11.04.2022 9:26

У падрыхтаваную глебу кладзецца элітнае насенне

Філіял Аграфірма «Лебедзева» РУП «Мінскэнерга» пачаў пасяўную адным з першых у раёне. Да кампаніі тут рыхтаваліся загадзя, таму праходзіць яна ў аптымальныя тэрміны, без збояў і затрымак.

Падрыхтоўка тэхнікі да палявога сезона ў значнай ступені лягла на плечы інжынера аграфірмы Паўла Вярышкі, галоўнага інжынера Канстанціна Жданава і загадчыка майстэрань Яўгенія Кохана. Падрыхтоўка тэхнікі да палявога сезона ў значнай ступені лягла на плечы інжынера аграфірмы Паўла Вярышкі, галоўнага інжынера Канстанціна Жданава і загадчыка майстэрань Яўгенія Кохана.

Трэба адзначыць, што хлебаробы гаспадаркі прыступілі да палявых работ у сакавіку, як толькі склаліся спрыяльныя ўмовы надвор’я. Работнікі ўносілі на палі ўгнаенні, праводзілі апрацоўку азімых, рыхтаваліся да пасеву яравых — ячменю, грэчкі, люцэрны, гароху, іншых сельскагаспадарчых культур.

У філіяле ведаюць: каб атрымаць добры намалот, засеяць яравыя збожжавыя трэба хутка. Прамаруджванне з тэрмінамі сяўбы прыводзіць да страты ўраджайнасці. Ды і самі культуры, пасеяныя ў тэрмін, больш устойлівыя да шкоднікаў і розных знешніх неспрыяльных фактараў.

Якасць пасяўнога матэрыялу ў аграфірме заўсёды была на вышэйшым узроўні. У гэтым немалая заслуга паляводаў механізаванага збожжасховішча №2 Іны Арцюкевіч і Алены Суфрыновіч, якія рыхтуюць насенне для пасеву.

— Сёлета ў пасяўной задзейнічана 20 адзінак тэхнікі, — расказаў галоўны інжынер філіяла Канстанцін Жданаў. – На палі выведзены тры ўніверсальныя пасяўныя агрэгаты, сем энерганасычаных трактароў, аўтамабілі. Тэхніку рыхтавалі з восені мінулага года. Паколькі ў час сяўбы дарагая кожная хвіліна, паломак і неапраўданых прастояў дапусціць нельга.

Спецыяліст падкрэсліў, што машынна-трактарны парк у гаспадарцы пастаянна папаўняецца. Так, сёлета запланавана пастаўка васьмі адзінак новай тэхнікі – трактароў, культыватара, раскідвальніка ўгнаенняў, прычэпа. Усе сродкі механізацыі сельскагаспадарчых работ у філіяле эксплуатуюцца правільна, своечасова праводзяцца рэгламентныя работы. У выніку забяспечваюцца гарантавана высокія паказчыкі як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўчай галіне.

Механізатары Міхаіл Дземеш і Аляксандр Клемянок рыхтуюць пасяўныя агрэгаты да выхаду ў поле.

— Залог поспеху аграфірмы – высокая культура вытворчасці, эфектыўная арганізацыя працы, стаўка на калектыў. Усё гэта ў поўнай меры рэалізуецца ў час пасяўной кампаніі. А значыць, восенню хлебаробы атрымаюць важкі хлебны каравай, — адзначыў Канстанцін Жданаў.

Мы наведалі некалькі падраздзяленняў аграфірмы і пераканаліся, што пасяўны канвеер у «Лебедзеве» працуе без збояў. Усюды парадак і дысцыпліна (фірменны стыль гаспадаркі). Усе спецыялісты добра падрыхтаваныя, матываваныя, хварэюць за агульную справу. Службы працуюць як адзіны механізм. І гэта невыпадкова, бо ва ўсіх адна задача – забяспечыць высокі ўраджай.

Віктар Кохан адзін з самых вопытных механізатараў гаспадаркі.

ДАВЕДКА

Агульная пасяўная плошча сельскагаспадарчых культур у гэтым годзе ў філіяле складзе 3260 гектараў, з якіх 1460 гектараў зоймуць збожжавыя культуры, 350 — азімы рапс, 900 — кукуруза на сілас і 550 гектараў — аднагадовыя і шматгадовыя травы.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 155 раз Последнее изменение 11.04.2022 9:26
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.