Не люблю дабірацца ў Мінск альбо назад у Маладзечна маршрутнымі мікрааўтобусамі. Дакладней, асцерагаюся. Хаця хутка, хаця і па цане не так ужо і дорага. Уся прычына ў тым, што вадзіцелі літаральна забываюць (альбо не памятаюць), што вязуць людзей, пасажыраў, а не дровы – нярэдка парушаюць хуткасны рэжым, не звяртаюць увагі на патрабаванні знакаў, якія рэгулююць дарожны рух, размаўляюць за рулём па мабільным тэлефоне…
І няма ніякай розніцы, летам альбо зімой яны на маршруце, белым днём альбо цёмным вечарам. Прыклады? Калі ласка, апошні.
Нядзеля, 4 снежня 2016 года. Разам з жонкай садзімся ў маршрутку на «Дружнай». Вадзіцель бярэ грошы, працягвае білеты – усё нармальна. Гэтак жа выязджаем за горад. Літаральна ад Ждановіч да Заслаўя наш вадзіцель не выпускае з рук мабільнік. Зноў прыкладвае яго да вуха за «Лініяй Сталіна». Перапынак у «перагаворах» робіць перад Радашковічамі. Яшчэ раз бярэ трубку бліжэй да Краснага… Не раўнуючы, нейкі вялікі начальнік, без якога ўсе справы ўраз спыняцца. Альбо, нарэшце, дыспетчар.
Абмежавальныя знакі на дарозе, падаецца, таксама не для яго. Прытарможвае хіба толькі там, дзе вядзецца фотафіксацыя хуткаснага рэжыму. Затое апярэджвае іншыя аўтамабілі на паласе разгону і па правай крайняй паласе: у Радашковічах, перад Красоўшчынай, у Красным…
За нейкія 75 кіламетраў паміж Мінскам і Маладзечнам – цэлы букет парушэнняў ПДР. Іх хапіла б не тое што на штраф, але на самыя сур’ёзныя санкцыі.
Я наўмысна не называю час адпраўлення і нумар «маршруткі» (хаця і білеты захаваў, і сведкі ёсць). Як і яе ўладальніка. Гэта рэпліка стане афіцыйным запытам да перавозчыка: наколькі адказна працуе адміністрацыя з вадзіцелямі? Няўжо, не дай бог, трэба чакаць бяды, каб убіць у галаву апошнім, што ім даверана здароўе, а то і само жыццё людзей, а не дастаўка дроў з пункта «А» ў пункт «Б»?
P.S. Хацеў бы ведаць рэакцыю нашых чытачоў: можа, я згушчаю фарбы? Можа, толькі мне трапляюцца такія вадзіцелі? Можа, так і трэба ездзіць: па ўчарашніх дарогах на сённяшніх аўтамабілях і з заўтрашняй хуткасцю?
Чакаю вашых водгукаў.
З павагай, і вадзіцель, і пасажыр Аляксандр ЛАЗОЎСКІ.
Фото в качестве иллюстрации.