася і жонка перадавіка Ганна Сяргееўна.

— Калектыў у гаспадарцы дружны, — гаворыць Сяргей Уладзіміравіч, — Для работнікаў ствараюцца камфортныя ўмовы працы, выплачваецца годны заробак. Кіраўнік аграфірмы Людміла Лымар клапоціцца пра людзей. Мая сям’я, як і іншыя работнікі сельгаспрадпрыемства, глядзіць у будучыню з аптымізмам.

Галоўнае для хлебароба — любоў да зямлі

Адной з галін спецыялізацыі гаспадаркі з’яўляецца раслінаводства. Аграномы, механізатары, іншыя спецыялісты ўносяць вырашальны ўклад у стварэнне кармавой базы для буйной рагатай жывёлы, забяспечваюць багаты ўраджай сельскагаспадарчых культур.

На думку механізатара Алега Даўбенкі, каб плённа працаваць на зямлі, трэба пасапраўднаму любіць яе. А калі гэту любоў прывілі бацькі, выбар жыццёвага шляху тым больш апраўданы.

Свой лёс звязалі з сельскай гаспадаркай бацька механізатара Леанід Іванавіч (цяпер ён на заслужаным адпачынку), а таксама браты Уладзімір і Павел. Сам Алег Леанідавіч працуе ў аграфірме з 2012 года. Гаспадарка забяспечыла жыллём. Высокі заробак і ёмісты сацыяльны пакет гарантаваныя.

— Гэты год не вельмі адрозніваецца ад папярэдніх, — гаворыць Алег Даўбенка. — На магутным «Беларусы» перавожу травяныя кармы, рыхтую глебу пад пасеў кукурузы, вывожу арганіку на палі, выконваю іншыя заданні. Тэхніку люблю. Калектыў мне падабаецца. Разам з жонкай гадуем траіх дзяцей. Што яшчэ трэба для шчасця?

Для Міхаіла Дземеша гэты год у асабістым плане быў выключна шчаслівым. Адзначыўся ён стварэннем сям’і. Жонка Міхаіла Вольга таксама працуе ў аграфірме «Лебедзева». На рахунку механізатара і прафесійныя поспехі. Ён быў адным з лепшых у корманарыхтоўцы і падрыхтоўцы глебы.

— І дадому, і на работу хаджу з задавальненнем. Не шкадую, што звязаў свой лёс з сельскай гаспадаркай, — сказаў перадавік вытворчасці.
Гэты погляд падзяляюць усе работнікі аграфірмы.

Алег БЯГАНСКІ.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

 

Прочитано 242 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.