Выканаў заданне — адправіў відэасправаздачу
— Наш участак абслугоўвае больш за 300 дамоў, у тым ліку 7 інтэрнатаў, — паведаміў начальнік ЖРЭУ Сяргей Аноп. – Мы адказваем амаль за 15 тысяч кватэр. Спецыялісты праводзяць планавыя агляды жыллёвага фонду, што стаіць на балансе і абслугоўванні ЖРЭУ, займаюцца рамонтам і добраўпарадкаваннем, выконваюць платныя заяўкі жыхароў.
Сяргей Аляксандравіч адзначыў, што жыллёва-камунальная гаспадарка пастаянна развіваецца. Укараняюцца новыя метады работы. Так, на ўчастку з’явілася такая спецыяльнасць, як хаус-майстар. Добра сябе паказала адзіная дыспетчарская служба 115. Выкананне некаторых заявак, якія паступаюць на гэты нумар, кантралюецца з дапамогай фота- і відэафіксацыі.
— Найбольш часта людзі звяртаюцца ў камунальную службу з просьбамі наладзіць сістэму водазабеспячэння, каналізацыі або ліквідаваць працяканне даху. Усе заяўкі фіксуюцца, бяруцца на кантроль. На месца накіроўваюцца спецыялісты. Стаўка робіцца на якасць і аператыўнасць выканання работ, — падкрэсліў Сяргей Аноп.
Слесар-сантэхнік, ветэран працы
Працоўны стаж Аляксандра Лашука ў ЖРЭУ №3 складае сорак гадоў. Пры гэтым спецыяліст пастаянна павышае сваю кваліфікацыю і вучыць сакрэтам майстэрства маладых работнікаў.
— За чатыры дзесяцігоддзі многія віды сантэхнічнага абсталявання сталі вырабляцца з пластыку, іншых матэрыялаў, — гаворыць субяседнік. – Сантэхніка набыла сучасны дызайн. Усё гэта я і мае калегі павінны ўлічваць. Жыхары давяраюць нам рамонт і наладку сістэм водазабеспячэння і каналізацыі, таму падвесці людзей нельга.
Слеса-сантэхнік Аляксандр Лашук, хаус-майстар Аляксей Багданёнак.
Рабочы дзень Аляксандра Іванавіча пачынаецца з планёркі, у час якой майстар дае яму і іншым спецыялістам зменнае заданне. Потым яны абыходзяць жылы сектар. Некаторыя жыхары сустракаюць камунальнага работніка ветліва, некаторыя — з прэтэнзіямі. Спецыяліст абавязкова выслухае кожнага. Галоўнае для яго – выканаць работу якасна, каб людзі былі задаволены.
Майстар на ўсе рукі
Хаус-майстар Аляксей Багданёнак – універсальны спецыяліст. Ён і электраманцёр, і слесар-сантэхнік, і цясляр, і маляр, і страхар. Работнік абслугоўвае каля тысячы кватэр.
— Новую спецыяльнасць асвоіў два гады таму, — расказаў Аляксей Валянцінавіч. – Нагрузка пасля гэтага павялічылася, але працаваць стала больш цікава. Я для жыхароў як сямейны ўрач. Калі ў кватэры або пад’ездзе нешта здараецца, абавязкова аператыўна адрэагую, акажу першую кваліфікаваную дапамогу. Таксама выконваю планавыя агляды для недапушчэння аварый і паломак.
Па меркаванні субяседніка, жыхары пасля ўвядзення спецыяльнасці хаус-майстра толькі выйгралі — павысілася мабільнасць аказання жыллёва-камунальных паслуг. Дэвіз спецыяліста: «Прыйсці, убачыць, выправіць».
Я ў электрыкі пайшоў
Электрыка Аляксея Калюту ведаюць жыхары многіх дамоў, якія абслугоўвае ЖРЭУ. Спецыяліст адказвае за электраабсталяванне, ліквідуе непаладкі, наладжвае асвятленне пад’ездаў і дваровых тэрыторый. Па гэтай спецыяльнасці субяседнік працуе вось ужо 20 гадоў.
— У апошні час шмат увагі надаецца эканоміі электраэнергіі, — зазначыў Аляксей Пятровіч. – У жылым сектары і арганізацыях прымяняецца ўсё больш свяцільняў на святлодыёдах. Адбываецца замена электрычнага абсталявання. Я разам з калегамі дапамагаю людзям асвоіць новыя тэхналогіі. Карысць ад гэтага агульная.
Электрык Аляксей Калюта.
За шматгадовую добрасумленную працу Аляксей Багданёнак узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства ЖКГ Рэспублікі Беларусь «Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі». Аляксею Калюту аб’яўлена падзяка міністэрства.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.