10.04.2017 10:15

Першая вясна дырэктара Харытона

За плячыма Дзмітрыя Віктаравіча Харытона  дванаццаць пасяўных на пасадзе галоўнага інжынера філіяла «Аграфірма «Лебедзева». Гэта пасяўная -- першая для яго ў статусе кіраўніка КСУП «БеразінаАграпрадукт»  -- прадпрыемства, якое ўтварылася на базе «БеразінаАграпрадукт» і «Сасноўкі».


Першым крокам да веснавой пасяўной стала пастаноўка тэхнікі на захоўванне. Наколькі адказна да гэтага паставіліся ў гаспадарцы, сведчыць той факт, што мехдвор сельгаспрадпрыемства заняў трэцяе месца ў раённым конкурсе. Кіраўнік зусім не здзівіўся, хаця для механізатараў гэта стала прыемным сюрпрызам. Ёсць пэўныя патрабаванні, якія трэба выконваць, і тады поспех будзе забяспечаны, упэўнены Д. Харытон. Механізатары пераканаліся, што калі ўсюды наведзены парадак, то і самім працаваць прыемна. І так павінна быць на кожным участку вытворчага працэсу. Шмат тэхнікі аднавілі. Гэта дазволіла сэканоміць сродкі, якія можна накіраваць на іншыя мэты. Таму да веснавых работ падрыхтаваліся добра.

На ворыве і падрыхтоўцы глебы, сяўбе заняты тры энерганасычаныя трактары. Яравы клін гаспадаркі – 350 гектараў збожжавых, азімы – 754, перавага аддадзена пшаніцы. Пасевы добра перазімавалі, парадаваў і рапс, пад які занята 220 гектараў. Усё разам дае надзею на будучы ўраджай. Дзмітрый Віктаравіч зазначае, што на землях, дзе бал ворыва 31, ураджайнасць у межах 40 цэнтнераў – аптымальны паказчык. Каб атрымліваць больш, павінны быць іншыя тэхналогіі. Магчыма, гэта справа будучыні. На корм жывёле будзе пасеяна 270 гектараў кукурузы. Адначасова з сяўбой вядзецца падкормка азімых, даглядаюцца пашы. Тут заняты механізатар Аляксандр Дараховіч, які на «Расе» паказвае высокую выпрацоўку. На палі, дзе будзе вырошчвацца кукуруза, вывозіцца арганіка.

Кіраўнік задаволены работай механізатараў. Прыклад іншым паказваюць Андрэй Дубовік, Андрэй Дурэвіч, Вячаслаў Праўлоцкі, Юрый Бельскі, Аляксандр Дараховіч. Дарэчы, некаторыя механізатары вярнуліся ў гаспадарку, і гэта добры знак.

Мы не маглі не спытаць пра стан спраў у жывёлагадоўчай галіне. На ўсіх трох малочнатаварных фермах павялічыліся надоі. На МТФ «Доўцавічы», якой загадвае Святлана Луцкая, у сярэднім атрымліваюць па 16,31 кілаграма малака, па гаспадарцы гэта лічба складае 15,28 кілаграма. Мінулы год гаспадарка завяршыла з надоем 4996 кілаграмаў, дабавіўшы 1150. Гэта вышэй за сярэднерэспубліканскі паказчык. Сёлета плануюць перавысіць пяцітысячны рубеж. Усё малако пастаўляецца на перапрацоўку толькі гатункам «экстра». У дзень здаюць 9740 тон малочнай сыравіны. Дзмітрый Віктаравіч гаворыць, што калі здарыўся невялікі збой і малако пайшло вышэйшым гатункам, адразу прынялі самыя строгія меры. Губляць грошы з-за нядбайнасці асобных работнікаў тут не жадаюць. Ды і самі аператары машыннага даення прывыклі да высокіх заробкаў, якія даходзяць да 800 рублёў. Кіраўнік лічыць, што поспех будзе там, дзе ёсць належны кантроль і зацікаўленасць работнікаў у выніку.

Механізатар Юрый Бельскі, дырэктар гаспадаркі Дзмітрый Харытон і галоўны аграном Пётр Дараховіч.



— Аб’яднанай гаспадарцы крыху менш за год, таму прыцірка яшчэ не завершана, — гаворыць кіраўнік. – Тут ёсць і маральны аспект. Але трэба не вырашаць, хто галоўны, а проста сумленна працаваць. Паступова разлічваемся з даўгамі, якія перайшлі ад гаспадарчай дзейнасці сельгаспрадпрыемства «Сасноўка». Некаторыя банкаўскія рахункі заблакіраваны, што перашкаджае рабоце. Важна, што грошы на зарплату зарабляем самі, не карыстаемся крэдытамі. Таму малочнай галіне, якая прыносіць асноўныя сродкі, надаём самую значную ўвагу. На тэрыторыі былога мехдвара ў Гарадку плануем арганізаваць будаўнічы ўчастак, што дазволіць самім выконваць многія работы. Там жа пабудуем лазню для вяскоўцаў, каб людзям было дзе памыцца. Былое памяшканне ў аварыйным стане і падлягае зносу. Ёсць іншыя задумы, але ўсё будзем рабіць паступова. Мне вельмі хочацца, каб людзі мелі дастойную зарплату і добрыя ўмовы працы.



Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 1638 раз Последнее изменение 10.04.2017 10:15
Алена Лашук

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.