18.08.2017 13:10

Беларускі саюз жанчын – гераіням жніва

У другой палове лета ў нашай краіне традыцыйна пачынаецца жніво.

На палі выязджаюць камбайны, трактары, іншая тэхніка, а гэта значыць, што для вяскоўцаў надыходзіць гарачая пара. Газетныя загалоўкі коратка перадаюць сутнасць галоўных падзей, увага краіны прыкавана да ўборкі збожжавых і яе герояў. Задача дзяржаўнай важнасці – у кароткія тэрміны і без страт убраць вырашчанае. Усе разам мы радуемся намалотам першых тысяч тон збожжа, а камбайнавыя экіпажы атрымліваюць прызнанне, падзяку і заслужаныя падарункі. Нароўні з мужчынамі працуюць і жанчыны, а магутныя камбайны паслухмяна падпарадкоўваюцца іх рукам.
Беларускі саюз жанчын ініцыяваў правядзенне рэспубліканскай акцыі ў падтрымку жанчын, якія маюць дачыненне да хлеба – галоўнага багацця краіны.
Стала добрай традыцыяй у час сельскагаспадарчых кампаній ушаноўваць жанчын, занятых на пасяўной, уборачнай. Такія мерапрыемствы праходзяць непасрэдна там, дзе вырашаецца лёс ураджаю – на палях, збожжатаках, фермах, і заўсёды знаходзяць цёплы водгук у вясковых працаўніц.
Актывісткі абласной і раённых арганізацый грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» сумесна з прадстаўнікамі мясцовых органаў улады, прафсаюзных арганізацый, дэпутатамі выконваюць пачэсную місію – ушаноўваюць прыгожую палову чалавецтва, жанчын, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у жніве і абслугоўваюць уборачную кампанію.
Падзякі Мінскай абласной, раённых арганізацый ГА «Беларускі саюз жанчын» і падарункі, якія ўручаюцца жанчынам непасрэдна на рабочым месцы, з’яўляюцца добрым стымулам для іх далейшай плённай дзейнасці, бо заўсёды прыемна, калі твае намаганні заўважаны і ацэнены.
У адзін з цёплых, сонечных дзён разам са старшынёй Маладзечанскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімірам Саланенкам мы наведалі адкрытае акцыянернае таварыства «Хоўхлава».
Я пастаралася яшчэ раз нагадаць, што праца вяскоўцаў заслужана ўшаноўваецца ў нашай краіне. У гэтым годзе ў засекі дзяржавы будзе пакладзены багаты ўраджай – вынік самаадданай працы многіх людзей – радавых работнікаў, кіраўнікоў, спецыялістаў, навукоўцаў, фермераў... Асаблівыя словы ўдзячнасці жанчынам, якія ўкладваюць душу і сэрца ў агульную справу.
Я сама не па чутках ведаю пра асаблівасці вясковага жыцця і працы на зямлі: вырасла ў сельскай мясцовасці, у сям’і была вялікая хатняя гаспадарка... І бацькам трэба было спалучаць асноўную работу з клопатамі на сваім падворку.
Тамара Аляксандраўна Шапуцька з 1991 года працуе загадчыцай збожжасховішча ў ААТ «Хоўхлава». Рабочы дзень у вясковай руплівіцы пачынаецца з усходам сонца і заканчваецца позна ўвечары. Але нягледзячы на такі шчыльны графік, яна знаходзіць час і на ўласную гаспадарку. Расказвае, што работы ніколі не баялася, была прывучана да яе з маленства. Дарэчы, бацькі Тамары Аляксандраўны таксама добрасумленна працавалі ў гэтай жа гаспадарцы. Яна пераканана, што поспех прыходзіць да тых, хто сумленна выконвае свае абавязкі і не баіцца цяжкасцей. А калі часам яны і ўзнікнуць, то не варта апускаць рукі. Наадварот, трэба смела ісці наперад – і тады будзе выдатны вынік. А маладым спецыялістам, якія вырашаць звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай, наказвае: калі прыйшлі працаваць – працуйце сумленна.
Згодна з рашэннем прэзідыума Мінскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» загадчыца збожжасховішча ААТ «Хоўхлава» Тамара Шапуцька была адзначана падзякай і памятным падарункам.
Словы падзякі гучалі ў адрас загадчыцы збожжасховішча і яе калег за нялёгкую працу, шчырую адданасць хлебаробскай справе.
І сапраўды, агульны каравай – агульная справа. І слава агульная. Няхай хлебаробам і надвор’е спрыяе, і поспех спадарожнічае!
Святлана САРОКА,
старшыня Мінскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын».

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://www.mgazeta.by/regionalnyj-aktsent/item/1546-belaruski-sayuz-zhanchyn-gerainyam-zhniva.html#sigProIde3330324c7
Прочитано 1985 раз
Соб. инф.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.