— Спецыфіку сельскагаспадарчай вытворчасці я ведаю, — гаворыць Яўгеній Іванавіч. — Раней працаваў інжынерам па працаёмкіх працэсах у «ЯхімоўшчынеАгра», інжынерам-механікам і намеснікам галоўнага інжынера па транспарце і абсталяванні на Маладзечанскім мясакамбінаце.
Ён самастойна вывучаў профільную літаратуру, прыслухоўваўся да парад спецыялістаў-практыкаў, наведваў сельскагаспадарчыя аб’екты. Новы кіраўнік мае планы і перспектыўныя напрацоўкі, якія дапамогуць вывесці гаспадарку на новы ўзровень.
— Асноўную стаўку раблю на механізатараў, жывёлаводаў, іншых спецыялістаў, на якіх трымаецца сельскагаспадарчая вытворчасць, — працягвае Яўгеній Гінцяк. – Да кожнага чалавека патрэбен індывідуальны падыход. Мая задача – пагаварыць з кожным, зразумець, што хвалюе работніка, што дапаможа яму цалкам раскрыць свой патэнцыял.
Яўгеній Іванавіч разумее, што надзвычай важным для работнікаў з’яўляецца падтрымка з боку кіраўніцтва арганізацыі. Людзі працуюць з большай аддачай, калі адчуваюць клопат пра сябе. Таму інтарэсы падначаленых кіраўнік абавязкова ўлічвае. Так, усім удзельнікам палявых работ гаспадарка будзе кампенсаваць 75 працэнтаў кошту харчавання. А па выніках жніва ім плануецца падарыць мабільныя тэлефоны і іншыя гаджаты. Гэта яшчэ адзін стымул працаваць больш эфектыўна.
— Тое, што ўзначаліў гаспадарку яшчэ да палявога сезона, дало магчымасць у першую чаргу сканцэнтраваць увагу на жывёлагадоўлі, — адзначыў Яўгеній Гінцяк. – У поўнай меры сталі праводзіцца заатэхнічныя і ветэрынарныя мерапрыемствы. У выніку павялічыўся надой грамадскага статка, вырасла якасць малака. Немалая заслуга ў гэтым галоўнага заатэхніка гаспадаркі Людмілы Баран.
Гэта пасяўная ў Яўгенія Іванавіча першая ў якасці кіраўніка гаспадаркі. І экзамен трэба здаць годна.
— Віды на ўраджай нядрэнныя, — падзяліўся думкамі субяседнік.— Падрыхтоўка да палявога сезона прайшла паспяхова. Чакаем рост ураджайнасці збожжавых і зернебабовых. Каб забяспечыць надзейную кармавую базу для грамадскага статка, сіласу і сенажу плануем нарыхтаваць на 30-40 працэнтаў больш, чым летась. Гэта дазволіць скараціць пашавы перыяд утрымання буйной рагатай жывёлы.
Мы папрасілі субяседніка расказаць пра сям’ю. Яўгеній Іванавіч і яго жонка Анастасія Юр’еўна жывуць у Маладзечне, гадуюць дачку Ясеню. Дзяўчынцы 2,5 годзіка. Жонка знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці.
— Хачу падзякаваць Анастасіі за цярпенне і мудрасць. Работа не дазваляе мне быць з сям’ёй столькі часу, колькі хацеў бы. Жонка разумее гэта і ва ўсім падтрымлівае мяне, — зазначыў Яўгеній Гінцяк.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.