26.06.2017 14:25

Свое дело: школа иностранных языков

«Тут замежныя мовы не вучаць, тут на іх размаўляюць», – такі дэвіз для сваёй школы замежных моў абрала маладзечанка Наталля Мароз.

Свое дело: школа иностранных языков "Маладзечанская газета"

А арганізавала яе з дапамогай субсідыі, якая выдзяляецца дзяржавай для адкрыцця сваёй справы. Для гэтага было неабходна выканаць некалькі ўмоў: быць беспрацоўным і стаяць на ўліку ў службе занятасці, мець бізнес-план і запатрабаваную грамадствам ідэю. Усе гэтыя патрабаванні Наталля выканала і адкрыла сваю школу, дзе яна і дырэктар, і выкладчык.

Любімы прадмет

У школе нямецкая мова была ў Наталлі любімым прадметам. І не апошнюю ролю ў гэтым адыграла настаўніца Людміла Станіславаўна Казак, якая змагла прывіць цікавасць да свайго прадмета. Вопытны педагог разгледзела патэнцыял вучаніцы, яе жаданне працаваць і вырашыла паспрабаваць падрыхтаваць яе да ўдзелу ў алімпіядзе. Гэта было правільнае рашэнне. Два гады запар (у дзясятым і адзінаццатым класах) Наталля займала другое месца на рэспубліканскай алімпіядзе па нямецкай мове. Варта адзначыць, што ў той час урок замежнай мовы быў толькі раз на тыдзень, а ў школьнай праграме не было нават факультатыўных заняткаў. Дзякуючы дыплому другой ступені на алімпіядзе ў 1994 годзе Наталля стала студэнткай сталічнага інстытута замежных моў (цяпер лінгвістычны ўніверсітэт).

На педагагічным факультэце вывучала дзве мовы: нямецкую і англійскую. Практыку праходзіла ў роднай гімназіі №10, а пасля заканчэння ВНУ прыйшла сюды працаваць настаўніцай нямецкай мовы.



Наталлі падабалася работа, падабаліся калектыў і вучні, з якімі яна знайшла паразуменне. І невядома, як склаўся б у далейшым яе лёс, каб не прапанова папрацаваць у Германіі гувернанткай у сям’і і паралельна паглыбіць веданне англійскай мовы. Імкненне да ўдасканалення ўзяло верх, і яна адважылася на такі крок. Наталля знайшла разуменне ў дырэктара гімназіі. Вырашылі, што калі нічога не атрымаецца, то вернецца на сваё працоўнае месца. Узяла адпачынак за свой кошт і паехала ў Германію. З работай усё атрымалася, спадабалася сям’я, і беларуска прыняла рашэнне застацца.

Год працы і адначасова вучобы ў Германіі даў вельмі шмат. Гэта была велізарная моўная практыка. Адна справа — вучыць замежную мову па падручніку, і зусім іншая — жыць сярод яе носьбітаў і размаўляць толькі па-нямецку. Наталля шмат падарожнічала па краіне, знаёмілася з культурай Германіі. Гэта быў бясцэнны вопыт, без якога, мабыць, не было б сёння і яе школы.

Знайсці сябе

Спакуса застацца ў Германіі была, але ўзважыўшы, вярнулася на радзіму. Працавала ў Мінску ў бюро па абароне інтэлектуальнай уласнасці сакратаром-перакладчыкам. Займалася на курсах, нават падручнік захавала, які цяпер выкарыстоўвае ў сваёй рабоце. Паспрабавала сябе ў якасці мастака-дызайнера камп’ютарных гульняў, была і іншая работа. Усё гэта давала заробак, але не прыносіла пэўнага задавальнення. Пасля водпуску па доглядзе дзіцяці ўладкавалася на адно з прадпрыемстваў у аддзел маркетынгу, дзе займалася англамоўным сайтам, камп’ютарнай графікай, перакладамі. Работа была цікавай, але з часам вытворчасць пачала развальвацца, аб перспектывах нават не было і гаворкі. І ў гэты час Наталлі прапанавалі пайсці працаваць у Чысцінскую СШ настаўніцай англійскай мовы (затым дабавілася і нямецкая). У школе Наталля канчаткова зразумела, што выкладанне — гэта яе стыхія, але ездзіць з Маладзечна ў Чысць, калі ў цябе двое малых дзяцей, даволі праблематычна. Яна спрабавала ўладкавацца настаўніцай у навучальныя ўстановы горада, але калі і атрымлівалася, то гэта была часовая работа.

