Новости Молодечно и Молодечненского района

З неба бачныя ўсе хібы

  • 2021-11-02 09:01:39
  • Алег Бяганскі

Як паведаміў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслаў Чарноў, назіранне з самалёта дазваляе за кароткі час дэталёва абследаваць вялікую тэрыторыю. У выніку эканомяцца сродкі, а карціна атрымліваецца больш поўнай.

У час аблётаў звяртаецца ўвага на стан тэрыторыі жывёлагадоўчых ферм, мехдвароў, іншых сельскагаспадарчых і прамысловых аб’ектаў.

Кантралюецца мэтавае выкарыстанне зямлі. Выяўляюцца факты парушэння прыродаахоўнага заканадаўства.

Так, нядаўна з самалёта было заўважана, што з незаконнага кар’ера вядзецца здабыча пясчанай сумесі. Знайсці вінаватых было няцяжка. Яны панеслі заслужанае пакаранне.

Уладзіслаў Чарноў нагадаў, што другасныя матэрыяльныя рэсурсы (металалом, макулатура і іншыя) павінны паступаць на перапрацоўку, а не ляжаць незапатрабаванымі на прадпрыемствах і ў арганізацыях. А небяспечныя адходы абавязкова трэба ўтылізаваць належным чынам. Многія хібы ў гаспадарчай дзейнасці можна выявіць якраз у час аблётаў тэрыторый.

— Інфармацыя, атрыманая ў час авіяманіторынгаў, аналізуецца, на яе падставе прымаюцца адпаведныя меры. Кантроль за станам навакольнага асяроддзя з дапамогай авіяцыі будзе прадоўжаны, – падкрэсліў эколаг.

Увага! Пра факты парушэння прыродаахоўнага заканадаўства можна паведамляць у райінспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя па тэлефоне 8-029-870-44-70 (Viber).

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.