Перш чым узяцца за гэты рэпартаж, прагледзеў падшыўкі газеты за некалькі апошніх гадоў. Аказваецца, жніво ў гэты час у раёне было ў самым разгары. Летась, да прыкладу, на гэтую дату збожжавыя і зернебабовыя ўбралі на 40% плошчаў. А ў некаторых гаспадарках нават за «экватар» перасягнулі. Іншая справа сёлета: камбайны хаця і паспрабавалі «на зуб» рапс, ячмень, але да нядаўняй пары працавалі напаўсілы – перашкаджалі дажджы. Ды і колас далёка не ўсюды наліўся спеласцю.
Людзі вопытныя ў паніку не ўпадаюць – прырода ніколі не песціла вяскоўцаў. Не замочыць, дык засушыць, не пакруціць, дык прыб’е… Але не было такога, каб хлеб застаўся ў полі. Тым больш пры такой тэхніцы, сіле такой!
– З-за халоднай вясны і дажджлівага лета тэрміны ўборкі сёлета зрушыліся на два тыдні, – ужо ў аўтобусе абмаляваў сітуацыю старшыня райвыканкама Аляксандр Яхнавец. – Жніво абавязкова «сутыкнецца» з сяўбой азімых. Значыць, работы неабходна праводзіць у комплексе: убіраць збожжавыя, вызваляць палеткі ад саломы і рыхтаваць глебу для пасяўных агрэгатаў. Перакананы, што гэта нам пад сілу. Ёсць кадры, тэхніка, вырашыцца праблема з паступленнем паліва. Галоўнае цяпер – арганізаванасць, адказнасць, клопаты пра людзей, іх здароўе і жыццё. Выязное пасяджэнне выканаўчага камітэта – апошняя праверка перад галоўнай сельскагаспадарчай кампаніяй года.
На гэты раз маршрут ахопліваў гаспадаркі паўднёва-заходняй зоны – акцыянерныя таварыствы «Палачаны», «Гарадзілава», «Заскавічы», філіял «Маркава» ААТ «Маладзечанскі райаграсэрвіс», аграфірму «Лебедзева», якія штогод пастаўляюць ці не палову сабранага збожжа ў агульнараённы каравай. Кіраўнікі згаданых гаспадарак у час руху і пры наведванні мехстанаў «раскрывалі свае карты» — нехта разлічвае на вопыт і зладжанасць камбайнавых экіпажаў, нехта – на матэрыяльныя і маральныя стымулы, нехта – на дапамогу галаўной арганізацыі… А ўсе разам на тое, што жнівень падорыць некалькі тыдняў адносна спрыяльнага надвор’я. Столькі сіл і сродкаў уклалі вяскоўцы ў хлебную ніву!
Падвесці рысу пад убачаным, пачутым і асэнсаваным удзельнікі выязнога пасяджэння райвыканкама вырашылі ў філіяле Аграфірма «Лебедзева» РУП «Мінскэнерга». Першы намеснік кіраўніка вертыкалі, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Мікалай Каткавец паглыбіў усіх у тэму. Так, уборачныя плошчы складаюць сёлета 18438 гектараў, для ўнутраных і дзяржаўных патрэб неабходна сабраць больш за 72 тысячы тон збожжа.
На хлебную ніву раёна адначасова выйдзе 91 збожжаўборачны камбайн, што дазволіць пры спрыяльных умовах надвор’я правесці ўборку максімум за дваццаць рабочых дзён (нагрузка на агрэгат складае 203 гектары). Для перавозкі збожжа з поля на ток будуць задзейнічаны амаль 100 аўтамабіляў, для сушкі і дапрацоўкі – 32 збожжасушыльныя комплексы. Пры неабходнасці практычную дапамогу ў аператыўным ухіленні паломак тэхнікі акажуць дзве мабільныя рамонтныя брыгады ААТ «Маладзечанскі райаграсэрвіс».
Начальнік райсельгасхарчу закрануў у сваёй інфармацыі галоўныя звёны жнівеньска-вераснёвых работ на грамадскіх палетках – ад арганізацыйна-тэхналагічных да сацыяльных. У сельгасарганізацыях, паведаміў М. Каткавец, распрацаваны і даведзены да кожнага дзённыя заданні, умовы спаборніцтва і аплаты працы з улікам аб’ёмаў і якасці работ. Першарадная ўвага ўжо цяпер надаецца ашчаднаму расходаванню гаруча-змазачных матэрыялаў. Работнікі, занятыя на ўборцы і сяўбе, будуць забяспечаны гарачым харчаваннем, медабслугоўваннем і належнымі бытавымі ўмовамі. Ніякіх сланцаў, шортаў і капелюшоў – толькі спецвопратка і спецабутак, сродкі індывідуальнай абароны. Жніво – звычайная работа, а не бітва за ўраджай, якая без ахвяр не абыходзіцца.
Сваю «дзялянку» на хлебнай ніве будзем мець і мы, работнікі мясцовых СМІ. Рашэннем раённага выканаўчага камітэта прадугледжваецца арганізаваць рэгулярнае асвятленне ходу ўборкі ўраджаю 2017 года ў сродках масавай інфармацыі. Прычым як падкрэсліў старшыня райвыканкама Аляксандр Яхнавец, дапамагаць трэба не толькі прапагандай перадавога вопыту, але і абгрунтаванай крытыкай, наведвацца не толькі ў прыгарадныя гаспадаркі, але і ў самыя аддаленыя.
Па праўдзе кажучы, журналісты лёгкія на пад’ём. Ведаюць, дзе расце хлеб і якім потам, якімі намаганнямі здабываецца. Будзем лічыць гэты рэпартаж пачаткам нашай вахты на жніве. Адлік пайшоў!
Фота: Аляксей ПЛАТКО.