— Папярэдні вынік першага ўкосу – прыкладна 6,5 тысячы тон нарыхтаванай сянажнай масы, — расказаў Ілья Уладзіміравіч. – А ўсяго за сезон разлічваем атрымаць чатыры ўкосы (як і летась). Усе перадумовы для гэтага ёсць. Надвор’е ўстанавілася добрае. Цяпла і вільгаці раслінам хапае. Да таго ж палі, дзе пасеяны травасумесі, пасля ўкосу падкормліваюцца спецыяльнымі ўгнаеннямі. Гэта стымулюе хуткі рост зялёнай масы.
Спецыяліст падкрэсліў, што аснову «зялёных кансерваў» для грамадскага статка складаюць злакава-бабовыя сумесі. Значную долю ў іх займае люцэрна. Бліжэй да восені будзем убіраць кукурузу на сілас. Усё гэта дазволіць нарыхтаваць аптымальную колькасць высакаякасных кармоў для буйной рагатай жывёлы.
— Яе агульнае пагалоўе ў гаспадарцы складае больш за 2400 галоў, — паведаміў галоўны заатэхнік. – Дойны статак налічвае 975 галоў. У «Заскавічах» паставілі мэту перавесці жывёл на пастаяннае стойлавае ўтрыманне (такі спосаб вядзення жывёлагадоўлі больш эфектыўны). А для гэтага неабходна стварыць добрую кармавую базу.
Цяпер у корманарыхтоўцы задзейнічана дзесяць адзінак тэхнікі. Сем з іх адвозяць зялёную масу з палёў, два магутныя трактары займаюцца трамбоўкай. Вядзе «зялёнае жніво» корманарыхтоўчы комплекс.
За дзень ён нарыхтоўвае да 500 тон зялёнай масы.
Складзіруюцца кармы непасрэдна ля аб’ектаў жывёлагадоўлі (трох малочнатаварных ферм і дзвюх ферм па дарошчванні маладняку). Якасці сенажу надаецца асаблівая ўвага. Прымяняюцца ўсе неабходныя кансерванты. Тэхналогія закладкі сянажных траншэй старанна кантралюецца.
Субяседнік зазначыў, што корманарыхтоўцы папярэднічала грунтоўная падрыхтоўка да кампаніі. Акцэнт рабіўся на тое, каб тэхніка працавала без збояў. Выключыць неабгрунтаваныя прастоі і падтрымліваць высокі тэмп нарыхтоўкі кармоў дазваляе зладжаная работа ўсіх службаў гаспадаркі (у тым ліку рамонтнай).
— Ход і вынікі корманарыхтоўкі ў многім залежаць ад работнікаў (вадзіцеляў, механізатараў, іншых спецыялістаў), — дадаў Ілья Богіно. — Людзі зацікаўлены працаваць з поўнай аддачай. Ад гэтага непасрэдна залежыць іх даход. Рабочы дзень для ўдзельнікаў кампаніі пачынаецца а палове сёмай раніцы і завяршаецца а палове восьмай вечара. Людзі забяспечваюцца гарачым харчаваннем, падвячоркамі, пітной вадой. Праца, вядома, цяжкая, аднак без яе паліцы з прадуктамі ў магазінах апусцелі б.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: АЎТАР і Аляксей ПЛАТКО.