Каб не сядзець без справы, вырашыла авалодаць польскай мовай і пайшла на курсы ў гімназію №6. Там пазнаёмілася з калегай, якая арганізоўвала прыватныя курсы па вывучэнні нямецкай і англійскай моў і набірала выкладчыкаў. Толькі так здарылася, што тая як адкрыла, так і закрыла іх. Між тым ідэю падхапіў муж Наталлі і прапанаваў паспрабаваць сябе ў новай справе. На дапамогу, як заўсёды, прыйшоў «дасведчаны» інтэрнэт. Азнаёмілася з інфармацыяй, прааналізавала свае магчымасці і вырашыла распачаць свой бізнес. Да яе жадання ўважліва паставіліся супрацоўнікі аддзела арганізацыі новых працоўных месцаў і грамадскіх работ упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Разам складалі бізнес-план і калькуляцыю, афармлялі дакументы. Наталля вырашыла арандаваць тое памяшканне ў гандлёвым цэнтры «Модуль», якое прыглянулася яе калезе. Як заўважае, аўра, што панавала тут, настройвала на пазітыў, ды і пакой быў аптымальны па памерах для заняткаў невялікімі групамі ці індывідуальна. На выдаткаваную дзяржавай субсідыю (2 тысячы 632 рублі) набыла мэблю, аргтэхніку, метадычны матэрыял, зарэгістравалася ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка і прыступіла да работы. Расходы, як і работа, кантралююцца адпаведнымі органамі, і закрыць распачатую справу нельга на працягу года. Цяпер толькі ад прадпрымальніка залежыць, як пойдзе бізнес. Н. Мароз заўважыла, што прыбытак яна пачала атрымліваць пасля паўгода інтэнсіўнай работы. Пакуль у яе толькі адзін выхадны дзень, які таксама аддае рабоце: паездкі ў Мінск, наведванне бібліятэкі, падрыхтоўка да заняткаў і г.д.  Пра адпачынак на нейкі час давялося забыць. Ды інакш і быць не магло.

Нямецкая – праз кнігі, англійская – праз музыку

Наталля аб сваёй рабоце, як і кожны прафесіянал, можа гаварыць бясконца. Кажа, што нямецкая і англійская мовы абсалютна розныя. Першую лепш вучыць праз кнігі, класічную і сучасную літаратуру, другую – праз музыку (мова большасці музычных твораў — англійская) і кінафільмы. Яе мэта — навучыць людзей размаўляць, бо ў першую чаргу мова – сродак зносін. Сярод вучняў людзі розных узростаў і прафесій, і ў кожнага свой інтарэс. Камусьці замежная мова патрэбна для вядзення бізнесу, каб разумець партнёраў і абыходзіцца без перакладчыкаў. Быў «вучань», які збіраўся на выстаўку ў Кёльн і яму трэба было тэрмінова «асвяжыць» веды. Ёсць сямейныя пары, якія любяць падарожнічаць і жадаюць адчуваць сябе свабодна ў час паездак. Прыходзяць жанчыны, дзеці якіх даўно жывуць за мяжой, стварылі там сем’і, і бабулям патрэбна англійская ці нямецкая мова, каб лепш разумець сваіх унукаў, знаходзіць для іх патрэбныя словы. Некаторыя школьнікі жадаюць «падцягнуць» прадмет…

Напрыклад, сярод тых, з кім Наталля займаецца асобна, — рэферы ФІФА настаўніца фізкультуры гімназіі №6 Вольга Цярэшка. Тое веданне мовы, якое патрэбна ёй, не патрэбна больш нікому.

Ідэй па развіцці сваёй школы ў Наталлі, як і ў кожнага ўлюбёнага ў сваю справу чалавека, шмат. Магчыма, з цягам часу яна набудзе фармат сапраўднай навучальнай установы, дзе будуць створаны новыя працоўныя месцы. Прыклад Н. Мароз сведчыць аб тым, што знайсці справу па душы, у тым ліку і з дапамогай дзяржаўнай субсідыі, не так і складана. Галоўнае – паставіць мэту і паспяхова яе дасягнуць.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 2226 раз
Алена Лашук

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.