-- Мы арандавалі асобны будынак у Мінскага аблспажыўсаюза, -- расказвае Сяргей. -- Гэта памяшканне плошчай звыш ста квадратных метраў. Цана аднаго «квадрата» практычна не павялічылася за час, які мы працуем. Складанага рамонту будынак не патрабаваў, хіба толькі падтрымліваем яго ў належным стане.
Індывідуальнае прадпрымальніцтва аформілі на Алену, яна ў магазіне прадавец. Сяргей, як сам сябе называе, яе права рука. Ён унікае ў асартымент, займаецца пастаўкамі, прывозіць тавар.
У развіццё сваёй справы сямейная пара ўкладвае выключна ўласныя зберажэнні. У гандаль Сяргей з Аленай прыйшлі з іншых прафесій: ён -- вадзіцель, яна -- цырульнік.
-- На сваім вопыце мы пераканаліся, што ў нашай краіне можна развівацца ў любым напрамку, галоўнае -- жаданне, -- працягвае субяседнік. -- Разам з жонкай навучаліся ў працэсе арганізацыі сваёй справы і набівалі шышкі. Прайшлі ўсе неабходныя інстанцыі. Канешне, спачатку нам было нясмела, і людзі з недаверам глядзелі, думалі, што цэны будуць вышэйшыя, чым у горадзе. Прадуктовая група тавараў асабліва адказная. Яна абмежаваная тэрмінамі годнасці. Пачыналі з невялікіх партый, каб вывучыць спажывецкі попыт.
Крыху больш чым праз паўгода сямейная пара выйшла, як кажуць, «у нуль», і пайшоў прыбытак. Сяргей і Алена супрацоўнічаюць з «прамымі» пастаўшчыкамі.
-- Цэны ў нас іншым разам ніжэйшыя за гарадскія, напрыклад, на сельгаспрадукцыю. Бульбу яшчэ і сам прывязу да адрасата, – усміхаецца Сяргей. -- Вяскоўцы вельмі ўніклівыя, многія цікавяцца цэнаўтварэннем. У нас усе дакументы адкрытыя, тлумачым, калі ўзнікаюць пытанні.
У магазіне ёсць не толькі прадукты, у тым ліку мясныя і рыбныя, але і шматлікія спадарожныя тавары.
-- Завозім і канцылярыю, і касметыку... Не ехаць жа вяскоўцам у горад па аловак, шампунь або лямпачку, -- заўважае Сяргей. -- Я заўсёды быў перакананы, што ў маёй вёсцы павінен быць магазін. У нас шмат моладзі, людзей актыўнага ўзросту да 40 гадоў, ды і пенсіянерам трэба ствараць належныя ўмовы.
Сяргей увогуле хварэе за родную Відзеўшчыну, заўсёды дапамагае, праяўляе ініцыятыву, той жа снег на вясковых дарогах на сваім трактары чысціць, за што яму вельмі ўдзячная старшыня Красненскага сельвыканкама Валянціна Кісель.
Ён расказвае, што на простае жыццё яго сям’і хапае. Маўляў грошы ў матрац яны не складваюць, удасканальваюць уласную справу. У Відзеўшчыне Сяргей і Алена купілі дом. Галава сям’і вельмі рады, што жонцы таксама падабаецца вясковы лад жыцця. Іх дачка Дар’я вучыцца на лагіста ў Мінску. Сын Яўгеній першакласнік Красненскай школы. У Відзеўшчыне жывуць і бацькі Сяргея. І яны, і яго сям’я трымаюць гаспадарку, дапамагаюць адзін аднаму.
-- А па суседстве ва Уланаўшчыне набыла сабе дачу і мая цешча, -- дзеліцца вясковец. -- У нас увогуле шмат дачнікаў -- з Маладзечна і з Мінска прыязджаюць. Асабліва іх шмат у цёплы сезон. Таксама ў магазін да нас прыходзяць, абслугоўваннем задаволеныя. Нашымі паслугамі карыстаюцца і жыхары суседніх вёсак, нават тых, дзе ёсць гандлёвыя аб’екты альбо абслугоўваюць аўтакрамы. Значыць, мы на правільным шляху, і ў нас ёсць сэнс далей будаваць бізнес.
Ірына РАБУШКА.
Фота: архіў СЯМ’І САРОКА.