07.08.2017 12:44

Жніво: каб надвор’е не падвяло ды тэхніка не сапсавалася

Камбайны часта вобразна называюць караблямі, а механізатараў, якія імі кіруюць, — капітанамі. У гэтых параўнаннях не толькі рамантыка, але ў першую чаргу вялікая павага да нашых жняцоў, да іх сур’ёзнай мужчынскай работы і адказнасці за лёс будучага ўраджаю – асновы харчовай бяспекі краіны.

Жніво: каб надвор’е не падвяло ды тэхніка не сапсавалася "Маладзечанская газета"

Капітаны палачанскіх ніў у аўторак скіравалі свае караблі на 110-гектарнае поле каля вёскі Груздава, дзе працавала шэсць з сямі камбайнаў гаспадаркі.

— Можна сказаць, што першая тысяча тон збожжавых у нас ёсць і мы намалацілі ўжо 755 тон рапсу, сёння – 260 тон ячменю. Будзе і больш, бо да вечара яшчэ далёка, — гаворыць начальнік участка №2 ААТ «Палачаны» Анатолій Карповіч, для якога сёлетняе жніво 43-яе па ліку. Але ад гэтага клопатаў і хваляванняў менш не становіцца: каб надвор’е не падвяло, тэхніка не сапсавалася, механізатарам здароўе паслужыла.

— А ці памятаеце за мінулыя сорак гадоў такое дажджлівае лета? – спыталіся ў Анатолія Міхайлавіча.
— Было падобнае гадоў дваццаць таму. Якраз у жніво цэлы тыдзень ліло. Не было магчымасці чакаць, пакуль жыта абсохне, праз паўгадзіны пасля дажджу камбайны станавіліся ў загонку, усё збожжа даводзілася дасушваць. Эх, нам бы з дзясятак такіх пагодлівых дзянькоў, як сёння!

— А яшчэ б дастаць адну дэталь для кандыцыянера, каб ён лепш паветра ў кабіне камбайна ахалоджваў. Дваццаць гадоў нашаму «немцу», дэталі да яго знайсці праблематычна, – падключаецца да размовы старшы камбайнер Аляксандр Маскалевіч, які працуе на жніве з 1989-га, а пяць з апошніх разам з Уладзімірам Харашэвічам. Аляксандр вясной засяваў гэта поле, даглядаў яго. Можна сказаць, гэта яго дзецішча, плён працы… Трохі пазней ды-
рэктар ААТ «Палачаны» Сяргей Кароль з вялікай павагай расказаў нам, што «пажылы» нямецкі камбайн да цяперашняга часу выходзіць у поле толькі дзякуючы намаганням Аляксандра Маскалевіча. І не проста выходзіць, а працуе нараўне з сучаснымі агрэгатамі. І гэта ў чарговы раз пацвярджае: якая б тэхніка не была, галоўнае – людзі, іх адносіны да справы, любоў да прафесіі. ААТ «Палачаны» ва ўсе часы славілася сваімі камбайнерамі, вадзіцелямі.

Пазнаёміліся мы і з маладзёжным экіпажам КЗС-10 у складзе Паўла Івашкі і Міхаіла Дземеша. Павел пяць гадоў працаваў памочнікам камбайнера, сёлета яму даверылі ўзначаліць экіпаж. «Справімся!» — коратка гавораць маладыя людзі, на хвілінку спусціўшыся з кабіны для фота. Разгрузіліся, і зноў – у чарговае «плаванне» па ячменным моры. Па ўсім відаць, у гэты ясны дзень давядзецца ім працаваць да заходу сонца, а тое і пазней – на ўліку кожнае імгненне.

«Ячмень – далікатная культура, яго трэба абавязкова сухім убіраць», — тлумачыць нам аграном-аграхімік Вадзім Кузьма, які таксама нясе вахту на полі. Для Вадзіма сёлетняе жніво – першае. Ён малады спецыяліст, размеркаваўся ў гаспадарку пасля заканчэння Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта ў сакавіку гэтага года. Прыступіў да работы якраз у час пасяўной, кантраляваў сяўбу, увесь комплекс агратэхнічных работ. Гаворыць, што вынікі радуюць: у дзень нашай размовы ўраджайнасць была 47 цэнтнераў з гектара, але ёсць участкі, дзе яна чакаецца вышэйшай. Субяседнік асобна адзначае эфектыўнасць унясення мікраэлементаў, якое станоўча адбілася на якасці збожжа.

Вадзім прыехаў у наш раён са Шчучыншчыны. Расказвае, што ў гаспадарцы яго сустрэлі вельмі прыязна, пасялілі ў інтэрнат. Як малады спецыяліст ён атрымлівае даплату, ёсць перспектыва і ў вырашэнні жыллёвага пытання: 1 ліпеня хлопец ажаніўся. Расказвае і пра тое, што не так даўно маладых спецыялістаў з розных сфер за-
прашалі на сустрэчу з кіраўніцтвам райвыканкама, там гучала шмат карыснай інфармацыі. А ў такія гарачыя дні ён, як і яго старэйшыя калегі, поўнасцю засяроджаны на ўраджаі: усяго трэба ўбраць 1490 гектараў, нагрузка на адзін камбайн складае 211 гектараў.


Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://www.mgazeta.by/regionalnyj-aktsent/item/1513-zhnivo-kab-nadvor-e-ne-padvyalo-dy-tekhnika-ne-sapsavalasya.html#sigProIde457cf46bb
Прочитано 1791 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.