12.07.2022 12:59

Экзамен для камбайнаў і механізатараў

Сёлета ва ўборачнай кампаніі на Маладзечаншчыне будуць задзейнічаны больш за 70 камбайнаў. Але перад выхадам у поле тэхніка абавязкова павінна прайсці праверку на герметычнасць. Гэта трэба, каб выключыць страты збожжа.

Камбайнавыя экіпажы загадзя рыхтавалі тэхніку да выхаду ў поле. Камбайнавыя экіпажы загадзя рыхтавалі тэхніку да выхаду ў поле.

Як праходзіць праверка, мы назіралі на прыкладзе ААТ «Маладзечанскі райаграсэрвіс». На полі ля аграгарадка Маркава на лінейку гатоўнасці былі выстаўлены збожжаўборачныя камбайны. Іх экіпажы загадзя рыхтавалі тэхніку -- правяралі работу вузлоў і механізмаў, рэгулявалі апаратуру. У якасці сваёй працы механізатары былі ўпэўнены, таму асаблівага хвалявання ў іх не было.

Рыхтавалася да экзамену і прыёмная камісія. У яе склад уваходзілі спецыялісты гаспадаркі, прадстаўнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама. Такая ўвага да выпрабаванняў невыпадковая. Справа ў тым, што праверка камбайнаў на герметычнасць дазваляе дадаткова атрымаць каштоўнае збожжа.

Перад выпрабаваннямі кіраўнік гаспадаркі Тадэвуш Зарэцкі нагадаў, што ўраджай неабходна сабраць без страт і ў аптымальныя тэрміны. Перадумовы, каб усе камбайнавыя экіпажы перавысілі тысячную мяжу, у сельгаспрадпрыемства ёсць. Людзі матываваныя працаваць якасна і з поўнай аддачай.

Ігар Жукоўскі рыхтуе камбайн да выпрабавання. За плячамі ў вопытнага механізатара не адна ўборачная кампанія.

І вось экзамен пачаўся. У жняяркі камбайнаў закладваецца салома, засыпаецца збожжа. Камбайн выязджае на белую плёнку. Некалькі хвілін ідзе абмалот, затым ад’язджае з пляцоўкі. Спецыялісты правяраюць, ці прасыпалася збожжа. Калі тэст пройдзены паспяхова -- да старту жніва механізатары могуць прыцягвацца да іншых работ, калі не – іх чакаюць дадатковая падрыхтоўка і «пераэкзаменоўка».

На гэты раз праверку прайшлі ўсе камбайны, што ўдзельнічалі ў выпрабаваннях.

Спецыялісты гаспадаркі, райвыканкама і прафсаюза работнікаў АПК вынікамі праверкі збожжаўборачных камбайнаў задаволены.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.

 

Прочитано 418 раз Последнее изменение 12.07.2022 12:59
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.