21.01.2022 10:15

Райаграсэрвіс рыхтуе тэхніку да сезона

Спецыялісты ААТ «Маладзечанскі райаграсэрвіс» да пасяўной правядуць тэхнічнае абслугоўванне трактароў сельскагаспадарчых арганізацый раёна, што будуць задзейнічаны на палявых работах. Пра гэта паведаміў кіраўнік прадпрыемства Тадэвуш Зарэцкі.

Слесар-шліфоўшчык Андрэй Удовін працуе ў райаграсэрвісе каля 30 гадоў. Спецыялісту па сілах самыя складаныя заданні. Слесар-шліфоўшчык Андрэй Удовін працуе ў райаграсэрвісе каля 30 гадоў. Спецыялісту па сілах самыя складаныя заданні.

Як адзначыў Тадэвуш Мечыслававіч, на трактарах плануецца замяніць машыннае масла, паветраныя і паліўныя фільтры, праверыць і адрэгуляваць гідраўлічныя сістэмы, электраабсталяванне, выканаць іншыя рэгламентныя работы. Дзякуючы прынцыповай пазіцыі старшыні райвыканкама Юрыя Горлава прадпрыемству для падрыхтоўкі тэхнікі гаспадарак да выхаду ў поле будзе аказана дапамога.

Што тычыцца сродкаў механізацыі самога райаграсэрвіса, іх падрыхтоўка да палявых работ пачалася адразу пасля завяршэння мінулага палявога сезона. Не спыняецца яна і цяпер. На лінейцы гатоўнасці два пасяўныя агрэгаты. Практычна завершана падрыхтоўка трактароў і аўтамабіляў. Капітальна адрамантаваны 8-тонны бензавоз (такім чынам вырашана пытанне гарантаванай дастаўкі паліва для транспарту арганізацыі).

Слесар-матарыст Сяргей Дзям’янка і вядучы інжынер Іван Грышан упэўнены ў якасці рамонту буракаўборачнага камбайна.

— Райаграсэрвіс не стаіць на месцы, — расказаў Тадэвуш Зарэцкі. – Прадпрыемства пастаянна развіваецца, павялічваецца яго матэрыяльна-тэхнічная база, асвойваюцца новыя віды паслуг. Так, сёлета ў планах набыць два аўтамабілі МАЗ, устаноўку для плазменнай рэзкі металу, а таксама абсталяванне для шынамантажу легкавых аўтамабіляў.

Расказаў субяседнік і аб такім напрамку дзейнасці райаграсэрвіса, як абслугоўванне даільнага абсталявання на малочнатаварных фермах і комплексах.

Заказчыкамі гэтых работ з’яўляюцца гаспадаркі Маладзечанскага і суседніх раёнаў. Профільныя паслугі з кожным годам усё больш запатрабаваныя ў цэнтральным рэгіёне. Адміністрацыя прадпрыемства ўлічвае гэта і прымае эфектыўныя меры, каб задаволіць попыт.

— Што тычыцца вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, то значны зачын ёсць і ў гэтай сферы, — зазначыў Тадэвуш Мечыслававіч. — Так, у структурным падраздзяленні прадпрыемства ў Маркаве вытворчасць малака летась вырасла больш чым на 108 працэнтаў у параўнанні з 2020 годам. Значна павялічылася доля малака, якое здаецца на перапрацоўку гатункам «экстра». Сеў азімых культур быў праведзены якасна і ў тэрмін.

Як лічыць кіраўнік райаграсэрвіса, добрыя вытворчыя паказчыкі прадпрыемства і ўпэўнены рух наперад дасягнуты перш за ўсё дзякуючы згуртаванасці калектыву, падбору высокакваліфікаваных спецыялістаў, матываванасці работнікаў. На прадпрыемстве захаваны касцяк кадраў, вопытныя работнікі перадаюць свае веды і навыкі моладзі. У выніку калектыў хутка рэагуе на патрэбы рынку, паспяхова вырашае пастаўленыя задачы.

Тадэвуш Зарэцкі назваў спецыялістаў, якія ўносяць значны ўклад у развіццё прадпрыемства. Сярод іх Уладзімір Бажко, Сяргей Ермаковіч, Віктар Будрык, Андрэй Удовін, Аляксандр Лагіновіч, Анатолій Анішчук і іншыя.

Кароткую вытворчую нараду праводзяць слесар-электрык па рамонце электраабсталявання Аляксандр Лагіновіч і начальнік рамонтнай майстэрні Мікалай Башаркевіч.

ДАВЕДКА
ААТ «Маладзечанскі райаграсэрвіс» адно з найстарэйшых прадпрыемстваў сельскагаспадарчай галіны раёна. Яно складаецца з некалькіх структурных падраздзяленняў і спецыялізуецца на рамонце і абслугоўванні сельскагаспадарчай тэхнікі, вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства, аказанні транспартных паслуг, комплекснай механізацыі жывёлагадоўчых ферм і гэтак далей. На прадпрыемстве працуе больш за 220 чалавек.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 260 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.