24.01.2022 12:19

Загадка аб’екта ля Палачан разгадана

У нумары «Маладзечанскай газеты» за 31 снежня 2021 года быў змешчаны аэрафотаздымак аб’екта, што знаходзіцца недалёка ад чыгуначнай станцыі Палачаны. Аб’ект уяўляе сабой сістэму земляных валоў і насыпаў у форме чатырохвугольніка. Мы папрасілі чытачоў дапамагчы высветліць, чаму і калі ўзнік вышэйзгаданы чатырохвугольнік.

Нядаўна ў рэдакцыю патэлефанаваў жыхар аграгарадка Палачаны Сяргей Якаўлеў. Мужчына пераехаў сюды 30 гадоў таму. Ён цікавіцца гісторыяй роднага краю, ведае многіх старажылаў.

— Гэты аб’ект — рэшткі ўмацаванай апорнай кропкі часоў Вялікай Айчыннай вайны, — расказаў Сяргей Якаўлеў. – Пабудавалі яе немцы для кантралявання наваколля і барацьбы з партызанамі (у гады нямецка-фашысцкай акупацыі на тэрыторыі Беларусі народныя мсціўцы паспяхова вялі рэйкавую вайну).

Узводзіць умацаванні захопнікі прымушалі мясцовых жыхароў. Пажылыя людзі гаварылі пра гэта.

Мужчына расказаў, што акупанты пабудавалі шмат такіх умацаваных кропак уздоўж чыгункі Маладзечна – Ліда. Да нашага часу найбольш захавалася тая, што знаходзіцца ля Палачан. Астатнія былі разбураныя або заараныя. Аднак рэшткі некаторых яшчэ можна ўбачыць, калі едзеш на поездзе.

Яшчэ адзін жыхар Палачан, 85-гадовы Мечыслаў Сіпайла, дадаў, што апорны пункт быў пабудаваны ў 1942 годзе. Акрамя агнявых пазіцый там быў бліндаж, у якім жыла ахова станцыі. Немцы прымушалі ўзводзіць аб’ект і жыхароў вёскі Літва. Людзей калонай прыганялі на будаўніцтва. Пасля вайны ва ўмацаваннях гулялі дзеці. Субяседнік асабіста памятае некаторыя эпізоды часоў акупацыі, у тым ліку звязаныя з умацаваным апорным пунктам.

Інфармацыю пра апорны пункт пацвердзіў і мясцовы жыхар Міхаіл Бажко. Яго бацька пасля вайны працаваў на чыгунцы. Свае ўспаміны ён перадаў сыну. Тэлефанавалі ў рэдакцыю і іншыя чытачы «МГ». Дзякуем усім, хто падзяліўся інфармацыяй!

Дзякуючы неабыякавым людзям захавана памяць пра яшчэ адзін эпізод з гісторыі Маладзечаншчыны. Сімвалічна, што тычыцца ён падзей Вялікай Айчыннай вайны. Тады ніякія ўмацаванні і рэпрэсіі не дапамаглі акупантам скарыць беларусаў. Памятаць пра тое трэба заўсёды. А аб’ект можа стаць адным з пунктаў на тэматычным гісторыка-краязнаўчым маршруце.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 204 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.