Хітом продажу сталі садавіна і агародніна. Цэны на гэту прадукцыю былі прымальныя. Бульба каштавала ад 70 капеек да рубля за кілаграм. Прычым куплялі яе ў асноўным дробным оптам (па некалькі мяшкоў).
Кілаграм перцаў можна было купіць па 2,5-4,5 рубля за кілаграм, баклажанаў у сярэднім па 3,5 рубля. Морква і буракі каштавалі 1,2 рубля за кілаграм, цыбуля — 1,5, памідоры — 2,2-3,7, капуста — рубель. Найбольш частыя цэннікі на яблыкі — 1,5 рубля. Прадаўцы ахвотна давалі скідку: весці продаж пад дажджом не вельмі камфортна.
— Калі чалавек купляе адразу некалькі мяшкоў бульбы, магу скінуць цану да 60 капеек за кілаграм, — гаворыць фермер са Смаргонскага раёна Наталля Пасько. — Попыт сёння добры. На кірмашы ў Маладзечна прыязджаю рэгулярна. Дабрацца сюды лёгка, а гандляваць выгадна.
Вельмі ярка глядзеўся «прылавак» жыхара аграгарадка Маркава Мікіты Казакевіча. Мужчына выставіў на продаж бульбу, цыбулю, буракі, капусту, перцы, моркву. Гандляваць яму дапамагала Людміла Бажко. Некаторая агародніна была вырашчана ў адкрытым грунце, некаторая — у цяпліцах.
— У Маладзечне ў нас ёсць пастаянныя пакупнікі, — гаворыць фермер. — Сёлета некаторая агародніна ўрадзіла добра. Аднак былі і градкі, дзе атрымаўся недабор. Між тым, увогуле ўраджаем задаволены. Вырошчваю яго толькі на арганіцы. Мабыць, таму агародніна атрымліваецца смачная.
Добрым попытам карысталася прадукцыя Мінскага малочнага завода №1. Як адзначыла прадавец-касір прадпрыемства Галіна Качынская, гэтаму садзейнічаюць значныя скідкі на тавары. Справа ў тым, што пры фірменным гандлі адсутнічаюць некаторыя надбаўкі, што і адбіваецца на цане.
Бойка ішоў гандаль і пасадачным матэрыялам. Асабліва прыцягвалі ўвагу рамантантныя гатункі маліны і іншых культур. Лепшай рэкламай былі вялікія сакавітыя ягады на кустах. Многія маладзечанцы куплялі саджанцы непасрэдна па дарозе на дачы.
Восенню традыцыйна павялічваецца попыт на мёд. На кірмашы гэты тавар быў прадстаўлены даволі шырока. Дзецям цікава было паглядзець (а іх бацькам — набыць) жывую рыбу. Не лішнім у дажджлівы дзень стаў музычны фон. Вясёлая музыка паднімала настрой і прадаўцам, і пакупнікам.
— Жыву недалёка ад плошчы, таму менавіта на кірмашах раблю запасы на зіму, — расказала жыхарка Маладзечна Ксенія Самохіна. — Гэта для мяне вельмі зручна. Сёння купіла бульбу. А вось па капусту прыйду ў наступныя выхадныя. Дома трэба яшчэ падрыхтаваць месца для яе.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.