Каб праверыць, ці ў бяспецы рыбаловы, на возера ў вёсцы Краснае выехала мабільная група ў складзе намесніка начальніка Маладзечанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Івана Таўгеня, старшага інспектара сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю ГРАНС Марыны Ганчаровай і старшыні раённай арганізацыі рэспубліканскага таварыства выратавання на водах Анатолія Пяцюшыка.
На вадаёме было даволі мнагалюдна. Ля берага стаялі аўтамабілі, а самі рыбаловы разгрупаваліся па ўсёй плошчы возера. Прычым лёд на ім не выглядаў вельмі трывалым. Ля берагоў, дзе прасочваюцца грунтавыя воды, яго колер быў больш цёмны. У трысняговых зарасніках нават стаяла вада. За тры марозныя дні лёд яшчэ не паспеў скаваць возера надзейнай бранёй. А потым настала адліга.Анатолій Пяцюшык вымярае таўшчыню лёду.
Удзельнікі рэйдавай групы ўручылі рыбаловам тэматычныя памяткі і нагадалі правілы знаходжання на лёдзе. Сярод асноўных рэкамендацый: нельга прабіваць лункі на блізкай адлегласці адна ад адной, забараняецца скакаць і бегаць па лёдзе, збірацца на ім вялікімі групамі, кожнаму рыбалову трэба мець ратавальную камізэльку і вяроўку даўжынёй 15-20 метраў з грузам на адным баку і пятлёй на другім.
У месцах, дзе знаходзіліся рыбаловы, таўшчыня лёду была 7-8 сантыметраў. Людзі гаварылі, што туды, дзе ён тонкі, яны не ідуць. Акрамя таго, рыбаловы сочаць адзін за адным. Калі што — гатовы выклікаць дапамогу. Ды і апранутыя аматары зімовай рыбалкі былі згодна з надвор’ем.
— У снежні надвор’е няўстойлівае, маразы змяняюцца адлігамі, — адзначыў Анатолій Пяцюшык. — У гэты перыяд выхад на лёд можа быць небяспечным. Асабліва ўважлівымі трэба быць у месцах з хуткай плынню, ля крыніц, зараснікаў воднай расліннасці, у вусцях рэк і гэтак далей. А ў перыяды фарміравання і раставання лёду выхад на вадаёмы ўвогуле забаронены.
Іван Таўгень дадаў, што бяспечным лічыцца лёд таўшчынёй 7 сантыметраў і больш. Калі ледзяное покрыва не вытрымала нагрузкі і чалавек апынуўся ў вадзе, галоўнае — не панікаваць! Сведкам здарэння трэба адразу выклікаць ратавальнікаў і медыкаў. Аказваць дапамогу самому трэба зыходзячы з канкрэтнай сітуацыі.Іван Таўгень уручае аднаму з рыбаловаў тэматычную памятку.
Супрацоўнік МНС паведаміў, што прафілактычныя рэйды па папярэджанні няшчасных здарэнняў на вадаёмах раёна будуць праводзіцца і надалей.
Увага!
Лёд блакітнага колеру лічыцца трывалым, а белага вытрымлівае цяжар у два разы меншы. На шэрым лёдзе знаходзіцца вельмі небяспечна.
Меркаванні з нагоды…
Мы пагаварылі з некалькімі аматарамі зімовай рыбалкі на тэму эфектыўнасці падобных рэйдаў і неабходнасці выканання правілаў бяспекі на лёдзе. У людзей розныя меркаванні. Прыводзім найбольш супрацьлеглыя пазіцыі.
Аляксандр МІЗУЛА, жыхар Мінска:
— Вельмі добра, што прадстаўнікі МНС і таварыства выратавання на водах завіталі на возера. Пагутарыць са спецыялістамі заўсёды карысна. Хто, як не яны, адкажуць на ўсе пытанні? Ды і адпаведныя веды могуць спатрэбіцца. Вось, напрыклад, некалькі гадоў таму на Заслаўскім вадасховішчы я стаў сведкам сітуацыі, калі лёд пад адным з рыбаловаў раптам пачаў трэскацца і прасядаць (мабыць, у тым месцы біла падводная крыніца). Чалавек разгубіўся, не ведаў што рабіць. Крыкнуў яму, каб лёг на лёд і адпаўзаў. Іншая дапамога рыбалову не спатрэбілася. Аднойчы я атрымаў брашуру з інфармацыяй, як вызначыць надзейнасць лёду па яго колеры. Цяпер абыходжу небяспечныя месцы, выконваю іншыя правілы бяспекі.
Сяргей БАГАЧОЎ, жыхар адной з бліжэйшых вёсак:
— Жыву недалёка ад вадаёма, рыбачу тут шмат гадоў і возера ведаю, як свой падворак. На мой погляд, калі чалавек не хоча выконваць нейкія патрабаванні, яго не прымусіш. У такім выпадку толькі штраф або ўласны негатыўны вопыт могуць паўплываць на паводзіны чалавека. Што тычыцца прафілактычных мерапрыемстваў, на мой погляд, гэта марнаванне часу. Я, напрыклад, і без парад разумею, як паводзіць сябе ў час зімовай рыбалкі. Кіруюся здаровым сэнсам. А дысцыпліну бацькі прывілі з дзяцінства. Увогуле, калі хочаш вярнуцца з рыбнай лоўлі дамоў, прычым з вялікім уловам, трэба перш за ўсё думаць галавой. І вось яшчэ што. Людзі прыехалі на возера адпачываць. Рыбаловам не падабаецца, калі іх адрываюць ад любімага занятку. Мы жывём у век інтэрнэту. Калі мне спатрэбіцца нейкая парада, я яе «нагуглю». А лішняя інфармацыя навошта?
Увага!
Каб выбрацца з палонкі самастойна, налягайце грудзьмі на лёд і шырока раскіньце рукі, тым самым вы павялічыце плошчу апоры. Выбраўшыся з вады, уставаць катэгарычна забаронена. Неабходна адкаціцца далей і паўзком дабірацца да берага.