Новости Молодечно и Молодечненского района

Якасць высокая, тэрміны аптымальныя

  • 2018-06-06 09:25:11
  • Алег Бяганскі

— За змену ўбіраю да 400 тон зялёнай масы, — гаворыць механізатар Сяргей Кавалевіч. – Працую ўвесь светлавы дзень, цаню кожную хвіліну. Машыны пад загрузку падаюцца пастаянна. Надвор’е спрыяе тэмпам.

Субяседнік падкрэсліў, што работа арганізавана выдатна. Механізатары забяспечаны гарачым харчаваннем. Тэхніка не падводзіць. Ды і травастой радуе.

Па словах кіраўніка сельскагаспадарчага філіяла Васілія Буракоўскага, гаспадарка ўжо завяршае першы ўкос. Застаўся яшчэ ўчастак ля Ушы. Акрамя таго, работнікі дапамагаюць нарыхтоўваць кармы калегам з ААТ «Заскавічы». Усяго маркаўцы плануюць нарыхтаваць звыш 4 тысяч тон сянажнай масы.

— У час падрыхтоўкі да касавіцы быў улічаны вопыт мінулых гадоў, адпаведным чынам падрыхтавана тэхніка, — падкрэсліў Васілій Міхайлавіч. – У гаспадарцы сфарміраваны спецыяльны кормаўборачны мехатрад. У выніку нарыхтоўка вядзецца згодна з планам. Асаблівая ўвага надаецца тэхналогіі закладкі сенажу. Так, тэмпература зялёнай масы пры закладцы складае да 30 градусаў, вільготнасць – ад 50 да 60 працэнтаў. Добра арганізавана трамбоўка. Дзякуючы гэтаму якасць корму выдатная. Такім чынам, на стойлавы перыяд закладваецца неблагая кармавая база з багатых бялком бабовых, злакаў, а таксама разнатраўя.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.