У Маладзечне на базе УП «Камунальнік» прайшлі спаборніцтвы вадзіцеляў смеццявозаў. Свае ўменні і навыкі паказвалі прадстаўнікі 13 камунальных арганізацый Міншчыны. Удзельнікі змагаліся за званне «Майстар Мінскай вобласці-2019» па прафесіі «вадзіцель аўтамабіля-смеццявоза па вывазе цвёрдых камунальных адходаў».
Спаборніцтвы былі надзвычай відовішчнымі, і гэта не дзіўна. Кіраваць смеццявозам складана. Габарыты ў машыны вялікія. Кіраванне патрабуе высокага майстэрства і дакладнасці дзеянняў. Інакш нельга, бо ў дварах шматкватэрных дамоў мноства аўтамабіляў. Прычым некаторыя транспартныя сродкі прыпаркаваныя няправільна і іх трэба аб’язджаць.
Арганізатары прадугледзелі два этапы спаборніцтваў. На першым, тэарэтычным, удзельнікі адказвалі на пытанні па правілах дарожнага руху, ахове працы, аказанні першай медыцынскай дапамогі. У час практычнага этапу яны выконвалі заданні «Планка», «Пагрузка і разгрузка кантэйнера», «Змейка» на спецаўтамабілі МАЗ УП «Камунальнік». Час у вадзіцеляў быў абмежаваны. Галоўным для іх было не нарабіць памылак. За выкананнем правілаў сачыла строгая судзейская калегія.
— За змену перавожу цвёрдыя камунальныя адходы прыкладна са ста кантэйнераў, — гаворыць удзельнік конкурсу вадзіцель Маладзечанскага «Камунальніка» Андрэй Посах. – Абслугоўваю Маладзечна, Вязынку, Радашковічы. Працую ў пары з грузчыкам.
Субяседнік адзначыў, што не ўсе жыхары горада і раёна з разуменнем ставяцца да работы камунальных службаў. Некаторыя сваімі транспартнымі сродкамі перакрываюць праезд да кантэйнераў. Часам праблемна даведацца нумары тэлефонаў такіх людзей, каб яны адагналі аўто. У такіх выпадках манеўраваць неабходна вельмі акуратна, каб не пашкодзіць чужую маёмасць і пры гэтым вывезці смецце.
Як падкрэсліў дырэктар УП «Камунальнік» Мікалай Наздрын-Платніцкі, такія спаборніцтвы дапамагаюць спецыялістам абмяняцца вопытам, пераняць лепшыя прыёмы работы, падкрэсліваюць важнасць прафесіі вадзіцеля смеццявоза. Да мерапрыемства маладзечанцы рыхтаваліся з усёй адказнасцю, каб правесці яго на высокім узроўні. І гэта ў нашых камунальнікаў атрымалася.
Пераможцам спаборніцтваў стаў Андрэй Посах. Другое і трэцяе месцы занялі адпаведна Анатолій Мончак з ДУП «Вілейская ЖКГ» і Юрый Загавалка, які працуе на ДП «ЭкаСпецТранс» у Заслаўі.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.