Павіншаваць Сяргея Віктаравіча прыехаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Саланенка. Цырымонія адбылася прама на полі ля вёскі Гаеўцы ў час «зялёнага жніва». Яна не заняла шмат часу. У перыяд корманарыхтоўкі дарагая кожная хвіліна.
— Як грамадскі інспектар сачу за выкананнем тэхнікі бяспекі маімі калегамі, калі трэба – падказваю ім, як і што трэба правільна рабіць, узнімаю перад адміністрацыяй адпаведныя пытанні, — гаворыць Сяргей Шуляк. — Сам імкнуся быць прыкладам для іншых. Каб работа была бяспечнай, трэба ўлічваць шмат фактараў. Напрыклад, нельга дапускаць засмечвання спецыялізаванай тэхнікі расліннай масай. Гэта адна з асноўных мер прафілактыкі пажараў, асабліва ў спёку. Неабходна выконваць пітны рэжым. У арганізацыі гэта разумеюць, таму рэгулярна забяспечваюць работнікаў мінеральнай вадой. Добра арганізавана харчаванне ўдзельнікаў корманарыхтоўкі. Нават у самы напружаны сельскагаспадарчы перыяд работнікі маюць выхадны дзень. Дзякуючы такому падыходу людзі працуюць з поўнай аддачай.
Трэба сказаць, Сяргею Шуляку было з каго браць прыклад. На Маладзечанскай сортавыпрабавальнай станцыі працаваў механізатарам яго бацька. Цяпер сын працягвае яго справу. За дзесяць гадоў работы асвоіў амаль усе віды тэхнікі. Ён выдатны трактарыст, калі трэба, садзіцца за штурвал збожжаўборачнага і буракаўборачнага камбайна, працуе на корманарыхтоўчым комплексе. Жыве ў Маркаве. Разам з жонкай гадуе двух сыноў. Хлопчыкі любяць бацькоў і родны край. Таму можна спадзявацца, што працоўная дынастыя прадоўжыцца.
— Конкурс на лепшага грамадскага інспектара па ахове працы штогадовы, праводзіць яго Мінскі абкам прафсаюза работнікаў АПК, — расказаў Уладзімір Саланенка. – Асноўныя задачы конкурсу – матываваць аграрыяў захоўваць тэхніку бяспекі, развіваць сістэму грамадскага кантролю ў гэтай сферы. Людзям патрэбныя канкрэтныя прыклады добрасумленных адносін да працы. Тады яны і самі імкнуцца быць дысцыплінаванымі ў выкананні прафесійных абавязкаў. Таму грамадскімі інспектарамі становяцца лепшыя работнікі суб’ектаў гаспадарання.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.