Новости Молодечно и Молодечненского района

Вырошчваць свірэпіцу выгадна

  • 2021-07-20 07:10:24
  • Алег Бяганскі

— Пад свірэпіцу ў «Селеўцах» было адведзена 26 гектараў, — гаворыць кіраўнік гаспадаркі Уладзімір Карась. – Убіралі яе на камбайнах «Палессе» два экіпажы ў складзе Яўгенія Александровіча і Дзмітрыя Жука, а таксама Паўла Александровіча і Аляксандра Барадакі. Уборка была праведзена хутка і якасна.

Субяседнік падкрэсліў, што камбайнеры намалацілі 44 тоны збожжа ў свірнавай вазе. Ураджайнасць склала амаль 17 цэнтнераў з гектара (пры сярэдняй ураджайнасці па Беларусі 9,2 цэнтнера). Невялікая вільготнасць збожжа (каля 7,4 працэнта) дазволіла адправіць яго на рэалізацыю без дасушвання. У выніку былі сэканомлены немалыя грошы. Усяго гаспадарка выручыла ад азімай свірэпіцы каля 40 тысяч рублёў.

— На гэтыя грошы набылі спецадзенне для работнікаў, пячное паліва для збожжасушыльнага комплексу, дызельнае паліва для сельгастэхнікі, — адзначыў Уладзімір Уладзіміравіч. – Немалаважна і тое, што былі правераны ў справе збожжаўборачныя камбайны. Такім чынам, зроблены значны зачын на далейшую ўборачную кампанію. Кіраўнік гаспадаркі зазначыў, што вырошчваць азімую свірэпіцу вельмі выгадна. Так, кошт насення для засеву аднаго гектара культуры абышоўся «Селеўцам» прыкладна ў 10 рублёў, што ў восем разоў менш за аналагічныя выдаткі на гектар азімага рапсу. У такой жа прапорцыі эканомяцца азотныя ўгнаенні, сродкі аховы раслін і г.д. Пры гэтым сама культура непатрабавальная да глебы і можа вырошчвацца практычна ва ўсіх гаспадарках Маладзечаншчыны.

Уладзімір Карась закрануў і тэму далейшага правядзення ўборачнай. Ён падкрэсліў, што на стан азімых негатыўна паўплывала зацяжная зіма. З-за спякоты расліны хутка губляюць вільгаць. Гэта таксама можа адбіцца на ўраджайнасці.

Аднак дзякуючы добрай арганізацыі працы, укараненню новых тэхналогій і ўнутраным рэзервам у «Селеўцах» разлічваюць сабраць ураджай не меншы, чым летась.

Трэба адзначыць, што такая ўпэўненасць грунтуецца ў тым ліку на матывацыі работнікаў. Так, усе ўдзельнікі жніва забяспечваюцца харчаваннем за кошт гаспадаркі. Прычым харчуюцца яны ў сталовай у камфортных умовах. Уплывае на вынік і сістэма аплаты працы хлебаробаў.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.