Новости Молодечно и Молодечненского района

ЗПМ. Вытворчасць загружана -- і гэта галоўнае

  • 2018-07-13 07:51:33
  • Алег Бяганскі

Рэалізуюцца сумесныя праграмы ў рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Спажыўцы і сумежнікі цэняць маладзечанцаў перш за ўсё за якасць прадукцыі, дысцыпліну паставак.

— На прадпрыемстве рэалізуецца праграма мадэрнізацыі, закупляецца новае сучаснае абсталяванне, якое дазваляе значна павысіць якасць вырабаў, — расказвае старшы майстар Вячаслаў Ільіч. — Павышаецца культура вытворчасці. Радуе, што на завод прыходзяць маладыя кадры. Асвоіць прафесію ім дапамагаюць вопытныя работнікі. Значыць, будучыня ў маладзечанскай металургіі ёсць.

У час экскурсіі знаёмімся з аператарам эразійнай устаноўкі Дзмітрыем Шустоўскім. Ён піша праграмы, абслугоўвае абсталяванне, вырабляе аснастку, з дапамогай якой штампуюцца загатоўкі для дыскаў счаплення магутных БелАЗаў.

— На заводзе працавалі мае бацькі Ганна Эдуардаўна і Віктар Паўлавіч, — гаворыць спецыяліст. – Яны і параілі першае рабочае месца. Спачатку ўладкаваўся вучнем аператара. З удзячнасцю ўспамінаю свайго настаўніка Канстанціна Моклага, які пазнаёміў мяне з сакрэтамі прафесіі. З цягам часу завочна закончыў універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Веды, атрыманыя ў ВНУ, а таксама вопыт дазваляюць выконваць самыя складаныя заданні.

Вытворчасць на ўчастку штучная. Штампы вырабляюцца з дапамогай спецыяльнага дроту. Пры гэтым патрабуецца высокая дакладнасць. Допуск не павінен перавышаць сотых міліметра. Каб выканаць работу, неабходна добра разбірацца ў матэматыцы, механіцы, матэрыялазнаўстве, дасканала вывучаць чарцяжы.
Перспектывы завода Дзмітрый Шустоўскі ацэньвае станоўча. Ён ганарыцца, што ў найбольш дасканалай і магутнай кар’ернай тэхніцы айчыннай вытворчасці ёсць часцінка працы яго і калег.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.