Новости Молодечно и Молодечненского района

Зялёнае жніво: і самі нарыхтавалі, і іншым дапамаглі

  • 2018-06-26 06:12:22
  • Алег Бяганскі

-- Давядзеныя заданні па нарыхтоўцы сенажу і сена, нягледзячы на засушлівае надвор’е, паспяхова выконваюцца, -- адзначыў дырэктар таварыства Тадэвуш Зарэцкі. – На палях працуюць спецыялісты райаграсэрвіса і сельскагаспадарчага філіяла «Маркава». Сфарміраваны адзіны парк уборачнай тэхнікі. Нарыхтоўку кармоў вядзе спецыялізаваны механізаваны атрад. Не падводзяць і людзі. Дзякуючы гэтаму тэмпы ўборкі зялёнай масы надзвычай высокія.

Работнікі прадпрыемства дапамагаюць вырашыць пытанне харчовай бяспекі жывёлы ў стойлавы перыяд і іншым гаспадаркам, у прыватнасці, КСУП «Відзеўшчына» і ААТ «Заскавічы». Нядаўна нарыхтоўка пачалася на няўдобіцах у раёне ракі Уша.

Тадэвуш Мечыслававіч адзначыў работу такіх спецыялістаў, як Аляксандр Рагуновіч, Сяргей Кавалевіч, Віталій Дурко, Юрый Сімановіч, Міхаіл Мажуць, Юрый Грыб, Валерый Ксянзоў, Андрэй Мацкевіч, Васілій Станкевіч, Мікалай Абцэвіч, Віктар Віркоўскі, Аляксандр Ермаковіч, Ігар Жукоўскі, Васілій Алешка. Увогуле, на прадпрыемстве захаваўся касцяк вадзіцельскіх і механізатарскіх кадраў, на які заўсёды можна разлічваць.

Не абышоў субяседнік і пытанне падрыхтоўкі да ўборкі збожжавых і зернебабовых, а таксама лёну. Так, ільноўборачныя камбайны цяпер рыхтуюцца да выхаду ў поле. Праводзіцца агляд і бягучы рамонт тэхнікі. Падбіраюцца спецыялісты, якія маюць вопыт працы на ёй. Работнікам гарантуюцца высокая заработная плата і важкі сацыяльны пакет.
Каб пераканацца ў эфектыўнасці дапамогі іншым гаспадаркам, накіроўваемся ў вёску Конавічы. Тут спецыялісты райаграсэрвіса закладваюць сянажную яму для ААТ «Заскавічы». Сустракае нас начальнік участка Вольга Вярбіцкая.
-- Нягледзячы на сухое надвор’е, трава ў «Заскавічах» урадзіла, -- гаворыць яна. – А вось ці будзе другі ўкос, цалкам залежыць ад дажджоў. За дзень убіраем да 45 гектараў. Возім траву з палёў ля Конавіч, Маркава, Турэц-Баяраў. На падвозцы занятыя восем адзінак тэхнікі. Трамбуе зялёную масу «Беларус МТЗ-3022». Каб павялічыць вагу трактара, на яго зманціравалі дадатковае навясное абсталяванне.

У яму ля Конавіч плануецца закласці 1500 тон «кансерваў для жывёл». Раней работнікі райаграсэрвіса заклалі 2100-тонную яму ля вёскі Рэдзькі. Для механізатараў і вадзіцеляў створаны добрыя ўмовы працы. Людзі двойчы за змену забяспечваюцца гарачым харчаваннем. Ды і зарабіць яны павінны значную суму.

-- З-за асаблівасцей надвор’я нарыхтоўка кармоў сёлета набыла стратэгічнае значэнне, -- адзначыў па выніках рэйду Уладзімір Саланенка. – У гаспадарках раёна гэта разумеюць, таму шукаюць любую магчымасць папоўніць запасы сена і сенажу. А без кааперацыі,  якую мы бачым на прыкладзе райаграсэрвіса і «Заскавіч», забяспечыць сыты стойлавы перыяд для жывёлы даволі цяжка. Не ва ўсіх прадпрыемствах АПК ёсць дастатковая колькасць высокапрадукцыйнай энерганасычанай тэхнікі. Не ўсюды яе могуць абслугоўваць на высокім узроўні. Таму сумесная работа па корманарыхтоўцы -- залог паспяховага правядзення «зялёнага жніва».

Уладзімір Генадзьевіч таксама нагадаў, што ў цэнтральным рэгіёне па ініцыятыве Мінскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу праходзіць спаборніцтва сярод асобных катэгорый работнікаў, занятых у нарыхтоўцы кармоў. Пераможцы вызначаюцца ў сямі намінацыях (прасаванне сена, адвоз зялёнай масы і іншых). У Маладзечанскім раёне будуць узнагароджаны два перадавікі «зялёнага жніва».

Па стане на 22 чэрвеня ў корманарыхтоўцы лідзіруюць Аляксей Беразюк і Мікалай Бондар з ААТ «Усход-Агра», Віктар Віркоўскі і Васілій Алешка з ААТ «Маладзечанскі райаграсэрвіс» і яго сельскагаспадарчага філіяла «Маркава», Мікалай Шкутко з ААТ «Купала-Агра» і Яўгеній Александровіч з ААТ «Селеўцы».

Фота: Аляксей ПЛАТКО і Алег БЯГАНСКІ.