Лепшымі па ўраджайнасці сталі гарадзілаўцы. Па папярэдніх дадзеных ураджайнасць у ААТ «Гарадзілава» склала 86,7 цэнтнераў збожжа з гектара, у аграфірмы «Лебедзева» — 52,3, на Маладзечанскай сортавыпрабавальнай станцыі – 48,6, ААТ «Селеўцы» — 47,4, ААТ «Палачаны» — 45,6, СУП «Яхімоўшчына-Агра» — 44 цэнтнера з гектара.
У тройцы лідэраў па намалоце ААТ «Гарадзілава», ААТ «Палачаны» і аграфірма «Лебедзева».
У раёне перавыкананы план па рэалізацыі збожжа ў лік дзяржзаказу.
Сакрэты поспеху«Гарадзілава»
«Тысячнікі» на жніве — адметная рыса ААТ «Гарадзілава». Прычым тысячы тон збожжа ёсць на рахунку як камбайнавых экіпажаў, так і тых, хто перавозіць каштоўны груз з палёў на зернесушыльныя комплексы. Сакрэтамі поспеху падзяліўся дырэктар гаспадаркі Дзмітрый Грамовіч.
— З кожным годам гаспадарка прыбаўляе ва ўраджаі, — гаворыць кіраўнік. – Эфектыўна працуюць агранамічная, інжынерная службы. Аснова высокіх дасягненняў – зладжаны калектыў. Стаўка робіцца менавіта на чалавека. У выніку ўсе работнікі працуюць з поўнай аддачай.
Субяседнік паведаміў, што сёлета на жніве было задзейнічана шэсць камбайнавых экіпажаў. Адначасова з уборачнай выконвалася іншая работа. Закладваліся асновы будучага ўраджаю.
— Стаўка на рапс цалкам апраўданая, — падкрэсліў Дзмітрый Грамовіч. – Вырошчванне гэтай сельскагаспадарчай культуры рэнтабельнае. Як вынік, умацоўваецца матэрыяльная база гаспадаркі, людзі атрымліваюць добрую зарплату.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.