З вадзіцелем 10-тоннага МАЗа Іванам Язеўскім нам удалося пагаварыць некалькі хвілін. Ён чакаў, пакуль бункер камбайна напоўніцца збожжам, каб вывезці каштоўны груз з поля.
— Гэта маё пятнаццатае жніво, — гаворыць вадзіцель. — Раней не раз пераадольваў тысячны рубеж у перавозцы збожжа. Спадзяюся, традыцыя прадоўжыцца і сёлета. Настрой добры. Галоўнае, каб не падвяло надвор’е.
Хлебароб адзначыў, што працаваць ад цямна да цямна для яго не праблема. Ён прывык уставаць рана. Гарачыя абеды і падвячоркі работнікам прывозяць прама на поле.
Разам з дзядулем выехаў у рэйс унук Елісей. Хлопчык жыве ў Мінску. У наш раён прыехаў на канікулы. Цяпер ён будзе яшчэ больш паважаць працу хлебаробаў, бо асабіста ўбачыў, як цяжка даецца хлеб. Юны жыхар сталіцы абавязкова падзеліцца ўражаннямі з аднакласнікамі.
Накіроўваюся да пажарнай машыны. Яна дзяжурыць на ўскрайку поля. Яўгеній Матусевіч, вадзіцель спецтэхнікі, у любы момант гатоў выехаць да месца ўзгарання.
— Мая задача – уратаваць ад агню тэхніку і ўраджай, — гаворыць Яўгеній. — На поле прыязджаю першым і пакідаю яго апошнім. Што рабіць у выпадку ўзгарання, ведаю. Напярэдадні жніва прайшоў стажыроўку ў ратавальнікаў. Пажарны ЗІЛ мае адпаведнае абсталяванне. Запас вады ў ім – 2,5 тоны.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.