Тут каштоўная прадукцыя прымаецца, даводзіцца да патрэбнай кандыцыі, захоўваецца і перапрацоўваецца. Прадпрыемства з’яўляецца важным звяном у хлебным канвееры Міншчыны і Беларусі ў цэлым.
— У перыяд уборачнай прыём ураджаю вядзецца кругласутачна, — падкрэсліў дырэктар прадпрыемства Сяргей Уклейка. — Калектыў дастойна спраўляецца з пастаўленымі задачамі. Тэхніка разгружаецца без затрымкі. Радуе, што аграрыі Маладзечаншчыны адны з першых у цэнтральным рэгіёне выканалі дзяржзаказ па здачы збожжа. Адбылося гэта дзякуючы добрай арганізацыі жніва і эфектыўнай падрыхтоўцы да кампаніі.
Як адзначыла намеснік дырэктара камбіната па якасці начальнік вытворча-тэхнічнай лабараторыі Алена Пясецкая, у разгар уборачнай камбінат прымаў за дзень звыш 2000 тон збожжа. Ураджай падвозіўся на велікагрузных аўтамабілях, у тым ліку 40-тонных самазвалах. Праводзіўся лабараторны аналіз кожнай паступіўшай партыі.
— Якасць пшаніцы новага ўраджаю нас радуе, — гаворыць Алена Уладзіміраўна. — Утрыманне клейкавіны дасягае 29,2 працэнта. Гэта значыць, падкормка раслін была праведзена правільна і ў патрэбныя тэрміны. Ды і надвор’е сёлета было спрыяльным. Таксама задавальняе натурная вага збожжа. Гэты паказчык характарызуе форму зярнят, іх велічыню, удзельную вагу, вільготнасць, утрыманне прымесяў і г.д.
Выконваюцца нарматывы і па іншых сельскагаспадарчых культурах.
Субяседніца падкрэсліла, што гаспадаркам эканамічна выгадна здаваць збожжа, якое адпавядае зададзеным нарматывам. Калі партыю патрабуецца дасушваць ці дадаткова ачышчаць, цана зерня змяншаецца. А вось за якасную прадукцыю прадугледжаныя надбаўкі.
— Лабараторыя камбіната хлебапрадуктаў цалкам абсталяваная для правядзення ўсіх патрэбных аналізаў. Так, новы аналізатар вызначае колькасць і якасць клейкавіны ўсяго за 1,5 мінуты (раней – гадзіна). Немалаважна і тое, што тэхніку аб-
слугоўваюць высакакласныя спецыялісты. Іх прафесіяналізм – залог харчовай бяспекі жыхароў раёна, вобласці, краіны, — зазначыла Алена Пясецкая.
На камбінаце хлебапрадуктаў — новы кіраўнік Сяргей Уклейка ўзначаліў калектыў Маладзечанскага камбіната хлебапрадуктаў 7 жніўня.
Сваю працоўную дзейнасць Сяргей Уладзіміравіч пачаў брыгадзірам трактарнай брыгады ў саўгасе «Гвардыя» Барысаўскага раёна. Працаваў ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі Барысаўскага райвыканкама, потым – на Барысаўскім камбінаце хлебапрадуктаў. Новы кіраўнік закончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэ-
мію і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Галоўнае ў стылі кіравання дырэктара – парадак на вытворчасці, строгае выкананне працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны.
— З работай Маладзечанскага прадпрыемства быў знаёмы раней, спецыфіку яго дзейнасці добра ведаю, — адзначыў Сяргей Уклейка. — На камбінаце працуюць добрыя спецыялісты, здольныя выканаць нават самыя складаныя задачы. Дзякуючы ім Маладзечанскі КХП можа стаць флагманам сярод профільных вытворчасцей у Беларусі.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.