Першая кропка на маршруце – ААТ «Усход – Агра». У гэтай гаспадарцы вызначыліся вадзіцелі 20-тонных МАЗаў Юрый Раманоўскі і Леанід Пшэннік. Вынікі працы ў сяброў і калег амаль роўныя. Пры гэтым яны спецыяльна не спаборнічаюць паміж сабой, проста выконваюць свае абавязкі.
Ушаноўванне праходзіла прама на полі. Недалёка працавалі камбайны. Калі бункеры напоўніліся, вадзіцелі паспяшаліся па каштоўны груз.
Чарговы дыплом і падарункі атрымаў работнік ААТ «Заскавічы» Сяргей Монід. Цырымонія віншавання была кароткая. Сяргей Пятровіч падзякаваў за ацэнку сваёй працы. Ён расказаў, што ў гаспадарцы ўжо 42 гады. Зрадніўся з гэтай зямлёй, палюбіў яе ўсёй душой. Цяпер хлебароб перадае свае веды і вопыт маладым спецыялістам.
— Працаваць на зямлі прыемна і пачэсна. А сапраўдная ўзнагарода за працу – шчодры хлебны каравай, які атрымае гаспадарка, — зазначыў Сяргей Монід.
Ушанаванне вадзіцеляў Аграфірмы «Лебедзева» РУП «Мінскэнерга» Івана Язеўскага і Андрэя Калачыка праходзіла ля зернесушыльнага комплексу. Менавіта гэты аб’ект стаў для перадавікоў на час жніва канчатковай кропкай маршрутаў з палёў. Менавіта тут кожны з іх пакінуў сваю «тысячу». Хлебаробы ўпэўнены, што перавязуць яшчэ не адну сотню тон збожжа новага ўраджаю.
У адрас Івана Андрэевіча і Андрэя Арсеньевіча прагучалі шчырыя словы падзякі за самаадданую працу.
Віншавальны марафон у гонар герояў жніва прадоўжыцца.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.